Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ператвараецца ў «містэра Ніхто», ня здольнага кіраваць самастойна


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Маскве 18 лютага
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Маскве 18 лютага

Калі савецкі міністар Грамыка быў «містэрам Не», то беларускага кіраўніка цяпер можна назваць «містэрам Ніхто».

Лукашэнка ператвараецца ў «містэра Ніхто», ня здольнага кіраваць самастойна

Сьцісла:

  • Міністэрства замежных справаў ёсьць, але замежных справаў даўно няма.
  • Калі савецкага міністра замежных справаў Грамыку называлі «містэрам Не», то Макея цяпер можна назваць «містэрам Ніхто».
  • Лукашэнка ўжо не кіруе тым, што адбываецца зь Беларусьсю, не кантралюе працэсаў, якія ідуць вакол краіны.

16 лютага Ўладзімер Макей нечакана і бяз бачнай прычыны склікаў прэсавую канфэрэнцыю, на якой даволі адназначна сказаў важную фразу:

«Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасьля гэтых вучэньняў».

Нагадаем, што здарылася пасьля гэтага. Лукашэнка паехаў у Маскву, дзе «разам з Пуціным» яны вырашылі, што расейскія войскі пасьля вучэньняў пакуль застануцца ў Беларусі.

Спадзяюся, нікому не прыйдзе ў галаву, што Макей выдаў нейкую «адсябечыну», не параіўшыся ў такім стратэгічным пытаньні з Лукашэнкам. Хутчэй за ўсё, выконваў ягоны прамы загад.

Як трапна заўважыў калега Валер Карбалевіч, «прэсавая канфэрэнцыя Макея закліканая была паказаць, што МЗС Беларусі ўсё яшчэ існуе і ў яго ёсьць кіраўнік».

Не атрымалася. Міністэрства ёсьць, але замежных справаў даўно ўжо няма.

Міністэрства ператварылася ў нейкі аддзел адміністрацыі прэзыдэнта ў справах прапаганды і ідэалёгіі.

І калі савецкі міністар Грамыка быў «містэрам Не», то Макея цяпер можна назваць «містэрам Ніхто».

Але ладна Макей. Сам Лукашэнка ператвараецца ў такога незразумелага Ніхто, які на любое пытаньне цяпер адказвае: «Мне трэба параіцца з шэфам»... То бок, «старэйшым братам».

«Ці будуць выведзеныя расейскія войскі пасьля вучэньняў?» — «Выведзем тады, калі вырашым з прэзыдэнтам Расеі гэта зрабіць і калі скончацца тут вучэньні. Гэта мы будзем прымаць рашэньне: гэта наша тэрыторыя».

«Як доўга вы думаеце заставацца прэзыдэнтам?» — пытаецца расейскі журналіст.

«Што тычыцца майго прэзыдэнцтва, то вось мы зараз са старэйшым братам параімся і вырашым. Што вы перажываеце? Усё будзе нармальна», — адказвае Лукашэнка.

Цікава, што беларускія афіцыйныя мэдыя гэтую фразу не рэтрансьлююць. Нехта наверсе, відаць, адчуў, наколькі абразьліва і прыніжальна яна гучыць для «сувэрэннага і самастойнага лідэра». (Але расейскія СМІ са зларадным задавальненьнем яе працытавалі).

Лукашэнка ўжо не кіруе тым, што адбываецца зь Беларусьсю, не кантралюе працэсаў, якія ідуць вакол краіны, — гэта становіцца відавочным для ўсіх удзельнікаў працэсу. Для Захаду, для Крамля, і галоўнае — для грамадзянаў Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG