Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Далікатная прысутнасьць у польскай мове». Размова з Андрэем Хадановічам пра яго новую кнігу


Андрэй Хадановіч. Фота Тацяны Заміроўскай
Андрэй Хадановіч. Фота Тацяны Заміроўскай

Ян Максімюк размаўляе з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам пра кнігу яго выбранай паэзіі ў польскім перакладзе.

Дзьвюхмоўная кніга, якая носіць назву «Zabawy fantomowe», зьмяшчае 70 вершаў паэта ў польскім перакладзе Адама Паморскага. Кніга выйшла ў выдавецтве «Pogranicze», яе прэзэнтацыя зьяўляецца адным з пунктаў праграмы Міжнароднага літаратурнага фэстывалю імя Чэслава Мілаша ў Кракаве 9-11 ліпеня.

Фрагмэнты гутаркі:

Што Хадановіч робіць у Польшчы?

«Я цяпер у Варшаве як стыпэндыят месячнай стыпэндыя Старамесцкага цэнтру культуры. Гэта быў конкурс, я туды падаў свой перакладчыцкі праект. Але разам з тым гэта праект падтрымкі нашай краіны і ўвогуле ўсходніх суседзяў — ён зроблены для беларусаў, украінцаў і расейцаў. Сёлетні год юбілейны для Цыпрыяна Каміля Норвіда — яму неўзабаве будзе 200 гадоў. Мы з калегамі рыхтуем яго новае беларускае выданьне. Я мушу тут напружана папрацаваць над новымі норвідаўскімі перакладамі».

Пра кнігу «Zabawy fantomowe»

«Польскі загаловак „Zabawy fantomowe“ — па старым вершы, вельмі мне любым, які называецца „Фантомныя радасьці“. (…) Перакладчык гэтай кнігі Адам Паморскі сказаў, што па-польску так у множным ліку не гавораць, і прапанаваў сынонім „Zabawy fantomowe“. Я цудоўна разумею, што гэта не зусім адно і тое ж — штосьці польская назва набывае, а штосьці страчвае. На шчасьце, мы маем дзьве вэрсіі разам, і хто захоча паглыбіцца, атрымае аб’ёмнае разуменьне аднаго і другога. Гэта кніжка дзьвюхмоўная: зьлева 70 беларускіх тэкстаў, справа пераклады Адама Паморскага.

Кніжку можна назваць „выбраным“ і дэбютам адначасова, бо гэта, як мне здаецца, найлепшыя вершы зь сямі папярэдніх кніг, але яны сур’ёзна дапоўненыя найноўшымі тэкстамі, якія пісаліся, пачынаючы зь лета 2020 году, і якія актыўна пісаліся на пачатку 2021-га ў заваленай сьнегам мілашаўскай Краснагрудзе».

Пра пераклад на польскую

Польскі перакладчык Адам Паморскі
Польскі перакладчык Адам Паморскі

«Два дзесяцігодзьдзі маёй далікатнай прысутнасьці ў польскай мове — гэта супраца з рознымі, некалькімі цудоўнымі перакладчыкамі. Я шчыра ўдзячны Богдану Задуру і Лешку Энгелькінгу, польскім паэтам-перакладчыкам, і майму суразмоўцу Яну Максімюку, які для першай кніжкі ў 2006 годзе таксама шэраг вершаў пераклаў, па-мойму, вельмі цікава, зь вялікай любоўю і вынаходлівасьцю. Але тут мы вырашылі зрабіць штосьці такое цэласнае і аўтарскае. І гэтым займаўся Адам Паморскі. Частка з гэтых перакладаў рабілася раней, на працягу апошніх 15 гадоў, але большасьць — у нейкіх гераічных, высокіх тэмпах — апошнія месяцы. (…) Тут я разумеў, што найскладанейшыя задачы перакладчык разьвяжа, найскладанейшыя алюзіі — часам, можа быць, і не даслоўна — ён зробіць зразумелымі польскаму чытачу. Ну і зразумела, што мы з палякамі настолькі блізкія суседзі, што і па тэмпэрамэнце, і па сьветаадчуваньні ўсё гэта блізкае…»

Пра фэстываль імя Чэслава Мілаша

«Гэта фэстываль з традыцыямі. Ён быў ініцыяваны яшчэ пры жыцьці Мілаша, калі ён вярнуўся ў Кракаў, і аказалася, што ў Кракава ёсьць два добрыя анёлы, два набэлісты — Мілаш і Віслава Шымборска. Мне пашчасьціла быць на 2-м фэстывалі ў 2011 годзе — ён быў юбілейны, быў прысьвечаны стагодзьдзю Чэслава Мілаша. Ён вельмі прэстыжны па аўтарах — ня толькі ўсе галоўныя і значныя паэты Польшчы там зьбіраюцца, але і важныя паэты з замежжа. Прыяжджаюць часам нобэлеўскія ляўрэаты, паэты, перакладзеныя на дзясяткі моваў сьвету. (…) Мы будзем прэзэнтаваць нашу кнігу 9 ліпеня, а 16-й гадзіне, разам з выдаўцом Кшыштафам Чыжэўскім».

Аб працы над перакладам «Пана Тадэвуша»

«Мая праца пакуль яшчэ нашмат бліжэйшая да пачатку, чым да канца. Я ўжо некалькі разоў зьбіраўся ўваходзіць у гэтую плынь, але некалькі разоў нешта спыняла. Я прыяжджаў на некалькі месяцаў ва Ўроцлаў, дзе бібліятэка Асалінэум, дзе арыгінал „Пана Тадэвуша“ захоўваецца, дзе ёсьць музэй „Пана Тадэвуша“. Я кансультаваўся шмат з спэцыялістамі — у чым жа ўсё-ткі гэтая загадка, гэтая таемная магія, здавалася б, такога простага твору на фоне іншых прац Адама Міцкевіча. Але пакуль гэта невялічкія фрагмэнты.

Праўда, ёсьць знакамітая „Інвакацыя“, ёсьць уступ да „Пана Тадэвуша“, які я перакладаў. Ён нават цяпер даступны ў такой мультымэдыйнай форме — ім скарысталіся ў сумесным музычным праекце Анджэй Стасюк, знакаміты польскі празаік, украінскі гурт „Гайдамакі“, ну і мой сябра Віталь Рыжкоў, які ў іпастасі рэпэра Ангста разам зь імі запісаў шматмоўны, такі шматкультурны ўступ да „Пана Тадэвуша“».

Тры вершы Андрэя Хадановіча з кнігі «Zabawy fantomowe»:

Фантомныя радасьці

Улетку асьцярожна абыходзіць месца, на якім пасьлізнуўся й падвярнуў нагу ў лютым.

Баяцца сустрэчы з родным дзядзькам, зубным доктарам, хоць ён даўно ўжо на пэнсіі.

Шкадаваць, што бібліятэка пераехала й больш не насупраць твайго факультэту, хоць твой факультэт сам пераехаў і даўно ўжо ў будынку партыйнай школы.

Ніколі не сьпяваць улюбёнай песьні з кінафільму, пасьля якога ты атрымаў па пысе ў вайсковым гарадку ў мікрараёне Ўручча.

Згадваць код перад тэлефонным нумарам, каб пазваніць у кватэру, дзе яна даўно не жыве, а каторы ўжо год жыве разам з табой.

Фантомныя радасьці. Настае момант, калі ад іх ужо не ўцячэш.

Калі ты спазьняесься на электрычку, якую сёньня адмянілі, і ты гэта ведаеш, але ўсё адно сьпяшаесься, рызыкуючы пасьлізнуцца й падвярнуць нагу.

Калі ты загаворваеш зубы бібліятэкарцы, што кажа, быццам ты пяць гадоў не вяртаеш кніжку, якой ты ніколі ня браў, і паказвае запоўнены тваёй рукой фармуляр.

Калі, едучы на мэтро ў бок мікрараёну Ўручча, ты спрабуеш прабіць на кампостэры для льготных талёнаў плястыкавы жэтон і разумееш, што незваротна вырас.

Калі ты хаваесься ў старой будцы тэлефона-аўтамата і звоніш адтуль па мабільніку.

Звоніш ёй.

Па ейным мабільніку.

Начная песьня вандроўніка

Выйду з гасьцей апоўначы ў двор:
цёмна, толькі ўгары
хтосьці ўключыў ліхтарыкі зор,
быццам пяюць «Муры».

Дзяцел зьбег у Літву, як шпег,
сочыць сава, як віж.
Добрае ночы, леташні сьнег,
дзякуй, што так рыпіш.

Тут халадэча з вады чужой
сьнежны пляце вянок
і замярзае па-над мяжой
тэлефонны званок.

Тут удыхаеш горкі дымок
з думкай: «А як твае?» —
там, дзе людзей забірае цмок,
і ня ўсіх аддае.

Там на губах застывае крык
з мацернай лічбай пі…
Так што давай, шукай сакавік,
рыпайся, сьнегам рыпі.

За паваротку — і проста ісьці
праз пагорак і стаў,
праз надзею, што ўсё ў жыцьці
будзе, як ты загадаў.

Проста крочыць да сонца, каб
сьвятаў сакавіка
зь песьнямі котак і танцамі жаб
дачакала дачка.

Травеньскі дзьмухаўцовапад
спусьціцца на зямлю.
Ну а пакуль — ні кроку назад:
рыпаюся, рыплю.

28.01.2021, Краснагруда.

* * *

Вучымся жыць з болем,
што прарос і пасьпеў.
Полем яго, колем
сэрца аб вечны сьпеў.

Дні — як дзесяцігодзьдзі,
а хвіліны — як дні.
Боль, супыніся, годзе.
Пашчу сваю заткні.

Радасьць у чорным сьпісе,
зьехала за мяжу.
Прэч. Сыходзь. Адчапіся.
Хопіць, каму кажу.

Простых правіл бясьпекі
больш ня будзе, стары.
Дзе вы, новыя лекі,
новыя дактары?

Вучымся жыць з болем,
сьціснуўшы між зубоў.
Полем яго, колем
сэрца аб дзіды шыпоў.

Боль не літаратура,
проста ўголас крычу.
І зелянее скура,
і чарнее ўваччу.

З клеткі сябе самога
як ні рвіся, — дарма.
Мроіцца перамога,
каб адступіў — і няма.

Толькі радасьць, якая
закіпае ў крыві:
Госпадзе, адпускае.
Ён сыходзіць. Жыві.

11.02.2021, Менск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG