Сьцісла:
- Да пачатку вайны Расеі супраць Украіны афіцыйны Менск на ўзроўні рыторыкі займаў больш радыкальную і агрэсіўную пазыцыю адносна Захаду, чым РФ.
- Вайна, асабліва з Украінай, вельмі непапулярная ў Беларусі.
- Агрэсія Расеі супраць Украіны – гэта ў пэрспэктыве пагроза незалежнасьці Беларусі. Бо Пуцін заявіў пра непрызнаньне вынікаў распаду СССР.
- Вайна моцна спрашчае ўсе адносіны, робіць сытуацыю чорна-белай, без адценьняў. Для Лукашэнкі гэта азначае рэзкае звужэньне поля для манэўру ў дачыненьнях з Крамлём.
- Вайна рэзка абвастрыла праблемы беларускай эканомікі.
Дасюль, да пачатку вайны Расеі супраць Украіны, афіцыйны Менск на ўзроўні рыторыкі займаў больш радыкальную і агрэсіўную пазыцыю адносна Захаду. Слова «мярзотнікі» з вуснаў Лукашэнкі ў адрас палітыкаў суседніх краінаў гучала як дзяжурны эпітэт. Пуцін ці Пяскоў такога сабе не дазвалялі, яны зь непрыхаваным цынізмам называлі іх «нашы заходнія партнэры». Лукашэнка гаварыў тое, чаго зь нейкіх прычын не хацеў гаварыць кіраўнік Расеі, у пэўным сэнсе выконваючы функцыю прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта.
Прычым афіцыйны Менск ня толькі гаварыў, але і шмат што рабіў, каб стварыць праблемы заходнім суседзям: пасадка самалёта з Пратасевічам у менскім аэрапорце, міграцыйны крызіс і інш. І новыя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі таксама ініцыяваў Лукашэнка. Ва ўсялякім разе так ён сьцьвярджаў.
Такая палітычная лінія дазваляла Лукашэнку дэманстраваць ляяльнасьць Пуціну ў абмен на розныя дывідэнды. А таксама помсьціць Захаду.
Аднак ён быў зацікаўлены толькі ў нагнятаньні напружанасьці, існаваньні рэжыму надзвычайнасьці, стварэньні мадэлі крэпасьці ў аблозе, на якую ніхто не нападае. Сапраўднай вайны ён наўрад ці хацеў. Бо гэта вялізны шок для народу, дзяржавы зь непрагназаванымі наступствамі.
Таму поўнамаштабная вайна Расеі з Украінай, тым больш з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі, стала для Лукашэнкі вялікай непрыемнасьцю з шмат якіх прычын.
- 1. Па-першае, вайна, асабліва з Украінай, вельмі непапулярная ў Беларусі. Пра што сьведчаць сацыялягічныя апытаньні. Прычым непапулярная і ў асяродзьдзі прыхільнікаў Лукашэнкі.
- 2. Агрэсія Расеі супраць Украіны – гэта ў пэрспэктыве пагроза незалежнасьці Беларусі. Бо Пуцін заявіў пра непрызнаньне вынікаў распаду СССР. Хто стане наступнай ахвярай РФ пасьля Ўкраіны?
- 3. Як бы Лукашэнка ні ўхіляўся ад удзелу беларускага войска ў гэтай вайне, аднак для сусьветнай супольнасьці застаецца фактам, што Беларусь – адзіны памагаты агрэсару. Яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для нападу на Ўкраіну. Гэта кляймо, ад якога не адмыцца. Яно горшае, чым кляймо дыктатара.
- 4. Знаходжаньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі (колькасьць якіх павялічваецца) азначае страту кантролю Лукашэнкі над краінай, якую ён ужо амаль тры дзесяцігодзьдзі лічыць сваёй прыватнай уласнасьцю. Гэта страта вайсковага сувэрэнітэту. Расейскія генэралы распараджаюцца на беларускай тэрыторыі, як хочуць. Што вельмі дыскамфортна для любога лідэра. Невыпадкова прэзыдэнт Казахстана Такаеў пасьпяшаўся вывесьці войскі з сваёй краіны.
- 5. Вайна моцна спрашчае ўсе адносіны, робіць сытуацыю чорна-белай, без адценьняў. Для Лукашэнкі гэта азначае рэзкае звужэньне поля для манэўру ў дачыненьнях з Крамлём. Магчымасьці ўхіляцца, балянсаваць, капрызьнічаць моцна зьмяншаюцца. Вось, напрыклад, трэба будзе рабіць непрыемны выбар адносна прызнаньня незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР». Вобраз поўнай марыянэткі Пуціна (прычым у момант, калі апошні дэманструе яўную неадэкватнасьць у паводзінах) – гэта яўна ня той фінал палітычнай біяграфіі Лукашэнкі, аб якім ён марыў.
- 6. Канфлікт з Украінай (не на ўзроўні рыторыкі, а рэальны) ня выгадны афіцыйнаму Менску зь любога гледзішча. Возьмем толькі эканамічны аспэкт. Беларусь мае 4,5 мільярда станоўчага сальда ў гандлі з Украінай. Калі гэты гандаль спыніцца, то страты Беларусі будуць большыя, чым ад заходніх санкцый.
- 7. ЗША, Вялікая Брытанія ўвялі новыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі акурат за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Гледзячы па ўсім, тое самае зьбіраецца рабіць ЭЗ. Да таго ж санкцыі супраць Расеі бокам удараюць і па Беларусі.
- 8. Вайна рэзка абвастрыла праблемы беларускай эканомікі. Паляцеў уніз абменны курс рубля. Дэфіцыт валюты ў банках, абменьніках, банкаматах, чэргі могуць быць прадвесьнікам большых праблем і нават некантраляваных працэсаў.
Можна далей пералічваць усе нэгатыўныя наступствы гэтай вайны. Таму Лукашэнка і спрабуе ўхіліцца ад нейкіх тлумачэньняў, спрабуе рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, а падзеі на поўдні беларусаў ніяк ня тычацца. Аднак у інфармацыйную эпоху гэта немагчыма.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.