Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагражаюць, што з турмы жывым ня выйдзе». Ціск на палітвязьня Дуднікава працягваецца і ў СІЗА


Затрыманьне пратэстоўца, ілюстрацыйнае фота

20-гадовага грамадзяніна Расеі Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Менску. Супраць яго пачалі крымінальную справу аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), нібыта за агучваньне фільмаў «для беларускай апазыцыі».

Раней Сьледчы камітэт ініцыяваў праверку на падставе скаргі расейца аб беспрычынным гвалце падчас затрыманьня. Па словах хлопца, сілавікі яго білі, «не шкадуючы рук і ног».

Партызанскі раённы суд Менску ў закрытым пасяджэньні разгледзеў скаргу на затрыманьне Ягора Дуднікава і яе не задаволіў. Абарона абскардзіла рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе, але таксама бясплённа. 31 траўня яго перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», ціск на палітвязьня не спыніўся і ў СІЗА. У запісцы зь ізалятару Ягор Дуднікаў расказаў пра катаваньні і біцьцё. Па словах ягонай маці Юліі, там яго аднойчы наведаў расейскі дыплямат, які паабяцаў паспрыяць, каб да зняволенага дапусьцілі лекараў. Аднак у выніку ўсё так і засталося абяцанкамі.

Запалохваньні, фізычны гвалт і ціск не спыніліся — яму пагражаюць, што «жывым з турмы ня выйдзе», працытавала маці допіс Ягора.

«Моцныя галаўныя болі, бессань, прыступы панічнага страху. Псыхатэрапэўт не прыходзіць, хоць пішу заявы празь дзень. Зуб баліць і ежа дрэнная. Катастрафічна не хапае вітамінаў і нармальных прадуктаў. Ад мамы дайшоў толькі адзін ліст, ад дзяўчыны — ніводнага! Затое было некалькі допісаў ад незнаёмых людзей, што вельмі ўзрадавала. Яшчэ Рыгор Кастусёў, зь якім сядзелі разам зь Віктарам Бабарыкам у СІЗА КДБ, перажывае, што яму не даходзяць лісты і навіны з волі... Знаходжаньне тут дае магчымасьць падумаць і моцна загартоўвае. Дзіка прашу прабачэньня і перадаю ўсім прывітаньні», — зьмяшчае ўрывак запіскі Ягора сайт «Вясна».

Цяпер Юлія Дуднікава рыхтуе звароты ў Камітэты ААН па фактах катаванняў і жорсткага абыходжання з сынам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG