Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Такаеў поўнай марыянэткай Масквы?


Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў, 2019 год

Многія экспэрты адказваюць на гэтае пытаньне станоўча — так, стане як палітык, які запрасіў у сваю краіну замежныя войскі. Аднак ня ўсе гістарычныя прэцэдэнты сьведчаць, што такое запрашэньне цягне за сабой поўнае падпарадкаваньне таго. хто запрашае, «гасьцям».

Некаторыя — сьведчаць. Усходняя Нямеччына ў 1953 годзе, Вугоршчына ў 1956 годзе, Чэхаславаччына ў 1968 годзе — усё гэта прыклады, калі савецкі ўплыў у гэтых краінах істотна ўзмацніўся пасьля здушэньня савецкімі войскамі антыкамуністычных выступаў.

Аднак індыкатарам і праявай гэтага ўзмацненьня было тое, што савецкія войскі засталіся ў гэтых краінах і пасьля прыходу. Зрэшты, з Усходняй Нямеччыны яны пасьля 1945 году і не сыходзілі, але ў Вугоршчыне Паўднёвая група савецкіх войскаў зьявілася менавіта пасьля 1956-га, а ў Чэхаславаччыне Цэнтральная група савецкіх войскаў — пасьля 1968-га. І яны заставаліся ў гэтых краінах, як і ў НДР, да канца СССР.

Прычым варта адзначыць, што гэтыя групы войскаў налічвалі некалькі дывізій — дзясяткі тысяч вайскоўцаў.

Гэта ўжо не падобна да апэрацыі АДКБ у Казахстане. У гэтай апэрацыі бяруць удзел, па розных заявах, ад 2,5 да 5 тысяч салдат з розных краін Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

У 201-й дывізіі РФ, дысьлякаванай у Таджыкістане, або на 102-й расейскай вайсковай базе ў Армэніі вайскоўцаў гэтулькі ж, або нават і больш. Але ні Душанбэ, ні Ерэван поўнымі марыянэткамі Масквы ўсё ж ня сталі.

Пры гэтым расейскія войскі ў Таджыкістане і Армэніі знаходзяцца на сталай аснове. Наконт кантынгенту сілаў АДКБ у Казахстане ёсьць прынамсі заявы, што калі сытуацыя нармалізуецца, яго выведуць.

11 студзеня Касым-Жамарт Такаеў абвясьціў, што гэтыя войскі пачнуць выводзіцца з краіны праз 2 дні і будуць цалкам выведзеныя на працягу 10 дзён.

Зразумела, сытуацыя можа зьмяніцца, тэарэтычна полымя пратэстаў Казахстане можа зноў разгарэцца. Адпаведна, і колькасьць кантынгенту войскаў АДКБ можа павялічыцца, і пляны наконт тэрмінаў іх вываду могуць зьмяніцца. Але пакуль на гэта мала што паказвае.

А зараз — пра гістарычныя прэцэдэнты няўдзячнасьці (у двукосьсі або без двукосься).

У 1849 годзе расейскі імпэратар Мікалай I на просьбу аўстрыйскага імпэратара Франца-Іосіфа I паслаў войскі, якія ўтапілі ў крыві народнае паўстаньне ў Вугоршчыне.

І як жа дом Габсбургаў аддзячыў тады Расеі за ўратаваньне? Праз 4 гады пачалася Крымская вайна. І Аўстрыя ня тое што ня стала на бок Расеі, ня тое што нават трымалася нэўтралітэту — на фінальным этапе вайны яна стала на бок праціўнікаў Расеі. Вена выставіла Санкт-Пецярбургу ўльтыматум з патрабаваньнем тэрытарыяльных саступак, які Расея прыняла, што і зафіксавала яе паразу ў вайне. Так бы мовіць, за дапамогу ў 1849 годзе дзякуй, але дзяржаўныя інтарэсы запатрабавалі гэтым і абмежавацца.

Калі гаварыць пра шырэйшы міжнародны досьвед, то варта прыгадаць грамадзянскую вайну ў Гішпаніі. У перамозе генэрала Франка калі не вырашальную, то важную ролю адыграла прамая вайсковая падтрымка нацысцкай Нямеччыны і фашысцкай Італіі.

І як жа Франка аддзячыў Гітлеру і Мусаліні, калі дапамога спатрэбілася ім?

Паслаў адну дывізію на вайну з СССР. Але зь Вялікай Брытаніяй і ЗША ваяваць адмовіўся катэгарычна і ня даў дазволу на паход вэрмахту з мэтай захопу Гібральтару.

І зноў жа — за дапамогу дзякуй, але ўдзячнасьць не вызначае далейшую палітыку. Ці, прынамсі, ня цалкам вызначае.

Гістарычныя паралелі мала што даказваюць. Але любыя — мала што. І з Аўстрыяй і Гішпаніяй, але і з Вугоршчынай і Чэхаславаччынай таксама.

Аўстрыя ў мінулым не была часткай Расеі, як і Гішпанія — Нямеччыны, а Казахстан часткай і Расейскай імпэрыі, і СССР быў.

Але ці вызначальны гэта фактар і ці будзе ён ім надалей — гэта невядома.

Як невядома і тое, ці пойдзе Касым-Жамарт Такаеў шляхам Янаша Кадара (камуністычнага лідэра Вугоршчыны пасьля здушэньня рэвалюцыі 1956 году), ці Франца-Іосіфа I.

У прынцыпе, для яго адкрытыя абодва шляхі, прынамсі цяпер, калі ў Казахстане знаходзіцца параўнальна малалікі кантынгент замежных войскаў і заяўляецца, што ён найбліжэйшым часам будзе выведзены.

Зрэшты, магчымы шырокі спэктар прамежкавых варыянтаў. Залежнасьць Казахстану ад Расеі, хутчэй за ўсё, пасьля цяперашняга крызісу ў любым выпадку павялічыцца, але ўяўляецца, што яна ня стане татальнай.

Як было адзначана вышэй, нават сталая расейская вайсковая прысутнасьць не ператварае Армэнію і Таджыкістан у Разанскую вобласьць, Крым, Прыднястроўе ці ДНР.

Хоць, вядома, лепш бы войскі АДКБ хутчэй з Казахстану сышлі. Так лепш будзе для ўсіх — і для Казахстану, і для Беларусі, і для Расеі.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG