Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: «Мы назіраем павольную акупацыю тэрыторыі Беларусі і дзяржавы»

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

У сувязі з працягам расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў і эскаляцыяй сытуацыі вакол Украіны міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс выказаўся за ўвядзеньне санкцый супраць Беларусі і Расеі.

«Украіна ўжо знаходзіцца пад атакай. Мы павінны пачаць гаварыць пра санкцыі цяпер, не чакаючы гэтага ваеннага нападу. Нельга забываць і пра сытуацыю ў Беларусі, якая рэзка мяняецца пасьля ўчорашняга дня. Беларусь дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для вайсковых дзеяньняў Расеі, таму мы павінны гэта бачыць і гаварыць пра санкцыі ў тым ліку і супраць беларускага рэжыму», — перадае словы міністра LRT.

Ландсбергіс падкрэсьліў: эканоміка Ўкраіны ўжо сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі празь вялікую колькасьць расейскіх вайскоўцаў ля мяжы, на Кіеў аказваецца вялікі ціск. Дыплямат адзначыў, што захаваньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі пасьля заканчэньня манэўраў мяняе сытуацыю таксама для краін ЭЗ і NATO, асабліва для краін Балтыі і Польшчы.

«Даводзіцца канстатаваць, што мы назіраем марудную акупацыю тэрыторыі Беларусі і дзяржавы», — дадаў ён.

На думку Ландсбергіса, ня трэба чакаць пачатку баявых дзеяньняў для ўвядзеньня санкцый.

«Цяпер мы гаворым так, як быццам чакаем нападу, але ў Расеі ёсьць вялікі арсэнал варыянтаў, якія яна можа зрабіць яшчэ да ваеннага нападу», — сказаў ён.

Аб працягу «праверкі сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы» заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін 20 лютага, у апошні дзень манэўраў «Саюзная рашучасьць – 2022». Паводле яго, такое рашэньне прынялі Пуцін і Лукашэнка ў сувязі з «нарастаньнем вайсковай актыўнасьці ля вонкавых межаў саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG