Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворка можа ісьці пра мільярды даляраў. Экспэрт пра магчымыя страты беларускай эканомікі ад санкцыяў


Эканаміст, супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі
Эканаміст, супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі

Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC), лічыць, што нядаўна ўведзеныя новыя санкцыі ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады супроць беларускага рэжыму істотна ўдараць па беларускай эканоміцы ў пэрыяд свайго паўнавартаснага дзеяньня.

«Акрамя фізычных асобаў і не такіх важных фірмаў, у сьпіс ЭЗ трапілі чатыры сур'ёзныя беларускія кампаніі, для якіх мае значэньне экспарт. У гэтым ёсьць сыгнал, што ЭЗ мае намер сурʼёзна рэагаваць. У дадзеным выпадку на міграцыйны крызіс», — сказаў Леў Львоўскі ў размове з Zerkalo.

Ацаніць патэнцыйныя страты беларускай эканомікі пакуль досыць складана, бо не хапае інфармацыі пра дакладныя тэрміны старту некаторых абмежаваньняў, адзначае Леў Львоўскі.

Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў ЕЗЭ прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх дзеяньня, а ў далейшай пэрспэктыве — аж да 10% ВУП.

Новыя абмежаваньні чатырох уплывовых гульцоў сусьветнай эканомікі, дадае Львоўскі, адчувальна пагаршаюць нэгатыўны эфэкт. Паводле яго, агулам гаворка можа ісьці пра мільярды даляраў.

Тым часам кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка заявіў 4 сьнежня пра «высокія паказьнікі» экспарту беларускай прадукцыі на фоне санкцый, адзначаючы пры тым, што беларускія прадпрыемствы змаглі «правільна зарыентавацца і падстроіцца пад каньюнктуру».

«Мы плянуем эканамічны рост на ўзроўні ня меншым за 2%. Хоць нам кажуць, што гэтага немагчыма дасягнуць. Але ўжо шмат гадоў кажуць», — дадаў Галоўчанка.

  • 2 сьнежня ЗША, Эўразьвяз, Канада і Вялікая Брытанія ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У новым санкцыйным пакеце ЗША — 20 фізычных асобаў і 12 прадпрыемстваў і ўстановаў, а таксама тры самалёты, на якія пашыраныя санкцыі ЗША. У санкцыйным сьпісе Эўразьвязу — 17 чыноўнікаў і 11 арганізацый. Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць 8 асобаў, а таксама супраць «Беларуськалію».

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG