Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мы ня ў робах, гэта ня значыць, што нас няма». Як пратэстуюць на «Хімвалакне» ў Горадні


Валянцін Цераневіч
Валянцін Цераневіч

Прадстаўнік страйкаму прадпрыемства «Хімвалакно», памочнік майстра Валянцін Цераневіч расказаў, што работнікі працягваюць пратэставаць, хоць паўнавартаснай забастоўкі ня выйшла.

Работнікі «Хімвалакно» і «Гродна Азот» (першае прадпрыемства ўваходзіць у склад другога) выйшлі на чале пратэставай калёны ў Горадні 13 верасьня. Некаторыя былі ў працоўных робах, хоць кіраўніцтва забараніла выносіць форму за тэрыторыю заводу. Усяго на «Гродна Азот» працуе больш за 13 тысяч чалавек, у тым ліку на «Хімвалакне» — каля 2800.

Урэшце ў нядзелю затрымалі некалькі супрацоўнікаў «Гродна Азот», сярод іх і Валянціна Цераневіча. Мужчына расказаў пра змаганьне на «Хімвалакне». Ніжэй ягоны аповед.

«Забастоўка на «Хімвалакно» ня скончылася. На базе страйкамаў ствараюцца незалежныя прафсаюзы. Людзі выходзяць з асноўнага прафсаюзу і ўступаюць у незалежныя. Мы стараемся зрабіць гэта законна, каб рэальна лічылася, што мы існуём. Каб кіраўніцтва заводу лічылася з намі.

Цяпер каля 50 чалавек выйшла з асноўнага прафсаюзу. Каб выйсьці, трэба некуды ўступіць. Бадзяжнымі авечкамі таксама ніхто ня хоча быць. Людзі хочуць, каб іхныя правы адстойвалі перад кіраўніцтвам. Незалежны прафсаюз ім патрэбен для гэтага. Калі на некага з нас будуць ціснуць і звальняць, каб маглі падняцца людзі, якія ёсьць у незалежным прафсаюзе, і маглі адстойваць нашыя інтарэсы.

Цяпер незалежнага прафсаюзу няма. Ён фармуецца, мы кансультуемся з юрыстамі, зьбіраем дакумэнтацыю, каб гэта было на законных падставах. Кіраўніцтва заводу ніколі ў жыцьці гэтага не пацьвердзіць. Цяпер кіраўніцтва нашага прадпрыемства паўсюль крычыць, што ў нас не існуе страйкаму — але ён існуе. І нават прадстаўнік за мяжой ёсьць — Юра Рававы (лідэр страйкаму «Азоту», які быў вымушаны зьехаць за мяжу. — РС) працуе, зьбірае дакумэнтацыю.

Пакуль мы працуем асобна ад «Азоту», бо цяжка ўтрымліваць дзьве гаспадаркі. Там працуе 7 тысяч чалавек. Многія адно аднаго ня ведаюць у твар. Людзі сапраўды цяпер баяцца давяраць, бо раскол у грамадзтве ёсьць.

Мы выконваем сваю работу строга па інструкцыях, кшталту італьянскай забастоўкі. Мы робім, што можам, ставім перад сабой задачы, пасільныя для нас. Раней мы працавалі так, як нам скажуць, папросяць, па магчымасьці. У нас раней і вытворчасьць была большая, частка машын цяпер стаіць. Да студзеня мы цалкам станем і без страйку. У нас пустыя склады.

Каб баставаць, трэба цалкам спыніць завод, пачынаючы з прыбіральніц. Спыненьне заводу — няпростая рэч, асабліва такіх заводаў, як «Азот» і «Хімвалакно». Гэта можа прынесьці ня толькі эканамічныя наступствы, але і экалягічную катастрофу.

Калі б не было настрою, нас бы тут (на маршы пратэсту) не было. Страх ёсьць, у людзей крэдыты, растэрміноўкі. Кожны баіцца звальненьня. Мы гуляем на тым, што няма спэцыялістаў, што ніхто на завод ісьці ня хоча. Засталіся тыя, хто ёсьць. Людзей, якіх ловяць за парушэньні, усё роўна пакідаюць працаваць на прадпрыемстве, бо працаваць сапраўды няма каму.

Пакуль ціску на работнікаў няма. За хуліганскія выхадкі, за тое, што павесілі [бел-чырвона-белы] сьцяг на самы высокі пункт заводу, ніхто нікога не пакараў.

Ніхто нікога ня кінуў, рух ёсьць. Няпраўда, што ніхто не супраціўляецца. На маршы пратэсту 13 верасьня было досыць шмат людзей з «Хімвалакна» і з «Азоту». Калі мы ня ў робах, гэта ня значыць, што нас няма. Мы ёсьць.

Самае галоўнае — ставіць перад сабой задачы, якія можна вырашыць, па сілах. Ні мой страйкам, ні калектыў майго заводу ня змогуць зрынуць Лукашэнку сваімі сіламі. Але мы можам хаця б нешта зрабіць для барацьбы, хаця б вывесьці людзей зь дзяржаўнага прафсаюзу.

Дзякуй Аляксандру Рыгоравічу, ён згуртаваў людзей. Цяпер, калі праходзіш міма суседзяў, раней часам і не віталіся, а цяпер мы размаўляем і вырашаем пытаньні. Людзі згуртаваліся, узаемадапамога пайшла.

Каб зрабіць дзейнасьць больш бясьпечнай, увесь рух разьбіты на звёны. Зьвенавыя камунікуюць паміж сабой. Усё, як у партызанаў. Большая частка нашай працы будзе скіраваная на вырашэньне працоўных пытаньняў, працоўных спрэчак з кіраўніцтвам. Мы пастаянна іх будзем тузаць, трымаць у тонусе, у падвешаным стане. Гэта тое, што мы можам зрабіць".

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG