Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз з Расеяй, зьмена Канстытуцыі і непрызнаньне. Як раней праходзілі рэфэрэндумы ў Беларусі


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Аляксандар Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум па ўнясеньні зьменаў у Канстытуцыю на 27 лютага. Гэта будзе чацьвёрты рэфэрэндум за час існаваньня ўлады Лукашэнкі. Глядзім, як раней праходзілі рэфэрэндумы і якія вынікі яны давалі.

1995 год: замена сьцяга і расейская мова

У лютым 1995 году Лукашэнка абвясьціў намер правесьці рэфэрэндум у Беларусі. На рэфэрэндум ён выносіў чатыры пытаньні:

  • Ці згодныя вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай?
  • Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
  • Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
  • Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі?
Дэпутаты Вярхоўнага Савету пагадзіліся з правядзеньнем рэфэрэндуму, аднак выказаліся супраць трох з чатырох яго пытаньняў, вынясеньне якіх на рэфэрэндум пярэчыла заканадаўству. Лукашэнка прыгразіў спыніць дзейнасьць Вярхоўнага Савету, калі той ня зьменіць пазыцыю.
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

На знак пратэсту дэпутаты фракцыі БНФ пачалі галадоўку ў залі паседжаньняў парлямэнту і засталіся там на ноч з 11 на 12 красавіка. Уначы пад маркай паведамленьня аб мінаваньні будынку парлямэнту ў залю ўвайшлі ўзброеныя сілавікі, якія гвалтам выкінулі дэпутатаў з залі парлямэнту. Раніцой дэпутаты прад’явілі доказы пабіцьця.

13 красавіка астатнія дэпутаты галасавалі паўторна, з усім пагадзіліся і прызначылі рэфэрэндум на 14 траўня. Паводле афіцыйных вынікаў галасаваньня:

  • За наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай прагаласавалі 83,3%
  • За прыняцьце новага сьцяга і герба — 75,1%
  • За інтэграцыю з Расеяй — 83,3%
  • За наданьне Лукашэнку права распусьціць парлямэнт — 77,7%.

Паводле АБСЭ, а таксама назіральнікаў ад БНФ, рэфэрэндум прайшоў з парушэньнямі і фальсыфікацыямі. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня не зацьвердзіў ягоных вынікаў.

1996 год: Больш паўнамоцтваў для Лукашэнкі

У 1996 годзе абвастрыліся супярэчнасьці паміж Лукашэнкам і парлямэнтам. У жніўні Лукашэнка прапанаваў правесьці рэфэрэндум, які б дазваляў зрабіць зь Беларусі прэзыдэнцкую рэспубліку замест парлямэнцка-прэзыдэнцкай, г. зн. пашырыць ягоныя паўнамоцтвы.

Пытаньні, прапанаваныя Лукашэнкам на рэфэрэндум:

  • Аб перанясеньні Дня Незалежнасьці Беларусі на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх захопнікаў.
  • Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
  • Аб увядзеньні вольнай, без абмежаваньняў, куплі-продажу земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.
  • Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.

Вярхоўны Савет, у сваю чаргу, вынес на рэфэрэндум наступныя пытаньні:

  • Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
  • Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
  • Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту.

19 кастрычніка Лукашэнка правёў першы Ўсебеларускі сход, каля 6 тысяч дэлегатаў якога падтрымалі ідэю рэфэрэндуму. Тады ж у Менску прайшла акцыя апазыцыі, якая скончылася сутыкненьнем зь сілавікамі. Парлямэнт катэгарычна адкідаў ідэю аб зьмене Канстытуцыі. Група дэпутатаў зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд з прапановай даць заключэньне аб парушэньні Лукашэнкам Канстытуцыі. Група дэпутатаў уключыла ў парадак дня пытаньне аб імпічмэнце Лукашэнку.

У лістападзе 1996-га, за два дні ра рэфэрэндуму, у Беларусь прыбыла дэлегацыя з Расеі, каб «памірыць» Лукашэнку і парлямэнт. Прайшлі перамовы з удзелам старшыні Дзяржаўнай думы Расеі Генадзя Селязьнёва, прэм’ер-міністра Расеі Віктара Чарнамырдзіна, старшыні Савету Фэдэрацыі Ягора Строева, Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага. У выніку перамоваў адбылося падпісаньне «Пагадненьня аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». Яно прадугледжвала, што Лукашэнка скасоўвае два ўказы, а старшыня Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйны суд спыняюць працэдуру імпічмэнту (у пагадненьні гэта далікатна названа «адкліканьнем прапаноў дэпутатаў» і «спыненьнем вядзеньня справы аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі».

Аднак парлямэнт не ратыфікаваў такое рашэньне, а Лукашэнка ў адказ абвясьціў вынікі рэфэрэндуму абавязковымі.

Пасьля рэфэрэндуму Вярхоўны Савет быў распушчаны, а замест яго стварылі двухпалатны парлямэнт, які складаўся з Нацыянальнага Сходу і Савету Рэспублікі.

Паводле афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму, большасьць падтрымала ідэі Лукашэнкі і выказалася супраць скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Міжнародная супольнасьць і апазыцыя ў Беларусі не прызналі вынікі рэфэрэндуму. На знак пратэсту супраць рэфэрэндуму ў адстаўку падалі 7 судзьдзяў і старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня, прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, міністар працы Аляксандар Сасноў, намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў.

Перад рэфэрэндумам у адстаўку адправілі кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, а ягонае месца заняла Лідзія Ярмошына, прычым кабінэт Ганчара быў захоплены сілавікамі. Перад гэтым Ганчар заяўляў, што ня зможа прызнаць вынікі рэфэрэндуму праз шматлікія парушэньні. У 1999 годзе Ганчара разам зь ягоным сябрам Анатолем Красоўскім выкралі, яны зьніклі бясьсьледна. Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што да іх зьнікненьня магло быць датычнае кіраўніцтва краіны.

Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году. На фота — Віктар Ганчар, старшыня ЦВК
Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году. На фота — Віктар Ганчар, старшыня ЦВК

2004: Лукашэнка можа пераабірацца колькі заўгодна

У 2004 годзе ў Беларусі прайшоў трэці рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі. Рэч у тым, што Канстытуцыя абмяжоўвала знаходжаньне прэзыдэнта на пасадзе двума тэрмінамі, а наперадзе былі выбары прэзыдэнта 2006 году. І паводле Канстытуцыі Лукашэнка ня мог на іх балятавацца.

У бюлетэні для галасаваньня на рэфэрэндуме 17 кастрычніка 2004 году было толькі адно пытаньне:

  • «Ці дазваляеце вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні“?»

У той жа час паводле артыкула 112 Выбарчага кодэксу на рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, «зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Паводле ўсебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага The Gallup Organization / Baltic Surveys у канцы верасьня 2004 году, за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць — 32,5%, астатнія на той момант яшчэ ня вызначыліся. Аднак, паводле афіцыйных вынікаў, «за» прагаласавалі каля 88% удзельнікаў рэфэрэндуму, а «супраць» — толькі каля 11%.

На наступны дзень пасьля рэфэрэндуму ў Менску прайшлі масавыя акцыі пратэсту, якія скончыліся разгонам пратэстоўцаў. Аднаго з арганізатараў акцыяў Паўла Севярынца ў 2005 годзе асудзілі на 3 гады «хіміі». Палітык адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна, дзе працаваў на лесанарыхтоўках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG