Дзясяткі людзей сядзяць і ляжаць у калідоры транзытнай зоны Нацыянальнага аэрапорту «Менск» (MSQ). Вакол валяецца сьмецьце, а абстаноўка сьведчыць пра тое, што людзі, падобна, знаходзяцца ў гэтым памяшканьні далёка ня першы дзень. Відэа зьявілася ў чаце беларусаў Уроцлава.
Як паведамляе ў сваім тэлеграм-канале блогер Антон Матолька, праз аэрапорт у Беларусь у сярэднім заяжджаюць каля 500 чалавек у дзень, якія могуць трапляць пад катэгорыю мігрантаў. На мінулым тыдні Матолька паведамляў, што ў транзытнай залі MSQ знаходзіліся каля 450 грамадзян арабскіх краін.
Колькасьць мігрантаў, якія чакаюць выдачы візаў у транзытнай зоне, паводле інфармацыі блогера, даходзіла да 700 чалавек.
Раней польскія дзяржаўныя службоўцы засьцерагалі ўлады Эўразьвязу ад далейшай адсутнасьці жорсткай рэакцыі на дзеяньні Менску. Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што «ў Беларусі звыш 10 тысяч, а можа, і больш асобаў, якія перамешчаныя з Блізкага Ўсходу, пераважна з Іраку, а таксама з Сырыі, каб праводзіць гібрыдную атаку».
Няспынны паток мігрантаў на межах назіраецца зь ліпеня і працягваецца да сёньня. 28 верасьня польскія памежнікі зафіксавалі 473 спробы нелегальнага пераходу мяжы, гэта рэкорд за ўвесь час. Улады Польшчы і Літвы патрабуюць ад Бруселю больш сур’ёзных захадаў супраць рэжыму Лукашэнкі.