Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч — 74 дні, Казулін — 53, Лосік — 42. Найгучнейшыя і пасьпяховыя галадоўкі ў гісторыі Беларусі


Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч трынаццаты дзень галадае ў СІЗА на Валадарскага. Ад аўторка мысьляр перайшоў на сухое галадаваньне — перастаў ужываць нават ваду.

Якія яшчэ былі галадоўкі ў гісторыі Беларусі, хто ішоў на такі скрайні крок пратэсту і ці сканчаліся яны пасьпяхова?

Самыя вядомыя галадоўкі

Галадоўкі дэпутатаў (1995 і 2004)

У пачатку 1995 году нядаўна абраны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра ідэю правядзеньня рэфэрэндуму аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай, зьмене дзяржаўных сымбаляў і дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў.

Аднак у той час было мала проста рашэньня прэзыдэнта — прапановы мусіў зацьвердзіць парлямэнт, дзе існавала моцная апазыцыя. 11 красавіка 19 дэпутатаў ад Апазыцыі БНФ абвесьцілі галадоўку, пратэстуючы супраць ініцыятывы Лукашэнкі. Яны пакінулі свае крэслы ў залі і занялі месца пад прэзыдыюмам — зьбіраліся галадаваць у будынку парлямэнту.

У ноч на 12 красавіка дэпутатаў жорстка пабіла служба аховы прэзыдэнта. Нападнікі былі ў масках і з дубінкамі. Галадоўнікаў выводзілі і выносілі з будынку парлямэнту, прапаноўваючы адвезьці ці дадому, ці ў пракуратуру.

Многія экспэрты лічаць менавіта гэтую падзею пачаткам аўтарытарнага кіраваньня ў Беларусі. Дагэтуль рэпрэсіі супраць апанэнтаў улады не былі такімі відавочнымі. Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў так адрэагаваў на падзею: «Ужо ясна, што ў Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе вольных выбараў, зьнікнуць рэшткі свабоды прэсы».

Сваёй мэты дэпутаты не дабіліся — рэфэрэндум быў прызначаны і прайшоў паводле сцэнару Лукашэнкі.

Дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец падчас палітычнай галадоўкі супраць зьменаў Канстытуцыі 2004 году, якія дазволілі Лукашэнку балятавацца на выбарах пажыцьцёва
Дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец падчас палітычнай галадоўкі супраць зьменаў Канстытуцыі 2004 году, якія дазволілі Лукашэнку балятавацца на выбарах пажыцьцёва

Таксама галадавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з парлямэнцкай групы «Рэспубліка» (Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец) у чэрвені 2004 году. Яны дабіваліся дэмакратычных зьменаў у Выбарчы кодэкс. Сваіх мэтаў яны таксама не дабіліся.

Галадоўкі маладафронтаўцаў

У 2005-м сябры «Маладога фронту» ў Жодзіне абвясьцілі галадоўку супраць палітычна матываваных адлічэньняў сяброў арганізацыі з навучальных установаў. Паступова да яе далучыліся і іншыя маладафронтаўцы па ўсёй краіне. Пратэст доўжыўся больш за тры тыдні.

Галадоўка на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам трымаюць чальцы «Маладога фронту»: Мікола Дземідзенка і Яўген Скрабец, Андрэй Цянюта, 2009
Галадоўка на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам трымаюць чальцы «Маладога фронту»: Мікола Дземідзенка і Яўген Скрабец, Андрэй Цянюта, 2009

У 2009-м маладафронтаўцы галадалі 12 дзён у знак салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам. У выніку яны атрымалі абяцаньне ад апазыцыйных палітыкаў, што тыя будуць больш пільна сачыць за справай ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.

Галадоўкі палітыкаў у турме

За кратамі галадаваў былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, які патрабаваў разгляду сытуацыі ў Беларусі Радай Бясьпекі ААН. За 53 дні галадоўкі ён страціў каля 40 кіляграмаў вагі. Пытаньне ставілася ў парадак дня ААН, але яго заблякавала Расея.

Палітвязень Аляксандар Казулін з дочкамі пасьля пахаваньня жонкі Ірыны Казулінай, 2008 год
Палітвязень Аляксандар Казулін з дочкамі пасьля пахаваньня жонкі Ірыны Казулінай, 2008 год

Мікалай Статкевіч галадаў пасьля затрыманьня на Плошчы-2010, ён не прымаў ежы 24 дні, але спыніў пратэст пад пагрозай прымусовага кармленьня.

Сорак дзён у СІЗА галадаў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, які гэтым дамогся паляпшэньня ўмоваў знаходжаньня за кратамі.

Галадоўка «Маці 328» (2018)

У красавіку 2018 года галадоўку абвесьцілі маці асуджаных паводле наркатычнага артыкулу 328 КК. Яны патрабавалі зьмякчэньня адказнасьці паводле гэтага артыкулу, а таксама асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Галадоўка актывістак ініцыятывы “Маці 328” ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну, 22 ліпеня 2020 году
Галадоўка актывістак ініцыятывы “Маці 328” ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну, 22 ліпеня 2020 году

Галадоўка доўжылася 15 дзён, з жанчынамі сустракалася тагачасная кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава, якая абяцала зьмены ў заканадаўстве.

У 2019 годзе Палата прадстаўнікоў прыняла зьмены ў артыкуле 328. Гэта было ня тое, чаго чакалі «Маці 328», але пэўнае паслабленьне ўсё ж настала. Паводле часткі 2 артыкулу «З мэтай збыту» цяпер могуць асудзіць на 3-8 гадоў, раней было на 5-8, гэта значыць зьменшылі ніжнюю планку. А ў частцы 3 «Службовая асоба ці група» замест 8-15 гадоў стала 6-8.

Галадоўка Лосіка (2020)

Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік галадаў у СІЗА цягам 42 дзён. Прычынай галадоўкі стала выстаўленьне Ігару Лосіку новага абвінавачаньня.

Суд над блогерамі і палітыкамі. Уладзімер Цыгановіч, Дзьмітры Папоў, Сяргей Ціханоўскі. Стаяць тварам наперад Ігар Лосік і Сяргей Ціханоўскі. Гомель, 24 чэрвеня 2021
Суд над блогерамі і палітыкамі. Уладзімер Цыгановіч, Дзьмітры Папоў, Сяргей Ціханоўскі. Стаяць тварам наперад Ігар Лосік і Сяргей Ціханоўскі. Гомель, 24 чэрвеня 2021

Ігара Лосіка арыштавалі 25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах. У сярэдзіне сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ігар Банцэр (2021)

Рок-музыку з Горадні ўтрымлівалі пад вартай ад кастрычніка 2020 году. Яго судзілі па артыкуле 339 «Хуліганства». Банцэр зладзіў пэрформанс у выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі. У дзень пачатку суду музыка абвясьціў сухую галадоўку, якую трымаў 17 сутак.

Прычынай назваў тое, што ягоная справа палітычная. Умоваў для спыненьня галадоўкі ня ставіў. Банцара асудзілі на 1,5 года «хіміі» і вызвалілі ў судовай залі. У той дзень музыка спыніў галадоўку.

Ігар Банцэр
Ігар Банцэр

Пасьпяховыя галадоўкі

Валеры Сядоў (1991)

Праваабаронцу, дысыдэнта Валерыя Сядова затрымалі ў траўні 1991 году, яго называлі апошнім палітвязьнем у БССР. Яго арыштавалі за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу 7 лістапада 1990-га. Тады Сядоў залез на помнік Леніну, абматаў яго калючым дротам і прымацаваў крыж.

Валер Сядоў на акцыя салідарнасьці зь палітвязьнямі. Менск, 2011
Валер Сядоў на акцыя салідарнасьці зь палітвязьнямі. Менск, 2011

У СІЗА Сядоў правёў 70 дзён, 32 зь якіх трымаў галадоўку. Яго трымалі ў карцары. Вызваленьня Сядова дамагаліся дэмакратычныя дэпутаты Вярхоўнага Савету. У выніку Сядова вызвалілі пад падпіску, а ў 1992-м крымінальную справу спынілі.

Галадоўка шахтароў (1992)

У 1992 годзе салігорскія шахтары пайшлі на страйк, яны дабіваліся павышэньня заробкаў, сацыяльных гарантый і годных умоваў працы.

Акцыя пратэсту шахтароў, Леанід Мархотка другі зьлева, Менск, 1992
Акцыя пратэсту шахтароў, Леанід Мархотка другі зьлева, Менск, 1992

Гарнякі нават пайшлі на крайнюю меру — галадаваньне, якое доўжылася 18 дзён. Галадавалі ня толькі самі супрацоўнікі «Беларуськалію, але і іхныя сем’і.

Блякаваліся чыгуначныя шляхі, каб не дапусьціць адгрузкі калію. У Салігорску прайшоў шматтысячны мітынг, дзе было прынята рашэньне ісьці пешшу на Менск. У сталіцы шахтароў падтрымалі і іншыя рабочыя.

У выніку заробкі супрацоўнікаў «Беларуськалію» істотна павысілі, таксама ім далі сацыяльныя гарантыі.

Галадоўка Хадыкі і Сіўчыка (1996)

Адны зь лідэраў БНФ Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык былі затрыманыя пасьля шматтысячнага Чарнобыльскага шляху ў 1996 годзе. У СІЗА на Валадарскага яны адразу ж абвясьцілі галадоўку, якая доўжылася 23 дні.

Юры Хадыка ў СІЗА па Валадарскага, травень 1996 году
Юры Хадыка ў СІЗА па Валадарскага, травень 1996 году

Хадыка і Сіўчык былі аднымі зь першых палітвязьняў пры Лукашэнку. Тая гісторыя мела вялізны міжнародны рэзананс. За затрыманых уступаліся ня толькі заходнія палітыкі, але і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын, які ведаў Хадыку.

Галадоўнікі дабіліся спачатку вызваленьня, а пасьля і крымінальную справу супраць іх спынілі.

Галадоўка Аўтуховіча (2005)

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч разам са сваімі супрацоўнікамі службы таксі галадаў яшчэ на волі, пратэстуючы супраць удушэньня бізнэсу.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, Ваўкавыск, 2005 год
Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, Ваўкавыск, 2005 год

Калі Мікола апынуўся за кратамі, то галадаваў на працягу 74 дзён, страціўшы за гэты час каля 40 кіляграмаў вагі. У выніку ўлады былі вымушаныя перавесьці Аўтуховіча пад хатні арышт, зь якога ён пасьпяхова ўцёк.

Праўда, празь нейкі час Аўтуховіча злавілі. Тады яго асудзілі на 3,5 года зьняволеньня — гэта быў першы турэмны тэрмін Мікалая. І не апошняе галадаваньне.

Галадоўка «Новага жыцьця» (2006)

Мабыць, самая масавая галадоўка ў гісторыі Беларусі. У кастрычніку 2006 году ў ёй бралі ўдзел каля 200 чалавек. Сярод галадоўнікаў быў і філёзаф, пратэстанцкі вернік Уладзімер Мацкевіч.

Галадоўка ў царкве «Новае жыцьцё». Менск 26 красавіка 2017
Галадоўка ў царкве «Новае жыцьцё». Менск 26 красавіка 2017

Пратэстанты «Новага жыцьця» пайшлі на такі крок, каб абараніць будынак царквы, які ўлады хацелі забраць у вернікаў. Галадоўка-пост доўжылася 23 дні.

У выніку з адміністрацыі прэзыдэнта вернікам паабяцалі вырашыць праблему. З царквы іх тады так і не выселілі, але праблемы на гэтым не спыніліся. За час галадаваньня чатыры чалавекі апынуліся ў рэанімацыі ад зьнясіленьня арганізму.

Галадоўка каталіцкіх вернікаў (2006)

Адна з самых незвычайных галадовак адбылася ў канцы 2006 году ў Горадні, калі ад ежы адмовіліся вернікі прыходу Маці Божай міласэрнасьці.10 гадоў ім не давалі дазволу на будаўніцтва храма.

Пратэст працягваўся шэсьць дзён, у выніку чаго абласныя ўлады далі неабходны дазвол. Варта адзначыць, што ў той галадоўцы ў асноўным удзельнічалі пажылыя прыхаджанкі касьцёлу.

У той самы год галадалі каталіцкія вернікі ў Іўеўскім раёне, бо іхнага ксяндза выслалі ў Польшчу. Аднак той пратэст выніку ня даў.

Хроніка палітычных галадовак пратэсту ў Беларусі

  • 1990 год — галадоўка «апошняга дысыдэнта СССР», актывіста БНФ Валера Сядова. Сядова затрымалі за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу. У СІЗА на вуліцы Валадарскага ён правёў 70 дзён і 32 зь іх галадаў.
  • У 1996 годзе пасьля арышту на Чарнобыльскім шляху галадоўку абвесьцілі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Яны не прымалі ежу на працягу 21 дня.
  • Самая працяглая палітычная галадоўка ў Беларусі адбылася ў 2005 годзе: 74 дні трымаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.
  • У 2006 годзе 53 дні галадаў у віцебскай турме Аляксандар Казулін. 40 дзён галадаў за кратамі Сяргей Скрабец.
  • У 2006 годзе галадалі сябры «Маладога фронту», сярод іх былі і дзяўчаты: Наста Палажанка, Наста Азарка. Азарка галадала 12 дзён, яе шпіталізавалі.
  • У 2008 годзе амаль два тыдні ў Гомельскай калёніі галадала прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагалася адмены прысуду.
  • Таксама ў 2008 годзе наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую абвінавацілі ў невяртаньні крэдыту, галадала ў Гомельскай калёніі больш за 2 тыдні. У выніку яна дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак.
  • На працягу 2019―2020 гадоў галадоўкі пратэсту абвяшчалі актывісткі руху «Матулі 328». Яны галадалі невялікімі групамі, акцыі працягваліся ў выглядзе эстафэты, дасягалі 22 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG