Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ: Міграцыйны крызіс — помста Лукашэнкі за санкцыі Эўразьвязу


Паседжаньне ПАРЭ, архіўнае фота
Паседжаньне ПАРЭ, архіўнае фота

Беларускія ўлады павінны спыніць выкарыстаньне мігрантаў у супрацьстаяньні з Захадам. У сваю чаргу краіны ЭЗ мусяць даць магчымасьць атрымаць прыстанішча кожнаму ахвотнаму, гаворыцца ў рэзалюцыі ПАРЭ, перадае DW.

Навала мігрантаў на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай зрэжысавана беларускімі ўладамі ў адказ на санкцыі ЭЗ. Рызе, Вільні і Варшаве трэба ўстрымацца ад практыкі вяртаньня нелегалаў у Беларусь і гарантаваць выкананьне правоў чалавека кожнаму, хто хоча трапіць на тэрыторыю іхных краін. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, прынятай 30 верасьня ў Страсбургу.

У ПАРЭ лічаць, што міграцыйная напружанасьць на мяжы Беларусі з краінамі — сябрамі Рады Эўропы і Эўразьвязу створаная штучна. Такія дзеяньні афіцыйнага Менску асамблея называе «гібрыднай атакай» і «асуджае ўсякае выкарыстаньне мігрантаў, уцекачоў і просьбітаў прыстанішча ў палітычных мэтах». Імклівы наплыў нелегальных мігрантаў стаў «сурʼёзным выклікам для Латвіі, Літвы і Польшчы» і іхных сыстэмаў для прыёму ўцекачоў, канстатуецца ў дакумэнце.

Пры гэтым ПАРЭ пацьвярджае абавязак усіх дзяржаў-сябраў Рады Эўропы выконваць правы чалавека і гуманітарныя прынцыпы.

«Дзяржавы-сябры павінны забясьпечыць неабходную дапамогу людзям, якія маюць патрэбу ў абароне, надаючы асаблівую ўвагу семʼям з маленькімі дзецьмі, непаўналетнім без суправаджэньня дарослых і людзям з абмежаванымі магчымасьцямі», — падкрэсьліваецца ў рэзалюцыі.

ПАРЭ заклікала Беларусь не пасылаць мігрантаў у ЭЗ, а суседнія краіны ЭЗ — прымаць усіх ахвотных

ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала краінам-сябрам Рады Эўропы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.

У дакумэнце таксама адзначаецца, што напружанасьць каля ўсходніх межаў Эўразьвязу справакавала новую хвалю антымігранцкай рыторыкі, якая «вымусіла краіны будаваць новыя сьцены ў Эўропе, каб суседнія аўтарытарныя рэжымы не маглі выкарыстоўваць мігрантаў як інструмэнт у сваіх палітычных мэтах».

ПАРЭ заклікала фінансава і тэхнічна падтрымаць Літву, Латвію і Польшчу і дапамагчы ім больш эфэктыўна абараняць просьбітаў палітычнага прытулку.

Што да беларускіх уладаў, то іх заклікалі спыніць практыку спрашчэньня паездак у Беларусь пад маркай турызму для грамадзянаў трэціх краін, а таксама ўстрымацца ад незаконных дзеяньняў у дачыненьні да нелегальных мігрантаў:

  • не адбіраць у іх дакумэнты,
  • не прымушаць іх сілай перасякаць мяжу Беларусі і ЭЗ.

У сваю чаргу Латвія, Літва і Польшча абавязаны дазволіць усім ахвотным прайсьці працэдуру атрыманьня палітычнага прыстанішча і не спрабаваць выдварыць мігрантаў назад у Беларусь. ПАРЭ таксама патрабуе, каб улады гэтых краін прымянялі турэмнае зьняволеньне толькі як крайнюю меру ў дачыненьні да мігрантаў.

Аўтарка дакладу: Сытуацыя на мяжы «проста жахлівая»

Сытуацыя на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ «проста жахлівая», канстатавала аўтарка дакладу, які суправаджаў рэзалюцыю, дэпутатка зь Фінляндыі Аннэ-Мары Віралайнэн.

«Гэта элемэнт агрэсіі Лукашэнкі, скіраванай на дэстабілізацыю ЭЗ», — заявіла яна падчас дэбатаў. Паводле яе, многія мігранты з Іраку, Афганістана, Кубы, Шры-Лянкі, Індыі, якія трапілі ў Латвію і Літву, расказалі што іх перапраўкай у ЭЗ наўпрост займаліся беларускія спэцслужбы.

Віралайнэн таксама адзначыла, што наплыў мігрантаў стварыў вялікую нагрузку на Латвію, Літву і Польшчу.

«Яны не разьлічаныя на такі вялізны прыток мігрантаў, у іх недастаткова інфраструктуры і пэрсаналу для іх разьмяшчэньня», — прызнала дакладчыца, адзначыўшы, што гэта не здымае з гэтых краінаў абавязкаў абараняць просьбітаў прытулку.

Профільны камітэт адхіліў папраўкі пра санкцыі

Многія выступоўцы заявілі, што тэкст рэзалюцыі надта мяккі што да Беларусі.

«У дакладзе прапануюцца толькі тэарэтычныя рашэньні, але нічога не гаворыцца аб практычных. А гэта ж тры краіны-сябра нашай арганізацыі сутыкнуліся з сурʼёзнай праблемай, а даклад не прапануе ніякай канкрэтнай дапамогі», — сказаў нідэрляндзкі дэпутат Боб ван Парэрэн.

Яго падтрымаў дэпутат з Францыі Андрэ Гаталян. Ён заявіў, што супраць рэжыму Лукашэнкі трэба прымяніць глябальны санкцыйны мэханізм Эўразьвязу за парушэньні правоў чалавека.

«Трэба выразна заявіць пра тое, што нам нестае інструмэнтаў для супрацьдзеяньня гэтай гібрыднай атацы, і пераходзіць ад слоў да дзеяньняў», — заклікаў ён.

Як стала вядома DW, усе папраўкі да тэксту рэзалюцыі, у якіх прапаноўвалася ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў выпадку новага абвастрэньня міграцыйнага крызісу, былі адхіленыя профільным камітэтам. Таму на галасаваньне іх не выносілі.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG