Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Умоўна незалежная Беларусь. З умоўна самастойным прэзыдэнтам


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Расейскія войскі застаюцца ў Беларусі на няпэўны тэрмін. Многія пасьпяшаліся абвясьціць, што гэта — канец беларускай незалежнасьці. Ці сапраўды так?

І вось настаў дзень, калі беларусы даведаліся: расейцы не сыходзяць, і калі сыдуць — невядома. Што гэта азначае для шараговага беларускага абываталя? Некага надта засмуціць, што ў сяльпоўскіх крамах пад Рэчыцай і Жыткавічамі рэзка вырасьце попыт на гарэлку, а мясцовыя аўтаўладальнікі змогуць па дзяшоўцы запраўляцца «саляркай», зьлітай з расейскіх танкаў? А ў астатнім — якая розьніца? Трэба прыкласьці шмат намаганьняў, каб адрозьніць беларускіх салдатаў ад расейскіх. Ды што салдаты! А чым беларускі генэралітэт надта адрозьніваецца ад расейскага? Што, Хрэніна ці Вальфовіча можна назваць абаронцамі нацыянальных каштоўнасьцяў беларусаў? Беларускімі генэраламі? Вы калі-небудзь чулі ад іх хоць адно беларускае слова? Вы ўпэўненыя, што яны не гатовы хоць сёньня памяняць беларускія мундзіры на расейскія?

Васальная тэрыторыя


Хаўрус беларускай і расейскай аўтакратыяў — нешта накшталт таго, чым была Арганізацыя Варшаўскай дамовы ў 50–80-х гадах мінулага стагодзьдзя. Адно што тады Масква трымала на прывязі ажно шэсьць сваіх васалаў — каб не паўцякалі. А цяпер на расейскім ланцугу — адна Беларусь, больш пакуль нікога прывязаць не ўдаецца.

У адносінах з васальнымі краінамі Усходняй Эўропы Масква прымяняла так званую «брэжнеўскую дактрыну» ці дактрыну «абмежаванага сувэрэнітэту». Гэта значыць, што пры найменшай спробе каго-небудзь з сатэлітаў збочыць з сацыялістычнага шляху Масква пакідала за сабой права ўмешвацца ў іхныя ўнутраныя справы сілавым шляхам. А каб лішні раз ня езьдзіць туды-сюды на танках, гэтыя танкі былі раскватараваныя ў «сацыялістычным лягеры» на пастаяннай аснове — у Польшчы, ГДР, Чэхаславаччыне, Вугоршчыне. Выключэньнем сталі толькі Баўгарыя і Румынія. Баўгарыя была настолькі адданая Маскве, што патрэбы ў савецкіх гарнізонах не было. А што да Румыніі, то тамтэйшы дыктатар Нікаляе Чаўшэску любіў пры кожнай нагодзе падкрэсьліць сваю самастойнасьць: загульваў з Захадам, не дазволіў савецкіх вайсковых базаў на сваёй тэрыторыі і нават адмовіўся падтрымаць задушэньне Праскай вясны ў 1968-м. Гэта не перашкодзіла яму стварыць унутры краіны самы адыёзны ў «сацыялістычным лягеры» (нават на савецкія меркі) дыктатарскі рэжым — зь дзясяткамі тысяч палітзьняволеных, нястрымным культам уласнай асобы і татальнай галечай насельніцтва.

Сёньняшняя Беларусь — гэта нешта накшталт ГДР пачатку 80-х гадоў. Краіна была перапоўненая чужымі войскамі (340 тысяч на тэрыторыі, удвая меншай за Беларусь). Бяз згоды Масквы не прымалася ніводнае значнае палітычнае рашэньне. Унутры дзяржавы лютавала сакрэтная служба — Штазі. У турмах — тысячы палітзьняволеных. Незьмяняльны лідэр Эрых Гонэкер лётаў па інструкцыі ў Маскву не радзей, чым сёньня гэта робіць Лукашэнка. І тым ня менш фармальна краіна лічылася незалежнай.

Ці былі яны тады сувэрэннымі — Баўгарыя, ГДР, Польшча, Чэхаславаччына, Вугоршчына, Румынія?.. Фармальна — так. Фактычна — гэта была незалежнасьць васалаў, «абмежаваны суверэнітэт» пад кантролем Крамля. Вельмі падобны на той, якім валодае цяпер Беларусь.

Усходнеэўрапейскія сацыялістычныя лідэры, выхаваныя ў той сыстэме і ўзьнесеныя ёй жа на вяршыню ўлады, успрымалі гэта, відавочна, як норму. Як успрымае свой новы статус Лукашэнка — вялікае пытаньне. Больш як чвэрць стагодзьдзя ён лявіраваў, балянсаваў, распрацоўваў і рэалізоўваў хітрасплеценыя геапалітычныя схемы. Пэўны час нават лічыўся «донарам бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне». І раптам цяпер у адказ на прынцыповыя пытаньні — ці то наконт вываду расейскіх войскаў, ці то наконт уласнай палітычнай будучыні — яму даводзіцца адказваць прыніжальна і двухсэнсоўна: «Вось мы спачатку з старэйшым братам параімся і вырашым». Можна меркаваць, што гэта для яго магутны ўдар па самалюбстве і амбіцыях.

Што да шараговых беларусаў, то якім чынам зьменіць іхнае існаваньне прысутнасьць расейскіх войскаў, калі і чыноўнікі, і суды, і «сілавікі», і законы — тыя самыя? З расейскімі войскамі ці без, зьмены ў Беларусі могуць адбыцца найперш тады, калі пачне мяняцца сама Расея. У ідэале, вядома, беларускае грамадзтва здольнае само сказаць вырашальнае слова, але ў сёньняшніх умовах татальных палітычных рэпрэсіяў гэта выглядае малаімаверным. Дарэчы, гэтак жа было і амаль ува ўсіх краінах «сацыялістычнага лягеру»: вырашальныя зьмены адбыліся толькі тады, калі аслабла жалезная рука Масквы.

Лёс дыктатараў

Эрыха Гонэкера не ўратавала 340-тысячная групоўка савецкіх войскаў — з усімі ейнымі танкамі і ракетамі. Дыктатар ратаваўся ўцёкамі, нават у Маскве ня ўседзеў — урэшце трапіў пад нямецкі суд і толькі ў апошні год жыцьця, ужо сьмяротна хворы, упрасіў новую ўладу, каб дазволіла правесьці апошнія дні зь сям’ёй у Чылі.

Гэтаксама Нікаляе Чаўшэску не ўратавала ад нянавісьці суайчыньнікаў тое, што ён усякімі хітрыкамі пазьбег прысутнасьці савецкіх войскаў на сваёй тэрыторыі. Ён вельмі баяўся ўмяшаньня Масквы, а загінуў ад рук сваіх колішніх найбліжэйшых паплечнікаў.

Менш драматычныя лёсы напаткалі толькі тых былых камуністычных правадыроў, якія не запэцкалі рукі крывёю і мірна перадалі ўладу сваім народам.

Лукашэнку здаецца, што ён будзе выключэньнем?

Якой бы напаўдзяржавай ні рабілася Беларусь у выніку палітыкі Лукашэнкі, якім бы прыніжальным, васальным, залежным ні рабіўся яе статус — у канчатковым выніку важна толькі тое, каб яна не ператварылася ў шэсьць расейскіх губэрняў, каб захавалася фармальная незалежнасьць, каб Беларусь заставалася суб’ектам міжнароднага права — такім, якім былі колішнія сацыялістычныя краіны Усходняй Эўропы. Бо гэта — падмурак, на якім потым можна адбудоўваць дзяржаву, нават калі яна застанецца амаль разбуранай пасьля ўсіх дыктатарскіх экспэрымэнтаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG