Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Беларусі заявілі, што Вільня рыхтуе Менску «поўную блякаду»


Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз

«У гэтым выпадку ідзецца пра мэтанакіраваную спробу блякады: абмежаваныя паветраныя і сухаземныя зносіны, зараз падбіраюцца да чыгуначных».

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў праект літоўскага «санкцыйнага закону».

Журналісты пацікавіліся ў прадстаўніка МЗС Беларусі, як афіцыйны Менск успрыняў пададзены ў Сойм Літвы праект закону, які дазваляе ўводзіць дадатковыя абмежаваньні супраць Беларусі.

«Супакойваюць, што ўнесены ў Сойм законапраект дазволіць без эканамічнай шкоды спыніць транзыт угнаеньняў, а папраўдзе фармуюць умовы для поўнай забароны паставак і транзыту любых беларускіх тавараў для транспартаваньня морам», — заявіў прэс-сакратар МЗС.

Зь яго словаў, сама па сабе ініцыятыва ёсьць «найгрубейшым парушэньнем міжнароднага права», ня кажучы пра двухбаковыя абавязаньні Літвы. Сярод іх забесьпячэньне бесьперашкоднага транзыту тавараў для дзяржавы, якая ня мае выхаду да мора.

«У гэтым выпадку ідзецца пра мэтанакіраваную спробу блякады: абмежаваныя паветраныя і сухаземныя зносіны, зараз падбіраюцца да чыгуначных. Гэта ўсё ў дачыненьні да дзяржавы, якая ня мае выхаду да мора. Што гэта, калі ня акт варожасьці і агрэсіі? Да таго ж, такая задума пагражае харчовай бясьпецы шэрагу краін – імпартэраў беларускага калію, справакуе нестабільнасьць, неўраджай, рост цэнаў», — заявіў Анатоль Глаз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG