Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Лукашэнка імкнуцца пераарыентаваць АДКБ на барацьбу з унутранымі ворагамі і Захадам


Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, 27 сьнежня 2021 году
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, 27 сьнежня 2021 году

Пазачарговы саміт АДКБ пасьля падзей у Казахстане можа стаць важнай вяхой у трансфармацыі гэтага альянсу ў кірунку, выгадным кіроўным рэжымам Беларусі і Расеі.

Сьцісла:

  • Падзеі ў Казахстане спрыяюць рэанімацыі АДКБ, ператварэньню яго ў паўнавартасны ваенна-палітычны блёк.
  • Выразна відаць імкненьне пераарыентаваць дзейнасьць АДКБ на барацьбу з унутранымі ворагамі кіроўных рэжымаў у краінах-чальцах.
  • Робіцца спроба перанакіраваць АДКБ на барацьбу з Захадам, далучыць да антызаходняга саюзу Беларусі і Расеі іншых чальцоў альянсу.
  • Падзеі ў Казахстане часткова вяртаюць рэжым Лукашэнкі ў міжнародную палітыку.

Выступы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна на саміце АДКБ 10 студзеня былі даволі блізкія па тоне. У іх праглядаецца відавочнае імкненьне трансфармаваць гэты альянс. Я б адзначыў тры кірункі такой трансфармацыі.

Найперш, гэта рэанімацыя АДКБ, ператварэньне яго ў паўнавартасны вайскова-палітычны блёк. Бо дасюль гэты альянс станавіў даволі аморфную арганізацыю. Асабліва пасьля таго, як Расея ўступіла ў канфлікт з Украінай і Захадам. Ніхто з саюзьнікаў па АДКБ не падтрымаў РФ у гэтым супрацьстаяньні.

Адмова падтрымаць Армэнію ў яе вайне з Азэрбайджанам у 2020 годзе яшчэ больш абазначыла крызіс АДКБ. Казахстан тады нават павіншаваў Азэрбайджан зь перамогай.

То бок высьветлілася, што няма агульных для ўсіх чальцоў АДКБ ворагаў. А бяз гэтага сэнс існаваньня вайскова-палітычнага блёку размываецца. Толькі дэманстрацыя ляяльнасьці Расеі падтрымлівала дзейнасьць АДКБ.

Першым крокам для прабуджэньня альянсу стала пагроза з боку талібаў, якія прыйшлі да ўлады ў Афганістане.

І вось падзеі ў Казахстане, зварот Такаева па дапамогу, хуткая рэакцыя АДКБ, увядзеньне «міратворчага» кантынгенту краін-чальцоў альянсу даюць падставу для рэанімацыі блёку. Саміт па гарачых сьлядах — гэта спроба Масквы каваць жалеза, пакуль гарачае.

Другі кірунак — гэта імкненьне пераарыентаваць дзейнасьць АДКБ на барацьбу з унутранымі ворагамі кіроўных рэжымаў у краінах-чальцах. Бо статут АДКБ адназначна канстатуе, што арганізацыя створаная дзеля абароны краін-чальцоў ад вонкавай агрэсіі. Умяшаньня ва ўнутраныя палітычныя канфлікты статут гэтага альянсу не прадугледжвае.

Дык вось цяпер гаворка ідзе не пра тое, каб перагледзець статут, а каб інтэрпрэтаваць яго па-іншаму. Вось Лукашэнка казаў на саміце пра ўвядзеньне войскаў АДКБ у Казахстан як пра «добры прэцэдэнт», які «падштурхоўвае да рэвізіі сумесных мер па супрацьдзеяньні тэрарызму і экстрэмізму». Варта нагадаць, што беларускія ўлады ўсіх сваіх нават не праціўнікаў, а крытыкаў абвяшчаюць экстрэмістамі, а то і тэрарыстамі. Пуцін таксама ўзгадаў «сцэнары так званых каляровых рэвалюцый», адзначыў, што «пратэставыя акцыі» «зьяўляюцца папярэднікам і нападу тэрарыстаў». І вось для барацьбы з гэтымі народнымі пратэстамі, якія тут жа атаясамліваюцца з тэрарыстамі, і патрэбна задзейнічаць войскі АДКБ. Такая немудрагелістая ідэалягічная канструкцыя.

Нарэшце, трэці кірунак — гэта спроба пераарыентаваць АДКБ на барацьбу з Захадам, далучыць да антызаходняга саюзу Беларусі і Расеі іншых чальцоў альянсу.

Пуцін у сваім выступе толькі ўскосна намякнуў на дачыненьне Захаду да падзей у Казахстане: «майданныя тэхналёгіі», сцэнары «каляровых рэвалюцый». Лукашэнка ж пра гэта кажа адкрытым тэкстам: «Аналіз падзей у Казахстане паказвае наяўнасьць, вядома ж, зьнешняга фактару... Па аналёгіі далёка хадзіць ня трэба: Югаславія, Ірак, Лібія, Сырыя, Украіна, Афганістан. Ня так даўно падобны камбінаваны націск адчула і Беларусь... Арганізатары і кіраўнікі падзей у Казахстане глыбока схаваныя. Але я абсалютна перакананы, што як у Беларусі, іншых краінах, так і ў Казахстане мы прыйдзем у той жа пункт».

Праблема гэтай вэрсіі ў тым, што Казахстан дагэтуль меў даволі добрыя адносіны з Захадам. Як і Ўзбэкістан, пра які Лукашэнка казаў, што ён таксама пад пагрозай тых самых сілаў. Дарэчы, у астатніх краін-чальцоў АДКБ — Армэніі, Кіргізстану, Таджыкістану — таксама нармальныя дачыненьні з ЗША і ЭЗ. І навошта Захаду дэстабілізаваць рэжымы, якія калі і не празаходнія, то даволі ляяльныя да заходніх краін?

Адначасова і Лукашэнка, і Пуцін гавораць пра існаваньне «сьпячых ячэек тэрарыстаў і экстрэмістаў», «баевікоў». Тут, несумненна, ідзецца пра ісламскіх баевікоў. Атрымліваецца нейкая фантасмагарычная, сюррэалістычная карціна. Захад выкарыстоўвае ісламскіх баевікоў (зь якімі, на хвілінку, ён вядзе барацьбу па ўсім сьвеце), каб дэстабілізаваць рэжымы, зь якімі ў іх добрыя адносіны.

Адна справа, калі гэта прапагандысцкія канструкты, арыентаваныя на ўнутраную аўдыторыю. Дарэчы, у Расеі гэта добра працуе. Прапаганда і не павінна грунтавацца на лёгіцы, яна па самой сваёй прыродзе гуляе на полі тых каштоўнасьцяў, якія дамінуюць у грамадзтве.

Іншая справа — рэальная палітыка. Тут прымітыўная прапаганда працуе дрэнна.

Але падзеі ў Казахстане часткова вяртаюць рэжым Лукашэнкі ў міжнародную палітыку. Бо дагэтуль ён быў у пэўнай міжнароднай ізаляцыі нават на постсавецкай прасторы. На саміце ЭАЭС 10 сьнежня Лукашэнка заявіў кіраўнікам краін-саюзьнікаў: «Мы валодаем інфармацыяй, што ўжо і ў вашыя міністэрствы замежных спраў пайшлі візытэры з заходніх краін і Злучаных Штатаў Амэрыкі, угаворваючы вас падключыцца да ціску на Беларусь... Вас будуць душыць, настройваючы супраць Беларусі, каб вы падключыліся да гэтых санкцый супраць нашай краіны».

Дык вось падзеі ў Казахстане, рэанімацыя АДКБ даюць магчымасьць Лукашэнку трохі зьменшыць міжнародную ізаляцыю, зноў стаць гульцом хоць бы на постсавецкай прасторы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG