Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такаеў заявіў пра завяршэньне місіі АДКБ у Казахстане. Затрымана ўжо каля 10 тысяч чалавек


Высадка расейскіх вайскоўцаў у аэрапоце Алмааты

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў аб’явіў аб завяршэньні місіі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, у адпаведнасьці зь якой, у сувязі з масавымі пратэстамі, што перарасьлі ў шэрагу гарадоў у беспарадкі, у краіну былі накіраваныя вайскоўцы пяці дзяржаў АДКБ.

Вывад сіл пачнецца 13 студзеня і зойме ня больш за 10 дзён, заявіў Такаеў, выступаючы ў аўторак у парлямэнце.

Расея накіравала ў Казахстан падразьдзяленьні і часткі паветрана-дэсантных войскаў. Напярэдадні камандуючы кантынгентам АДКБ генэрал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў заявіў, што войскі застануцца ў Казахстане «да поўнай стабілізацыі абстаноўкі ў краіне».

10 студзеня падчас анлайн-саміту АДКБ прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў назваў апошнія падзеі ў краіне, калі на фоне масавых пратэстаў у шэрагу гарадоў пачаліся беспарадкі з ужываньнем зброі і чалавечымі ахвярамі, «спробай дзяржаўнага перавароту» пры ўдзеле «тэрарыстаў, у тым ліку замежных». Пра якія канкрэтна замежныя краіны ідзе гаворка, ён не сказаў.

У Казахстане, паводле зьвестак МУС краіны на раніцу 11 студзеня, за ўвесь час пратэстаў і беспарадкаў затрымалі амаль 10 тысяч чалавек.

У Алматы, як паведамілі ў камэндатуры гораду, за суткі затрымалі 1237 чалавек, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў актах тэрарызму, марадэрстве і іншых злачынствах. Улады паведамляюць аб канфіскацыі больш як 30 адзінак агнястрэльнай зброі і паўтары тысячы боепрыпасаў.

Усяго ў Казахстане пасьля беспарадкаў пачата 412 дасудовых расьсьледаваньняў, у тым ліку па актах тэрарызму і забойствах, паведамілі ў прэс-службе прэзыдэнта.

Раней паведамлялася, што падчас студзеньскіх пратэстаў і ў выніку беспарадкаў у Казахстане загінулі 164 чалавекі. Улады назвалі публікацыю статыстыкі «тэхнічнай памылкай».

Прэс-служба Алмацінскага гарадзкога суду паведаміла, што ў горадзе падчас беспарадкаў загінуў судзьдзя Мурат Абраеў. Напярэдадні паведамлялася, што скончылі жыцьцё самагубствам начальнік паліцыі Жамбыльскай вобласьці, генэрал Жанат Сулейменаў і палкоўнік Камітэту нацыянальнай бясьпекі Азамат Ібраеў.

  • У АДКБ уваходзяць Расея, Казахстан, Кіргізстан, Армэнія, Беларусь і Таджыкістан. З просьбай аб разьмяшчэньні кантынгенту Такаеў зьвярнуўся ўвечары 5 студзеня пасьля таго, як урадавыя сілы фактычна страцілі кантроль над найбуйнейшым горадам Казахстану Алматы. У горадзе пачаліся рабаваньні і марадэрствы з удзелам узброеных людзей.
  • Гэтаму папярэднічалі масавыя пратэсты, якія пачаліся 2 студзеня ў горадзе Жанаазэне на захадзе Казахстану пасьля двухразовага павышэньня цаны на звадкаваны газ. За некалькі дзён пратэсты сталі палітычнымі, новыя патрабаваньні іх удзельнікаў — сыход з палітыкі першага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, адстаўка прэзыдэнта краіны Касым-Жамарта Такаева і палітычныя рэформы, якія ўключаюць у сябе правядзеньне новых дэмакратычных выбараў. У некалькіх гарадах пратэстуючыя захапілі адміністрацыйныя будынкі.
  • Улады ўвялі на тэрыторыі краіны рэжым надзвычайнага становішча. Урад пайшоў у адстаўку.
  • 7 студзеня ў Казахстан былі накіраваныя вайскоўцы пяці краін АДКБ, аснову кантынгенту складаюць расейскія часткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG