Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае беларусаў у 2022 годзе: крымінальныя справы за заклікі да санкцый, эмбарга на заходнія тавары, рост падаткаў і тарыфаў ЖКГ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Новы год прынясе нямала зьменаў і наваўводзінаў для грамадзян Беларусі — як палітычных, так і эканамічных.

Будуць караць за заклікі да санкцый

У канцы 2021 году Лукашэнка зацьвердзіў увядзеньне крымінальнай адказнасьці за заклікі да санкцый.

За гэтыя дзеяньні пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін:

  • да 6 гадоў, калі заклікі зьвернутыя да шараговых асобаў;
  • да 10 гадоў, калі яны зьвернутыя да замежных дзяржаў, міжнародных і замежных арганізацый;
  • да 12 гадоў, калі такія заклікі зробленыя службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў або прывялі да іншых цяжкіх наступстваў, напрыклад абмежаваньня гандлю, уключэньня прадпрыемстваў у санкцыйны сьпіс.

Харчовае эмбарга

Ад 1 студзеня 2022 году Беларусь уводзіць харчовае эмбарга на ўвоз тавараў, вырабленых у краінах, якія, паводле ўраду краіны, нібыта рэалізуюць «дыскрымінацыйную палітыку і ажыцьцяўляюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі«. Гэта прадугледжана пастановай ураду ў адказ на заходнія санкцыі.

У пераліку 18 пазыцый: мяса буйной рагатай жывёлы, сьвініна, малако і малочная прадукцыя, садавіна, арэхі, каўбасы, кандытарскія вырабы, агародніна і г. д. Згодна са статыстыкай Савету Міністраў, за 2021 год Беларусь паставіла з краін санкцыйнага сьпісу харчовых тавараў на паўмільярда даляраў і пад абмежаваньні трапляюць якраз пазыцыі, якія фармуюць аснову гэтага імпарту.

Рашэньне аб увядзеньні харчовага эмбарга адбылося ўсьлед за прыняцьцем Эўразьвязам пятага пакету санкцый па Беларусі, у які ўвайшлі 17 фізычных асобаў і 11 арганізацый (агульная колькасьць фігурантаў дасягнула 183 чалавек і 26 суб’ектаў гаспадараньня). У выпадку «далейшых дэструктыўных дзеяньняў адносна Беларусі» афіцыйны Менск пагражае пашырыць пералік забароненых тавараў.

Вырастуць падаткі для ІП

У 2022 годзе зьменяцца падыходы да падаткаабкладаньня самазанятых грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і мікраарганізацый.
Паводле Міністэрства фінансаў, якое апублікавала зьмены ў Падатковы кодэкс, падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў вырасьце да 16%, гэта значыць утрая, бо цяпер многія ІП плацяць падатак паводле спрошчанай схемы 5%.

Напрыклад, для ІП звузіцца сфэра прымяненьня спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня, а з 2023-га і зусім зьнікне. У прыватнасьці, скароціцца пералік відаў дзейнасьці, якія абкладаюцца адзіным падаткам, падвысяцца яго стаўкі ў 2-4 разы з дыфэрэнцыяцыяй па рэгіёнах.

Адменяць спрошчаную сыстэму пры аказаньні паслуг: нельга будзе выкарыстоўваць гэты рэжым для кіраўніцкіх, кансультацыйных і іншых «неадназначна ўспрыманых паслуг».

Міністэрства падаткаў і збораў патлумачыла навацыі тым, што некаторыя асобы рэгіструюцца ў якасьці ІП, падмяняючы тым самым сваю дзейнасьць у якасьці наёмнай асобы. Гэта дае магчымасьць выплачваць 5% падаходнага падатку замест 13%, мінімізуючы свой удзел у бюджэтных плацяжах. Цяпер, калі грамадзяне хочуць займацца такой дзейнасьцю, мусяць плаціць падаходны падатак 16% з розьніцы паміж даходамі і расходамі (замест 13%).

На 2022 год спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня пакінуць для ІП, якія аказваюць паслугі ў сфэры турызму, аховы здароўя, сухапутнага транспарту, грамадзкага харчаваньня, кампутарнага праграмаваньня. Але з 2023-га, калі ў іх няма наёмных работнікаў, павінны перайсьці ў катэгорыю самазанятых, прымяняць падатак на прафэсійны даход і плаціць працэнт з выручкі.

Пэнсійны ўзрост павысіцца

На 2022 год заплянавалі чарговае павышэньне пэнсійнага ўзросту, якое паэтапна пачалося ў 2017-м. Цяпер ён складзе 63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын (у 2021-м было 62 гады і 6 месяцаў для мужчын і 57 гадоў і 6 месяцаў для жанчын).

Ад 1 студзеня таксама падвысяць мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрыманьня працоўнай пэнсіі. У яго ўваходзіць толькі той час, калі чалавек працаваў і працадаўца плаціў за работніка страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Цяпер ён вырасьце на 6 месяцаў – да 18,5 года.

Акрамя таго, будуць па-новаму разьлічваць пэнсіі. Пэрыяд, за які бяруць заробак для іх разьліку, падымуць на 1 год — да 28 гадоў запар стажу працы.

Камунальныя паслугі вырастуць

Вызначылі тарыфы для насельніцтва ў сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі на 2022 год. Сьцьвярджаецца, што ў разьліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма насельнікамі пры нарматыўным спажываньні імі паслуг аплата павысіцца ў межах 5 даляраў у эквіваленце.

Падвышэньне пройдзе ў два этапы. Ад 1 студзеня 2022 году — на 11,1 рубля (3,92 даляра) за жыльлёва-камунальныя паслугі, за выключэньнем ацяпленьня. Ад 1 чэрвеня — за цеплавую і электрычную энэргію, газ прыродны і звадкаваны на 3,04 рубля (1,08 даляра).

Пры гэтым удакладняецца, што ва ўмовах росту жыльлёва-камунальных плацяжоў будзе працягнута дзяржаўная падтрымка насельніцтва празь безнаяўныя субсыдыі. Іх атрымаюць грамадзяне пры ўмове, калі сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасьці.

Раней улады заяўлялі, што паступова выйдуць на 100-працэнтнае пагашэньне насельніцтвам жыльлёва-камунальных паслуг.

Сямейны капітал абмяжуюць

Улады ўводзяць абмежаваньні ў сямейным капітале, які прызначаюць шматдзетным сем’ям. У прыватнасьці, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пастанавіла, што ад 1 студзеня яго ня будуць прызначаць пры ўсынаўленьні (удачарэньні) трэцяга або наступных дзяцей. Да таго ўсынавіцелі мелі такое права.

Што да датэрміновага выкарыстаньня сямейнага капіталу, то ад бягучага году ўводзяцца дапаўненьні ў сьпіс дакумэнтаў, якія сем'і падаюць чыноўнікам, каб скарыстацца грашыма раней, чым дзіцяці споўніцца 18 гадоў. Канчатковы пералік ведамства пакуль не абнародавала.

Таксама ад 1 студзеня пачнуць дзейнічаць больш жорсткія нормы для заяўнікаў, якія маюць намер выкарыстоўваць сямейны капітал на паляпшэньне жыльлёвых умоваў.

Падатковая нагрузка вырасьце

У 2022 годзе ў Беларусі ўводзяць зьмены ў некаторых падатках. Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу ўжо зацьвердзілі наваўводзіны, чакаецца канчатковае ўхваленьне Аляксандрам Лукашэнкам.

Сярод анансаваных зьменаў – спагнаньне падатку за першую кватэру (сярод ільготнікаў — пэнсіянэры, інваліды, вайскоўцы), падвышэньне збору для ўладальнікаў аграсядзібаў і рамесьнікаў, скарачэньне відаў дзейнасьці для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія абкладаюцца адзіным падаткам.

Акрамя таго, чыноўнікі вярнуліся да ідэі абкласьці падаходным падаткам тых, хто прадае гародніну, мяса і мёд са свайго прысядзібнага ўчастка, а таксама здае грыбы, ягады і лекавыя расьліны.

Падаткавікі абяцаюць узмацніць кантроль перавышэньня расходаў над даходамі, а сілавікі змогуць ініцыяваць пазачарговую праверку «нядобранадзейных» грамадзян і юрыдычных асобаў.

Базавая велічыня вырасьце, штрафы таксама

Ад 1 студзеня базавая велічыня ў Беларусі павялічылася да 32 рублёў (у 2021 годзе яна складала 29 рублёў). Такі крок традыцыйна цягне за сабой ланцуговую рэакцыю, бо непасрэдна ўплывае на памеры штрафаў, многіх выплат і плацяжоў.

Акрамя таго, павялічваюць базавую стаўку — да 207 рублёў (цяпер 198 рублёў). Гэта асноўны элемэнт тарыфнай сыстэмы, ад памеру якога залежаць заробкі работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых установаў, якія атрымліваюць субсыдыі.

Згодна з пастановай Савету Міністраў ад 14 сьнежня 2021 году, ад 1 студзеня мінімальны заробак у Беларусі вырасьце да 457 рублёў (быў 418 рублёў). Яго пераглядаюць раз на год, але летась у верасьні і кастрычніку зрабілі выключэньне, праіндэксаваўшы з прычыны высокай інфляцыі.

Дадатковыя выплаты для настаўнікаў

Ад 1 студзеня настаўнікі будуць атрымліваць звыш асноўнага заробку за дадатковую нагрузку. Выплаты прадугледжаны для пэдагогаў, якія выконваюць функцыі кляснага кіраўніка, выкладчыка-куратара навучальнай групы.

Таксама ад 1 студзеня павялічыцца аднаразовая выплата на аздараўленьне пэдработнікам. Памер будзе разьлічвацца не з 0,5 акладу, як дагэтуль, а з поўнага яго памеру з улікам пэдагагічнай (навучальнай) нагрузкі.

Ад 21 студзеня набудуць моц наваўводзіны ў аплаце бальнічных, за выключэньнем нормаў аб добраахвотным страхаваньні назапашвальнай пэнсіі. Мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасьці, у тым ліку па цяжарнасьці і родах, вызначаны ў памеры 50% бюджэту пражытковага мінімуму на душу насельніцтва за два апошнія кварталы.

Аўтамабільныя навацыі

У 2022 годзе пачнуць дзейнічаць папраўкі ў законе «Аб дарожным руху», якія прадугледжваюць шэраг кардынальных новаўвядзеньняў.

Так, уводзіцца магчымасьць навучаньня і здачы практычнага кваліфікацыйнага іспыту ў ДАІ на аўтамабілі з «аўтаматам». У пасьведчаньні будзе прастаўляцца адпаведная адзнака аб магчымасьці кіраваньня транспартнымі сродкамі без мэханічнай трансьмісіі.

Перагледзелі катэгорыі колавых трактароў і самаходных машын, да іх аднесьлі балатаходы, сьнегаходы, квадрацыклы, мотаўсюдыходы. Права кіраваньня імі будзе давацца з 17 гадоў.

Дзяржаўны тэхнічны агляд будзе ажыцьцяўляцца на дамоўнай аснове. Тыпавую форму аказаньня такіх паслуг вызначае Савет Міністраў. Уводзіцца аўтаматызаваны ўлік вынікаў тэхагляду і допуску да ўдзелу ў дарожным руху.

Паслугі сувязі падаражэюць

Для абанэнтаў «Белтэлекам» ад 1 студзеня падаражэе інтэрнэт-доступ, міжнародныя тэлефонныя званкі і іншыя паслугі апэратара. Рост складзе ў сярэднім 4-5%.

«Белтэлекам» анансаваў падвышэньне тарыфаў яшчэ ў верасьні 2021-га, аднак затым некалькі разоў пераносіў падаражаньне.

Пра непазьбежнасьць росту цэнаў на паслугі мабільнай сувязі гавораць і камэрцыйныя апэратары А1, МТС і life:), якія таксама неаднаразова анансавалі і адкладалі ўвядзеньне новых тарыфаў.

Алькаголь і тытунь падаражэюць

Ад 1 студзеня зьмяняюцца цэны на некаторыя маркі цыгарэт. Прынамсі чыноўнікі заявілі пра намер падняць асобныя стаўкі падаткаў апераджальнымі тэмпамі.

Так, адразу на 15% вырастуць стаўкі акцызаў на цыгарэты ўсіх цэнавых групаў. Пры гэтым цыгарэты зь фільтрам падзеляць на дзьве акцызныя групы замест цяперашніх трох. Найбольш адчувальна падаражэюць цыгарэты сярэдняй цэнавай катэгорыі — праз абʼяднаньне яе з трэцяй групай.

Таксама мяркуецца падняць стаўкі акцызаў на алькаголь, уключна з шампанскім і пеністымі вінамі. У выніку вырастуць і раздробныя цэны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG