Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна катэгарычна адхіляе абвінавачаньне ў нібыта пастаўках зброі». МЗС і Памежная служба Ўкраіны запярэчылі Лукашэнку


Будынак МЗС Украіны
Будынак МЗС Украіны

Украінскі бок не атрымліваў афіцыйных паведамленьняў аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю. Пра гэта ў камэнтары Радыё Свабода 2 ліпеня заявіў прэс-сакратар МЗС Алег Нікаленка.

Пра гэта таксама заявіла і Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.

«Апошнім часам памежнікі, якія праходзяць службу на „зялёным участку“ мяжы зь Беларусьсю і ў пунктах пропуску, не назіраюць істотных зьменаў у арганізацыі беларускага боку аховы мяжы і пераходу мяжы. У цяперашняй сытуацыі варта гаварыць не аб павелічэньні спробаў незаконнай дзейнасьці на ўкраінска-беларускай мяжы, а наадварот. Са жніўня мінулага году ўкраінскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю нясуць узмоцнены рэжым як у сухапутным, так і ў рачным сэгмэнтах.

Памежная служба Ўкраіны таксама значна павялічыла магчымасьці паветранага маніторынгу мяжы як пілятаванымі самалётамі, так і бесьпілётнікамі. Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны і Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пэрыядычна распрацоўваюць сумесныя аналізы пагрозаў і сумесныя справаздачы, якія падпісваюцца ў рамках прадстаўніцтва на мяжы. У апошняй такой справаздачы (па выніках мінулага году) беларускія памежнікі адзначылі зьніжэньне колькасьці зброі на мяжы з нашай краінай у 6,9 раза», — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага памежнага камітэту Ўкраіны.

Як заявіў прэс-сакратар МЗС Алег Нікаленка, «Украіна катэгарычна адхіляе абвінавачваньне Аляксандра Лукашэнкі ў нібыта пастаўках зброі з Украіны. Мы ніколі ня ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі. Мы не зьбіраемся гэтага рабіць у будучыні. Мы чакаем такой жа пазыцыі і ад Менску, каб паўночная мяжа заставалася прасторай бясьпекі».

Ён адзначыў, што палітыка Ўкраіны накіраваная на падтрымку законных інтарэсаў беларускага народу, які «заслугоўвае годнага жыцьця ў дэмакратычнай краіне, дзе паважаюцца правы чалавека і існуе вяршэнства закону».

«Замест гэтага пазыцыянаваньне Ўкраіны як зьнешняй пагрозы закладзена ў палітыцы дэзынфармацыі, рэпрэсій і запалохваньня беларускага насельніцтва. Мы перакананыя, што ніякія абсурдныя абвінавачваньні і запалохваньні ня змогуць адвярнуць беларускі народ ад добразычлівага ўкраінскага народу і Ўкраіны як дзяржавы, якая паважае і абараняе правы чалавека. Украінскі бок дагэтуль не атрымліваў афіцыйных паведамленьняў аб закрыцьці мяжы Беларусьсю. Беларускі народ у першую чаргу пацярпеў бы ад такога кроку», — дадаў Нікаленка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG