Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўчанка пагражае Літве «захадамі ў адказ» на магчымае спыненьне транзыту калійных угнаеньняў


Раман Галоўчанка

Прэм’ер-міністар Беларусі пракамэнтаваў, што чакае Літву ў выпадку спыненьня беларускага транзыту.

«Мы, вядома, былі гатовыя да такога разьвіцьця падзеяў, зыходзячы з абсалютна хаатычнай палітыкі Літвы на беларускім напрамку. Калі хтосьці лічыць, што гэта нанясе нейкую шкоду Беларусі, то магу з усёй адказнасьцю заявіць: галоўная шкода будзе нанесена самой Літве. Такую ж шкоду краіна ўжо нанесла сабе палітычнай адмовай ад набыцьця беларускай электраэнэргіі, якая абышлася б як мінімум удвая таньней за той узровень, па якім яны купляюць цяпер на аптовым рынку», — цытуе Рамана Галоўчанку БелТА.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што калі Літва спыніць транзыт беларускіх угнаеньняў, гэта будзе парушэньнем усіх міжнародных абавязаньняў.

«Мы гэта без адказу не пакінем, давядзецца прымаць меры ў адказ. Беларускі экспарт у Літву складае каля 1 млрд даляраў, у асноўным гэта сыравіна і матэрыялы, якія набываюць літоўскія кампаніі для наступнай перапрацоўкі. Гэта тычыцца прадукцыі дрэваапрацоўкі, палімэраў і гэтак далей. Калі мы спынім пастаўкі, пераарыентуем іх на іншыя рынкі, няхай літоўскі бізнэс спытае ў свайго ўраду, як той зьбіраецца вырашаць праблемы», — адзначыў кіраўнік ураду.

Акрамя таго, Раман Галоўчанка пацьвердзіў, што Беларусь разглядае магчымасьць будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі.

«Пытаньне ня вельмі простае, трэба правесьці вялікі аб’ём навуковых дасьледаваньняў, ня толькі эканамічных разьлікаў — зыходзячы з комплекснай праграмы разьвіцьця нашай краіны. Мы разьлічваем завершыць папярэднюю працу да восені наступнага году і ўнесьці адпаведныя прапановы», — заявіў ён падчас наведваньня БелАЭС у Астраўцы.

Па яго словах, магчымасьць будаўніцтва другой АЭС разглядаецца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з удзелам расейскіх спэцыялістаў.

Галоўчанка ня першы беларускі чыноўнік, які пагражае Літве суворымі мерамі ў адказ. Раней Літву і іншыя краіны Эўразьвязу папярэджвалі пра наступствы ў МЗС і Беларускай калійнай кампаніі, заяўляючы пра будучыя цяжкасьці для бізнэсу і патэнцыйную падачу пазоваў у суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG