Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы працягне працу ў ранейшым складзе, нягледзячы на рэпутацыйны скандал зь перавозкай беларускіх грузаў


Сьцяг Літвы
Сьцяг Літвы

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце паведаміла, што ўрад краіны захавае свой цяперашні склад.

У паведамленьні ўраду афіцыйна заяўлена, што склад дзейнага ўраду ня зьменіцца, інфармуе Delfi.

«Аб’ектыўная рэальнасьць, ва ўмовах якой даводзіцца працаваць, — пандэмія COVID-19, якая не спыняецца, і арганізаваны Лукашэнкам паток мігрантаў, скіраваны на ціск на ЭЗ, — дыктуе свае выклікі і прымушае большую частку часу аддаваць вырашэньню гэтых праблем. Нягледзячы на гэта, ураду ўсё ж удалося прыняць і пачаць ажыцьцяўленьне большай часткі праграмаў, заплянаваных на гэты год. Я лічу гэта вялікай перамогай», — сказала Інгрыда Шыманіце.

Яна асобна спынілася на скандале вакол Літоўскай чыгункі з атрыманьнем авансу ад «Беларуськалію», які трапіў пад санкцыі.

«Падкрэсьліваю, урад пасьлядоўна падтрымліваў, а часьцей за ўсё сам актыўна дамагаўся ўвядзеньня санкцыяў у дачыненьні рэжыму Лукашэнкі і ніколі не дамагаўся выключэньня з санкцыйнага сьпісу асобных тавараў/суб’ектаў — нават у тых выпадках, калі гэта азначала адмову ад камэрцыйных стасункаў. Таму падазрэньні, быццам урад хацеў любой цаной захаваць перавозку тавараў, якія пакуль ня ўключаны ў эўрапейскі санкцыйны сьпіс, беспадстаўныя — з самага пачатку тэрміну паўнамоцтваў пытаньне дывэрсыфікацыі перавозак і зьніжэньня рызык, зьвязаных з угодамі з суб’ектамі, якія не ўваходзяць у прастору, дзе вышэй за ўсё стаяць законы, былі ў ліку галоўных задач дзяржаўных кампаній».

Пасьля таго, як былі абвешчаныя санкцыі ЗША, якія наўпрост не ўплываюць на літоўскія суб’екты, але могуць адбівацца ўскосна, галоўнай задачай літоўскага ўраду было «знайсьці найменш рызыкоўны спосаб спыненьня неадназначных адносін „Літоўскай чыгункі“ зь „Беларуськаліем“».

«Дзяржаўныя ведамствы кансультавалі „Літоўскую чыгунку“ і аказвалі кампаніі дапамогу ў падрыхтоўцы да ўзьдзеяньня гэтых санкцый, аднак ні дзяржведамствам, ні кампаніі не ўдалося справіцца з пытаньнем, як і ў якія тэрміны ўдасца скасаваць гэтую зьдзелку. Гэта шкода рэпутацыі, якую я прызнаю, аб якой шкадую», — дадала Шыманіце.

Прэм’ер-міністарка Літвы спадзяецца, што не пазьней за 31 студзеня краіна падасьць свае нацыянальныя рашэньні гэтай сытуацыі і прапануе далейшыя санкцыі супраць рэжыму, які ўтрымлівае ўладу ў Беларусі.

Раней скандал вакол «Літоўскай чыгункі» стаў прычынай таго, што міністры замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс і транспарту Марус Скуодзіс падалі прэмʼеру заявы аб адстаўцы. Ігрыда Шыманіце паведаміла, што здолела пераканаць абодвух забраць заявы і працягнуць працу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG