Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены ў Менску расеец Дуднікаў паскардзіўся на катаваньні і абмежаваньне ліставаньня


Ягор Дуднікаў
Ягор Дуднікаў

Паводле яго, у камэрах гарачыня падыходзіць пад 40 градусаў, вязьням даюць брудны посуд і абмяжоўваюць ліставаньне.

20-гадовы грамадзянін Расеі Ягор Дуднікаў застаецца за кратамі ад 5 траўня. У той дзень яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а неўзабаве пачалі супраць расейца крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за агучваньне відэаролікаў і аўдыёпаведамленьняў у тэлеграм-канале «ОГСБ». Ягор празь ліст з СІЗА расказаў пра катаваньні і біцьцё, якія ўжываліся да яго пасьля затрыманьня.

31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Амаль празь месяц Ягор перадаў праз свайго адваката расейскаму выданьню «Новая газета» вуснае паведамленьне аб тым, у якіх умовах яго ўтрымліваюць.

Дуднікаў скардзіцца, што ў яго баліць зуб, а таксама непакоіць посттраўматычны сындром. За кратамі ён вучыць ангельскую, чытае «Архіпэляг ГУЛАГ» і трэнуецца. Адзначае, што атрымлівае лісты ад зусім незнаёмых людзей.

«У СІЗА па-вар’яцку горача. А вэнтылятара няма. Апошні паверх і ад даху — чыста „асьвенцім“! Дыхаць няма чым, і зь ежай бяда. Але перадачы ратуюць. Тэлевізара няма і наагул навін. Псыхоляг быў на мінулым тыдні, у пятніцу, а псыхатэрапэўт да гэтага часу не прыйшоў».

Камэра, у якой утрымліваецца вязень, выглядае, па яго словах, жудасна — са сьцен і столі ўсё сыплецца і няма вокнаў. Посуд дрэнна мыюць ці ня мыюць наогул. Да таго ж вязень бачыў, як міскі падаюць на падлогу, а потым у іх жа даюць ежу зьняволеным, ад чаго тыя труцяцца. Ужо на трэці дзень заезду ў СІЗА атруціўся і сам Дуднікаў. Турэмны лекар жа можа ісьці па выкліку тры дні.

«Чыста ГУЛАГ, але бяз катаргі! Перадалі рэчы незнаёмыя людзі, дзякуй ім велізарны. Сусед па камэры зараз не адчувае пахаў і смаку. Тыдзень яму было вельмі дрэнна. Але я трымаюся бадзёра! Толькі кашаль замучыў. Я ўсім, хто мне піша, адказваю, блізкім адпраўляю па два лісты на тыдзень, але да мяне лісты даходзяць дрэнна — ад дзяўчыны атрымаў толькі адзін ліст, а ад мамы — усяго два».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG