Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве абяцаюць за тры тыдні выпрацаваць рашэньне аб транзыце беларускага калію


Інгрыда Шыманіце
Інгрыда Шыманіце

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што ўрад краіны не плянуе спыняць транзыт беларускага калію «за ўсякую цану».

«Мы шукаем рашэньне, якое, з аднаго боку, захавае рэпутацыю нашай дзяржаўнай кампаніі [Літоўскія чыгункі], у тым ліку ў вачах нашых саюзьнікаў, а з другога боку, абароніць урад і дзяржаву ад неабгрунтаваных прэтэнзіяў або фінансавай шкоды», — заявіла Інгрыда Шыманіце, якую цытуе LRT.

Шыманіце зазначыла, што ва ўрадзе шукаюць рашэньня, якое можна будзе «абараніць у судзе».

Раней у «Беларуськаліі» заявілі, што ў выпадку спыненьня транзыту Літва сутыкнецца з шматмільярднымі пазовамі ад кліентаў беларускай кампаніі.

Урад Літвы абяцае прыняць канчатковае рашэньне цягам трох тыдняў.

«Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» вясной 2018 году, яна дзейнічае да канца 2023 году. У адпаведнасьці зь ёй празь Літву і Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў. 21 сьнежня ўрадавая камісія Літвы пастанавіла, што гэтая дамова нясе пагрозу бясьпецы краіны.

У гэты момант супраць беларускага дзяржаўнага прадпрыемства дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.

17 сьнежня стала вядома, што ў сувязі з скарачэньнем беларускіх грузаў порт у Клайпедзе пачаў звальняць рабочых, частка грузаў зь Беларусі не прыходзіць ужо са студзеня, амаль год. Пасьля скандалу з транзытам прадукцыі «Беларуськалію» старшыня праўленьня «Літоўскіх чыгунак» Кястуціс Шлюжас паведаміў аб звальненьні кіраўніка кампаніі Мантаса Бартушкі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG