Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па шляху эскаляцыі. Што вынікае з выступу Лукашэнкі?


Аляксандар Лукашэнка падчас прамовы 2 ліпеня

Улады пасьлядоўна ідуць па шляху эскаляцыі канфлікту як унутры краіны, так і з вонкавымі ворагамі. Мадэль крэпасьці ў аблозе — гэта сёньня адзіны магчымы спосаб выжываньня.

Сьцісла

  • Гэта была прамова чалавека, які знаходзіцца ў стане вайны, у атачэньні ворагаў.
  • Мадэль крэпасьці ў аблозе — гэта сёньня адзіны магчымы спосаб выжываньня.
  • Важны акцэнт у афіцыйнай рыторыцы ўладаў — гэта атаясамленьне ўсіх ворагаў — унутраных і вонкавых — з фашыстамі, нацыстамі.
  • Галоўнае, каб гэта ўзьдзейнічала на вузкую групу прыхільнікаў, сілавыя структуры.

Выступ Аляксандра Лукашэнкі 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Незалежнасьці, моцна адрозьніваўся ад папярэдніх. Гэта была прамова чалавека, які знаходзіцца ў стане вайны, у атачэньні ворагаў. Хоць, здавалася б, усе ворагі пераможаны, яны ў турмах, пратэсты зьніклі, з кім ваяваць?

Аднак, высьвятляецца, што па меры таго, як улады ўзялі сытуацыю пад кантроль і адбылася пэўная стабілізацыя, колькасьць ворагаў толькі ўзрасла. Гэта бачна па росьце маштабу рэпрэсій. Плюс актывізаваліся вонкавыя ворагі, якія ўвялі санкцыі.

То бок з выступу Лукашэнкі вынікае, што ўлады пасьлядоўна ідуць па шляху эскаляцыі канфлікту як унутры краіны, так і з вонкавымі ворагамі. Мадэль крэпасьці ў аблозе — гэта сёньня адзіны магчымы спосаб выжываньня.

Важны акцэнт у афіцыйнай рыторыцы ўладаў — гэта атаясамленьне ўсіх ворагаў — унутраных і вонкавых — з фашыстамі, нацыстамі. Не сказаць, што гэта зусім новы наратыў. Такія намёкі рабіліся і раней. А цяпер гэта дамінуючы трэнд прапагандысцкага канструкту.

Улады спрабуюць упэўніць, што сёньняшні «калектыўны Захад» працягае палітыку фашыстаў. Лукашэнка кажа: «Паглядзіце, як і 80 гадоў таму, мы чуем пра „новы парадак“ ад такіх жа носьбітаў „эўрапейскіх каштоўнасьцяў“. На чале — тыя ж заходнія эліты». Гэтым жа гісторыка-ідэалягічным субстратам памазалі ўсіх суседзяў. У адным зьвязку з фашыстамі Лукашэнка ўзгадаў літоўскіх «лясных братоў», украінскіх бандэраўцаў, «бандытаў Арміі Краёвай».

Прыкметная эвалюцыя ў ацэнцы тых, хто пратэставаў мінулым годам. Тады Лукашэнка казаў, што на вуліцы выходзяць «правакатары», «адмарозкі», «авечкі», «пʼяныя», «абкураныя», «наркаманы», «прастытуткі». Цяпер жа на іх вешаюць іншы ярлык: «нацысты». Лукашэнка адзначыў: «Многія з выклікаў нашай дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту, зь якімі мы сутыкаемся сёньня, ідуць сваімі каранямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Скажу больш, мы сутыкнуліся з фэномэнам адкладзенага дзеяньня калябаранцтва ў рэаліях нашага часу».

Як гэтыя недарэчныя паралелі могуць узьдзейнічаць у эпоху інтэрнэту? Думаю, для ўладаў гэта няважна. Галоўнае, каб яны ўзьдзейнічалі на вузкую групу іх прыхільнікаў, сілавыя структуры. Гэта, ва ўяўленьні Лукашэнкі і ёсьць народ, зь якім трэба мацаваць адзінства. А як жа астатнія? І тут Лукашэнка дае адказ: «Засталіся толькі ворагі, якія кажуць: не, гэта ня так, гэта іншае».

Вялізны кавалак выступу быў прысьвечаны падрабязнасьцям тэрарыстычных актаў. Дакладней, не саміх тэрактаў, якіх, як высьвятляецца, не было, а толькі намераў нейкіх людзей учыніць іх. Гэта цяжка камэнтаваць, маючы толькі агучаную інфармацыю.

Лукашэнка апавядаў пра выкрытыя «сьпячыя» тэрарыстычныя ячэйкі, так званыя атрады самаабароны. Трэба меркаваць, што за тэрарыстаў выдаюць падпісчыкаў Telegram-рэсурсу «Атрады самаабароны Беларусі». Іх там 2,5 тысячы.

Уладальнікам гэтага чату, паводле Лукашэнкі, зьяўляецца грамадзянін Нямеччыны спадар дэ Хофман. На гэтай падставе Лукашэнка абяцаў выставіць прэтэнзіі нямецкаму канцлеру. Адначасова высьветлілася, што асноўным мадэратарам быў грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Дуднікаў. Цікава, ці стане гэта падставай, каб вылучыць прэтэнзіі прэзыдэнту Расеі Пуціну?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG