Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» адключылі ад міжнародных сыстэмаў узаемаразьлікаў для пасажырскіх і грузавых перавозак


Самалёт кампаніі «Белавія».

Сыстэмы, ад якіх адключылі беларускага авіяманапаліста, уніфікуюць фінансавыя і інфармацыйныя плыні, тым самым спрашчаючы працэдуру афармленьня і продажу авіяквіткоў як самімі кампаніямі, так і агентамі.

«Пацьвярджаем, што авіякампанія „Белавія“ адхіленая ад удзелу ў праграме IATA па білінгу і разьліках (BSP) і сыстэмы разьлікаў па грузавых рахунках (CASS)», — паведамілі сайту Zerkalo.io ў Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA).

Праграма разьлікаў BSP ахоплівае больш за 370 авіякампаній у 180 краінах сьвету, празь яе праходзіць каля 70% непрамых продажаў квіткоў. Агульная сума рэалізаваных квіткоў перавышае 230 мільярдаў даляраў штогод.

Сыстэма разьлікаў па грузавых рахунках CASS прызначаная для разьлікаў паміж авіякампаніямі і экспэдытарамі.

Такое рашэньне прынятае ў сувязі з чарговымі эўрапейскімі абмежаваньнямі супраць 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, сярод якіх значыцца беларускі авіяперавозчык «Белавія». Акрамя таго, лізінгавыя кампаніі запатрабавалі вярнуць частку самалётаў.

Рэакцыя ў «Белавія»

Для пасажыраў, асабліва беларускіх, гэтыя зьмены ня будуць заўважаныя, — так у «Белавія» пракамэнтавалі сытуацыю з адключэньнем узаемаразьлікаў Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту, паведамляе Zerkalo.io.

Паводле кіраўніцтва кампаніі, гэтая сыстэма прызначаная для ўзаемадзеяньня авіякампаній з агентамі без неабходнасьці заключэньня наўпроставых дамоваў.

«Гэта дадатковы інструмэнт для спрашчэньня ўзаемаразьлікаў, ён ня мае дачыненьня да выкананьня палётаў», — гаворыцца ў паведамленьні авіякампаніі.
У бягучых умовах «Белавія» зьбіраецца пашыраць сетку агентаў за мяжой, якія працуюць на падставе наўпроставых дамоваў.

«Для продажаў на замежных рынках гэта больш адчувальна, аднак ёсьць магчымасьць працы з выкарыстаньнем іншых сыстэмаў узаемаразьлікаў на тэрыторыі СНД. Акрамя таго, у сувязі з уведзенымі абмежаваньнямі на палёты ў Эўропу доля продажаў з выкарыстаньнем сыстэмы BSP значна зьнізілася», — сьцьвярджаюць у «Белавія».

Ад ранейшага беларускага авіяпарку ў тры дзясяткі паветраных суднаў цяпер засталася роўна палова.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG