Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завезьлі ў «амэрыканку», прынялі перадачы. Што вядома пра затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азоту»


«Гродна Азот»
«Гродна Азот»

Шэсьць затрыманых работнікаў «Гродна Азоту» застаюцца пад вартай у СІЗА КДБ. Да некаторых здолеў трапіць адвакат, ім перадалі перадачы.

Затрыманьні азотаўцаў ішлі з 19 па 23 верасьня. На 24 верасьня вядома, што пад вартай засталіся шэсьць былых і дзейных работнікаў «Гродна Азоту»:

1. Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3»;
2. Андрэй Пагярыла, былы сьлесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3»;
3. Уладзімер Жураўка, былы апэратар ДПУ цэху «Аміяк-3»;
4. Андрэй Башан, работнік цэху «Аміяк-3»;
5. Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;
6. Вадзім Яфіменка, супрацоўнік «Хімвалакна».

Сяргей Шэлест
Сяргей Шэлест

Як паведаміла крыніца з «Гродна Азоту», усіх перавялі ў СІЗА КДБ. Цяпер заключаюць дамовы з адвакатамі, нехта пагадзіўся на дзяржаўнага абаронцу. Адвакаты пад падпіскай аб неразгалошваньні. Сваякі паехалі ў Менск, каб перадаць затрыманым перадачы.

Сяргей Шэлест, Андрэй Пагярыла, Аляксей Сідар
Сяргей Шэлест, Андрэй Пагярыла, Аляксей Сідар

Наколькі вядома, абвінавачаньняў яшчэ не прад’яўлялі. Прычына затрыманьня азотаўцаў невядомая.

Валянцін Цераневіч
Валянцін Цераневіч

Чацьвёра з затрыманых працавалі ў «самым пратэставым» цэху прадпрыемства «Аміяк-3». Менавіта там найбольш работнікаў летась у кастрычніку адмовіліся заступаць на зьмену, каб вымусіць кіраўніцтва паступова спыніць вытворчасьць. Аднак гэтага не атрымалася. Траіх звольнілі летась у лістападзе: Шэлеста, Пагярылу і Жураўку. Першыя двое спрабавалі аднавіцца на працы праз суд разам яшчэ з 11 калегамі, але прайгралі.

26 кастрычніка 2020 году. Частка работнікаў «Гродна Азоту» адмаўляецца заступаць на зьмену, каля 150 чалавек сабраліся на прахадной
26 кастрычніка 2020 году. Частка работнікаў «Гродна Азоту» адмаўляецца заступаць на зьмену, каля 150 чалавек сабраліся на прахадной
Азотаўцаў жорстка затрымалі сілавікі ў экіпіроўцы, 26 кастрычніка 2020 году
Азотаўцаў жорстка затрымалі сілавікі ў экіпіроўцы, 26 кастрычніка 2020 году

Пра Шэлеста і Пагярылу гарадзенцы пачулі, калі тыя год таму павесілі бел-чырвона-белы сьцяг на тэлевізійную вежу ў Горадні. За гэта адседзелі па 10 содняў.

Двое затрыманых, Цераневіч і Яфіменка, працавалі на заводзе «Хімвалакно», які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту», але займаецца іншай вытворчасьцю.

Яшчэ чатырох работнікаў «Азоту» выпусьцілі пасьля затрыманьня. Гэта Рыгор і Арцём Рубаны, Дзьмітры Ільюшчанка, Аляксей Сідар. Яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Адначасна з азотаўцамі затрымалі работнікаў БМЗ Аляксандра Гашнікава, Дзьмітрыя Елісеева і Сьвятлану Зыль (былая работніца), супрацоўнікаў Беларускай чыгункі Ганну Аблаб і Сяргея Дзюбу, работніка МТЗ Дзьмітрыя Колбіка. Амаль усе яны таксама ў «амэрыканцы», за выключэньнем Елісеева — ён у СІЗА Гомля, і Колбіка — ён на «Валадарцы».

Што адбывалася на «Гродна Азоце» пасьля выбараў

Супрацоўнікі «Гродна Азоту» бралі актыўны ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля гэтага генэральнага дырэктара Ігара Бабыра звольнілі, ягонае месца заняў былы віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка.

У першыя дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў азотаўцы выказалі жаданьне страйкаваць. Яны хацелі паступова спыніць працу прадпрыемства, бо тэхналягічны працэс тут складаны, і яго нельга спыніць умомант.

На сустрэчу з работнікамі «Азоту» прыяжджалі старшыня горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой, кіраўніцтва горадзенскай міліцыі, каб супакоіць пратэсты. Лідэр страйкаму «Азоту» Юры Рававы неўзабаве зьехаў ад перасьледу за мяжу.


13 жніўня з «Азоту» ў цэнтар гораду прайшла калёна прыкладна з 1000 чалавек. Яны далучыліся да іншых пратэстоўцаў і маршам прайшлі па горадзе. Працаўнікі заводу і далей бралі актыўны ўдзел у гарадзкіх акцыях пратэсту. Напрыканцы жніўня калёну з прыкладна 30 азотаўцаў затрымалі па дарозе ў цэнтар гораду.

Некалькі разоў над заводам нехта падымаў бел-чырвоны-белы сьцяг. На прадпрыемстве былі нечаканыя збоі ў працы абсталяваньня. Двое супрацоўнікаў «Гродна Азоту» паднялі бел-чырвона-белы сьцяг на горадзенскую тэлевежу, на вышыню 170 мэтраў.

Ранкам 26 кастрычніка, пасьля абвяшчэньня народнага ўльтыматуму, на прахадной прадпрыемства сабраліся каля 150 чалавек. Прыехалі аўтобусы з АМАПам і жорстка затрымалі дзясяткі чалавек, некаторых білі. Некалькі дзён частка працаўнікоў адмаўляліся пераймаць сваю зьмену, каб вымусіць кіраўніцтва спыніць вытворчасьць. 37 чалавек публічна далучыліся да страйку, частку зь іх пасьля звольнілі.

Аднак знайшліся работнікі, якія пагадзіліся працаваць па 36 гадзін запар, каб не спыняць вытворчасьць. На завод запрашалі вярнуцца пэнсіянэраў, былых работнікаў, на некалькі месяцаў прыехалі штрэйкбрэхеры зь іншых беларускіх хімічных заводаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG