Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альпіністы, на выхад!» Супрацоўнік «Азоту» расказаў, як яны павесілі нацыянальны сьцяг на тэлевышку


«Азотавец» ананімна расказаў, як ён у Горадні з калегам павесіў бел-чырвона-белы сьцяг на вышыні 160–170 мэтраў. Пасьля абодва адседзелі па 10 сутак за дробнае хуліганства.

Мужчыны вырашылі ўзьняць нацыянальную сымболіку на вышыню пасьля мітынгу 27 верасьня. Тады акцыя каля моладзевага цэнтру «Галяктыка» працягнулася каля 5 хвілін, скончылася жорсткімі затрыманьнямі і крымінальнымі справамі за супраціў сілавікам.

Позна ўвечары «азотаўцы» пайшлі пад тэлевежу на вуліцы Горкага. Увышыню яна 254 мэтры, агароджаная, але не з усіх бакоў. Падысьці да яе нічога не перашкаджала. Бязь нейкіх прыстасаваньняў за 50 хвілін абодва ўскараскаліся больш як на палову вышыні. Там і замацавалі бел-чырвона-белы сьцяг. Сфатаграфаваць не змаглі – было вельмі цёмна.

«Калі мы залезьлі, там [унізе] нікога не было. Мы павесілі і спускаліся. Мы амаль спусьціліся, калі прыехалі людзі. Відаць, ахоўнік прачнуўся, выйшаў, паглядзеў: "Ну нічога сабе!"», – узгадвае мужчына.

Міліцыянты прыехалі вельмі хутка. Сказалі, што гарадзенцы парушылі закон.

«Я кажу: "Чаму, калі гэта аб’ект, які ахоўваецца, яго не ахоўвалі?"... А што мы такога рабілі? Мы ж яе не зламалі... Я мяркую, што мы благога нічога не рабілі. Мы проста выказалі сваю думку. Мы ішлі без намераў нешта зламаць або папсаваць нечую маёмасьць», – кажа суразмоўца.

Сьцяг правісеў некалькі гадзін, а пятай раніцы яго зьнялі. Спачатку сказалі, каб самі «азотаўцы» за ім вярнуліся наверх, аднак хлопцы адмовіліся.

Калі міліцыянты даведаліся, што хлопцы працуюць на «Гродна Азоце», то пачалі іх вінаваціць, што яны актыўныя ўдзельнікі страйкаму.

«Пару словаў сказалі пра сьцяг, а потым пачалі нам страйкам вешаць. Нібыта мы заклікалі да забастовак на заводзе, нібыта ўсе спыненьні абсталяваньня мы зрабілі. Паказаў мне нейкую паперу, ксэракопію нечага, але так усё размыта, што не відаць нічога. Я кажу: пра страйкам нічога ня ведаю, не хадзіў нікуды, а паломкі былі тэхналягічныя», – успамінае мужчына.

На суд прыехала дзяржаўнае горадзенскае тэлебачаньне, аднак хлопцы адмовіліся, каб іх здымалі. Сьведкам выступаў міліцыянт, які нібыта бачыў, як хлопцы спускаліся з тэлевышкі. Судзьдзя папрасіла ўдакладніць, што парушылі падсудныя. Сьведка адказаў, што яны «парушылі закон». На судзе ў азотаўцаў пыталіся, хто і колькі ім плаціць, на каго яны працуюць, ці камунікуюць яны зь некім з-за мяжы.

«У каго ні запытаесься, ніхто ніякіх грошаў не атрымліваў. За ўсе дні, што я хадзіў, я б ужо і працу, напэўна, кінуў. Нават крыўдна [што ня плацяць]», – жартуе мужчына.

«Азотаўцы» сядзелі ўсе 10 сутак разам у адной камэры ў горадзенскім ізалятары. Кажа, што ставіліся да іх нармальна. Калі скончыўся тэрмін, то ахоўнік скамандаваў: «Альпіністы, на выхад!».

Сустракалі іх з ізалятара ноччу і сябры, і калегі, «як герояў».

Суразмоўца ведае, што ягонае начальства выклікалі на размову «вышэй» і патрабавалі звольніць хлопцаў. Але па працы да «азотаўцаў» няма пытаньняў, і звальняць іх адмовіліся.

Калі раней ад іншых затрыманых работнікаў прадпрыемства патрабавалі напісаць заявы на звальненьне, у знак салідарнасьці такія заявы напісалі каля 120 іхных калегаў, але пакуль трымаюць іх у сябе. Каб падрыхтаваць тэхноляга для працы на «Азоце», трэба мінімум паўгода.

«Канечне, я на мітынгі пайду. Кожную нядзелю. Думалі, узялі мяне і напужалі?», – кажа работнік «Азоту» пасьля адседкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG