Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве скандал вакол экспарту беларускіх калійных угнаеньняў. Разьбіраемся, чаму гэта важна


Порт у Клайпедзе
Порт у Клайпедзе

Аборот паслуг паміж Літвой і Беларусьсю ў студзені-кастрычніку склаў 683 мільёны даляраў.

Транзыт угнаеньняў «Беларуськалію» празь Літву працягваецца, нягледзячы на тое, што на мінулым тыдні набылі моц санкцыі ЗША ў дачыненьні да гэтай кампаніі. Да ўступленьня санкцый у сілу беларуская кампанія перавяла аванс «Літоўскай чыгунцы» за некалькі месяцаў наперад. У сувязі з гэтым міністры замежных спраў — Габрыелюс Ландсбергіс і транспарту — Марус Скуодзіс падалі прэм’еру заявы аб адстаўцы.

Прэм’ер-міністарка Літвы не выключае адстаўкі ўсяго ўраду праз сытуацыю зь «Беларуськаліем». Глядзім, наколькі калійны экспарт важны для Літвы і Беларусі.

Абарот паслуг паміж Беларусьсю і Літвой у студзені-кастрычніку ў грашовым вымярэньні — 683,8 мільёна даляраў, экспарт — 292,6 мільёна, імпарт — 391 мільён. Якраз сюды ўваходзіць, у ліку транспартных паслуг, перавозка беларускіх калійных грузаў.

«Шлях праз Клайпеду для Беларусі самы прывабны»

Перавозка беларускіх калійных угнаеньняў праз Клайпеду — найбольш выгадны шлях для Беларусі. Пра гэта кажа аглядальніца Тацяна Манёнак.

«Лягістычны калідор праз Клайпеду — самы прывабны. 30% Клайпедзкага порту належыць „Беларуськалію“. Для Беларусі гэта была знакавая зьдзелка, дзякуючы такому супрацоўніцтву ўдалося наладзіць эфэктыўны продаж угнаеньняў за мяжу. Беларусь імкнецца нарасьціць аб’ёмы здабычы ўгнаеньняў. Меркавалася, што якраз праз Клайпедзкі порт далей будзе ісьці транзыт, для гэтага ствараліся дадатковыя магутнасьці», — кажа Тацяна Манёнак.

«Для Літвы беларускія калійныя ўгнаеньні — важны груз»

Для літоўскай чыгункі беларускія калійныя ўгнаеньні — стратэгічны груз. Раней кіраўніцтва літоўскай чыгункі казала пра страты ў памеры 49 мільёнаў эўра з прычыны адмовы ад калійных грузаў зь Беларусі.

«10% грузапатоку літоўскай чыгункі — гэта беларускія грузы, найперш калійныя ўгнаеньні. Калі беларускія калійныя ўгнаеньні цяпер сыдуць з Клайпедзкага порту, то яны туды ўжо ня вернуцца. Сярод партоў была калісьці жорсткая канкурэнцыя за беларускія грузы, асноўны транзыт ішоў праз латвійскі порт. Гэта было гадоў 10–15 таму. Клайпедзкі порт дамагаўся тады, каб празь яго ішлі беларускія грузы», — прыгадвае Тацяна Манёнак.

Выгаднай альтэрнатывы няма

На думку Тацяны Манёнак, цяпер для Беларусі складана знайсьці «такі ж эфэктыўны калідор паставак».

«Праз Расею — гэта пакуль не апрабаваны маршрут, толькі 60 тонаў там перавезена. Там складаная навігацыя, гэты шлях будзе замярзаць, эфэктыўнасьць яго супярэчлівая. Пробныя пастаўкі адбываліся ўвосень, а цяпер жа зіма. Калі сёньня перад „Беларуськаліем“ паставяць пытаньне, як пераразьмеркаваць гэтыя грузы, то гэта амаль немагчыма. Можна толькі часткова пераразьмеркаваць. А ёсьць жа дамовы, якія трэба выконваць. У Расеі, да таго ж, ёсьць свая кампанія „Ўралкалій“ — канкурэнт „Беларуськалію“», — кажа Тацяна Манёнак.

На сёньня «Беларускалій» займае пятую частку сусьветнага рынку калійных угнаеньняў. Кампанія знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG