Яны нібыта інфармуюць «калектыўны Захад» пра спробы абысьці санкцыі.
Пра гэта Лукашэнка заявіў 23 верасьня, падчас размовы міністрам прамысловасьці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым.
«Мы проста ня маем права падаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэньняў для мінімізацыі ўзьдзеяньня санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсьць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць „калектыўны Захад“ аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысьці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды», — заявіў Лукашэнка.
«Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я шчыра кажу. Але, тым ня менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта ня проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Гэта людзі, якія сьвядома за грошы спэцслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта зьвярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі», — заявіў Лукашэнка.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», за папярэднія дні затрымалі 15 людзей, зьвязаных з рабочым рухам:
Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка, зьмешчаная ў СІЗА КДБ;
Мацьвей Ведзянееў, БМЗ;
Аляксандар Гашнікаў, БМЗ, зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка, зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
Уладзімер Жураўка, «Гродна Азот»;
Сьвятлана Зыль, былая працаўніца БМЗ;
Дзьмітры Ільюшчанка, «Гродна Азот»;
Дзьмітры Коблік, кранаўшчык стрыжневага ўчастку МТЗ (затрымалі 16 верасьня);
Андрэй Пагярыла, «Гродна Азот», зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
Арцём Рубан, «Гродна Азот»;
Рыгор Рубан, «Гродна Азот»;
Аляксей Сідар, машыніст цэху «Карбамід-2» на «Гродна Азоце»;
Валянцін Цераневіч, «Гродна Азот»;
Сяргей Шэлест, «Гродна Азот», зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
Вадзім Яфіменка, «Гродна Азот».
Акрамя таго, 21 верасьня ў Наваполацку прайшоў ператрус у кватэры старшыні арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгі Брыцікавай. Цяпер яна пад падпіскай аб невыдаваньні.