Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт Свабоды: Пяты пакет санкцый супраць беларускага рэжыму можа быць гатовы да канца кастрычніка


Польскія вайскоўцы ўзводзяць загароду з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, жнівень 2021 г.

Пра гэта паведаміў Рыкар Юзьвяк, брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода, у сваім Твітэры.

Юзьвяк адзначыў, што пяты пакет санкцый адлюструе міграцыйны ціск на межах Літвы, Латвіі і Польшчы зь Беларусьсю.

Міграцыйны крызіс-2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • 19 верасьня прэм’ер-міністар Польшчы заявіў, што «ў Беларусі звыш 10 тысяч, а можа, і больш асобаў, перамешчаных з Блізкага Ўсходу, пераважна з Іраку, а таксама з Сырыі, каб праводзіць гібрыдную атаку».
  • 23 верасьня памежная служба Польшчы паведаміла пра сьмерць яшчэ аднаго мігранта. Раней было вядома пра сьмерць трох мігрантаў на польскім баку мяжы і аднаго на беларускім.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • У Нямеччыне ў верасьні выявілі некалькіх мігрантаў пераважна з Іраку, якія апынуліся ў краіне транзытам празь Беларусь. У Літве, Польшчы альбо Латвіі ім удалося абмінуць і памежнікаў, і паліцыю і дабрацца да Нямеччыны.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу. Супраць групы грамадзян Беларусі і Польшчы пачалі крымінальную справу за зьнішчэньне ўчасткаў калючага дроту, расьцягнутага на мяжы.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы.
  • Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям. Таксама ён заявіў, што чвэрць затрыманых мігрантаў мае дачыненьне да ўзброеных фармаваньняў на Блізкім Усходзе.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў. Усе папраўкі да тэксту рэзалюцыі, у якіх прапаноўвалася ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў выпадку новага абвастрэньня міграцыйнага крызісу, адхіліў профільны камітэт.
  • 4 кастрычніка польскія памежнікі знайшлі на беларуска-польскай мяжы ў Падляскім ваяводзтве муляж выбуховага прыстасаваньня. За некалькі дзён да гэтага паведамлялася, што беларускія памежнікі правакуюць польскіх, кідаючы ў іхны бок прадметы і накіроўваючы зброю.
  • 6 кастрычніка Памежная варта Польшчы паведаміла, што за жнівень і верасень спынілі звыш 14 тысяч мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі па-за межамі пунктаў пропуску. Акрамя таго, амаль штодня затрымлівалі памагатых мігрантаў, якія спрыялі парушэньню закону.
  • 8 кастрычніка Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Польшчы Аляксандра Часноўскага выклікалі ў польскі МЗС у сувязі з сытуацыяй на мяжы. Варшава трактуе паводзіны беларускага боку, як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Неаднаразова, зь відэадоказамі заяўлялася, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • 12 кастрычніка міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў пра падрыхтоўку новага закону, згодна зь якім на польска-беларускай мяжы ўзьвядуць агароджу для супрацьдзеяньня нелегальнай міграцыі, скарыстаўшыся досьведам Вугоршчыны з 2015 году, калі тая змагалася з наплывам мігрантаў праз тэрыторыю Сэрбіі.
  • 14 кастрычніка, пасьля чарговай навіны пра сьмерць сырыйскага мігранта на мяжы, польскі Сэйм ухваліў папраўкі ў закон, які рэглямэнтуе пабудову агароджы з датчыкамі руху. Мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу, дзяржаўным службам дазволілі высылаць з краіны, калі тыя зьвярнуліся па атрыманьне прыстанішча, прыбыўшы не з краін, дзе ім пагражала непасрэдная небясьпека.
  • Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас 18 кастрычніка заявіў: «Лукашэнка — кіраўнік дзяржаўнай сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў». Перад гэтым прафсаюз паліцыянтаў Нямеччыны выступіў за ўвядзеньне кантролю на мяжы з Польшчай з прычыны патоку мігрантаў. У Нямеччыну празь Беларусь нелегальным чынам на той момант трапілі звыш 4300 мігрантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG