Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены «азотавец» пра небясьпеку на прадпрыемстве: «У людзей нэрвы не жалезныя»


Сяргей працаваў у самым ужо вядомым цэху «Аміяк-3» на горадзенскім прадпрыемстве «Азот»
Сяргей працаваў у самым ужо вядомым цэху «Аміяк-3» на горадзенскім прадпрыемстве «Азот»

На горадзенскім прадпрыемстве «Азот» стварылі спэцыяльны аддзел бясьпекі, людзей забіраюць на гутаркі, на зьменах не хапае работнікаў, людзі працуюць у стрэсе. Няма гарантыі, што ў такой напружанай абстаноўцы нават дасьведчаныя спэцыялісты не разгубяцца ў няштатнай сытуацыі. Былы «азотавец» Сяргей расказаў, як цяпер працуе завод.

Звольнілі за прагулы, калі сядзеў у ізалятары

Сяргей працаваў у самым ужо вядомым цэху «Аміяк-3» у асабліва небясьпечным месцы і лічыўся амаль незаменным, бо такіх спэцыялістаў мала. 28 кастрычніка яго звольнілі.

Ён былы апаратнік сховішча вадкага аміяку. Працаваў на хімічным прадпрыемстве каля году. Перад гэтым тры месяцы рыхтаваўся, здаваў экзамэн. Кажа, што пытаньняў ад начальства наконт працы да яго раней не было. Тры месяцы лічацца паскораным курсам. Звычайна спэцыялістаў рыхтуюць паўгода.

Увосень ён адседзеў за пратэсты 10 дзён арышту. У дзень пачатку страйку 26 кастрычніка яго разам зь дзясяткамі паплечнікаў затрымалі сілавікі на прахадной «Азоту». Празь некалькі гадзін большасьць «азотаўцаў» выпусьцілі. Сяргей вярнуўся на завод, але прайсьці ўсярэдзіну ня змог — пропуск заблякаваны. У той дзень ён быў на выходным, вырашыў, што зможа прайсьці 29 кастрычніка, калі будзе ягоная зьмена.

Напярэдадні яму перазваніў начальнік зьмены, запытаўся, ці выйдзе на працу. Сяргей пацьвердзіў. Аднак 29 кастрычніка пропуск заставаўся заблякаваны. На працоўнае месца Сяргея не пусьцілі, ягоны непасрэдны начальнік пра гэта нічога ня ведаў.

Сяргею аддалі загад на звальненьне папярэднім днём. На ім не было візаў ні начальніка аддзяленьня, ні начальніка цэху, ні галоўнага інжынэра, ні генэральнага дырэктара — толькі подпіс начальніка аддзелу кадраў. Абходны ліст апаратнік таксама не падпісваў.

Прычына звальненьня — прагулы, калі Сяргей сядзеў. З 10 дзён ягонага арышту толькі 4 дні былі працоўныя. У Сяргея засталася даведка з ізалятара, аднак яе ніхто ня ўзяў пад увагу.

«Цягам месяца мой арышт на працы нікога не турбаваў», — камэнтуе суразмоўца.

Стварылі аддзел бясьпекі, выклікаюць на гутаркі

Экс-азотавец расказаў, што, паводле ягонай інфармацыі, нядаўна на прадпрыемстве стварылі новы аддзел бясьпекі, якім кіруе дзейны супрацоўнік КДБ. Свая служба бясьпекі была на заводзе і раней.

«Ён патрабуе ад начальнікаў цэхаў усю інфармацыю пра пэўных работнікаў, якія не прынялі зьмену, якія прысутнічалі на прахадной у першы дзень страйку, каго заўважылі на мітынгах, хто пачаў забастоўку», — расказвае суразмоўца пра новаўвядзеньні.

Толькі ў «Аміяку-3» ужо звольнілі 16 чалавек, у злучаным зь ім «Карбамідзе-4» — яшчэ некалькі. Па інфармацыі страйкаму «Азоту», з 26 кастрычніка звольнілі 19 работнікаў, пасьля выбараў яшчэ зь дзясятак. Ходзяць чуткі, што з часам «зачысьцяць» цалкам самы пратэставы цэх «Аміяк-3», пакінуць толькі «адданых кіраўніцтву, якія пагаджаліся працаваць па 2–3 зьмены запар». Таксама звальненьняў чакаюць многія ў «Карбамідзе-4».

«У аддзеле кадраў мне сказалі, што яны самі не разумеюць, што адбываецца. Нейкія людзі даюць загады на звальненьне, не дырэктар, не галоўны інжынэр», — узгадвае гутарку былы апаратчык.

Да таго ж работнікаў паасобку выклікаюць на гутаркі, на якіх прысутнічаюць сілавікі.

«Абстаноўка вельмі неспакойная. Праводзяць размовы зь людзьмі, там ёсьць пракурор, нехта яшчэ. Маўляў, начыталіся Nexta, што вы робіце?», — расказвае Сяргей.

«А што, калі людзі ня выйдуць на працу?»

Усяго ў «Аміяку-3» працуе каля ста чалавек. Апэратараў, якіх трэба рыхтаваць паўгода, — 32, расказвае Сяргей. Па ягоных зьвестках, толькі сем зь іх выйшлі на працу з пачаткам страйку. Іншыя або пайшлі на бальнічны, або ўжо звольненыя.

«Начальства кажа, якая небясьпечная вытворчасьць, але само парушае нормы бясьпекі. Садзяць на працоўныя месцы стажораў, якія яшчэ не здалі экзамэн. Начальства спрабуе ўтрымаць (вытворчасьць) любым коштам, бо інакш будзе перамога, якая пацягне за сабой іншыя», — кажа Сяргей.

Многія зьмены працягваюць працаваць у няпоўным складзе. У іх уваходзяць пэнсіянэры, стажоры, работнікі зь іншых падразьдзяленьняў, начальства. Прыехалі штрайкбрэхеры з «Нафтану».

Сяргей кажа, што многія работнікі іншых хімічных прадпрыемстваў праз салідарнасьць адмовіліся ехаць. На ягоную думку, нават супрацоўнікаў з падобнай вытворчасьці трэба доўга рыхтаваць да працы на «Азоце».

«Людзі прыедуць, іх трэба больш-менш падрыхтаваць. Яны ня здолеюць зь першага дня працаваць», — перакананы суразмоўца.

У «Аміяку-3» два найбольш важныя падразьдзяленьні — цэнтральная панэль кіраваньня (гэта як мозг цэху, ад якога залежыць спыненьне заводу) і сховішча вадкага аміяку — самае небясьпечнае месца. Тут захоўваюць вялікую колькасьць вадкага аміяку, які потым выкарыстоўваюць у вытворчасьці ў іншых цэхах. Калі зрабіць памылку і дапусьціць разгермэтызацыю сховішча, воблака накрые ўсю Горадню. Аміяк паралізуе дыханьне і пакідае апёкі на скуры. Абодва падразьдзяленьні патрабуюць няспыннага нагляду спэцыялістаў.

«Вельмі напружаная абстаноўка. Ідзе працоўны працэс, а ў чалавека думкі іншыя ў галаве: ці дойдзе ён да дому, ці не затрымаюць. Цяпер работнікі запужаныя. Ва ўсіх такі настрой, што на працу гоняць дручком. На прахадной дзяжураць аўтобусы з АМАПам. Мала што можа здарыцца. А што, калі ён разгубіцца, калі раптам узьнікне нестандартная, пазаштатная сытуацыя? Яны разумеюць, на якім заводзе яны працуюць, што ў іх за плячыма гэтае сховішча, таму выходзяць на працу. А што, калі ня выйдуць? У людзей нэрвы не жалезныя. Барані Божа, нешта здарыцца, тады хмарай аміяку накрые ўвесь горад», — разважае Сяргей пра атмасфэру ў калектыве і небясьпеку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG