Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказалі, калі не напішу яўку з павіннай — прызнаюць тэрарыстам»,— 20-гадовы расеец напісаў зь СІЗА пра сваё затрыманьне


Ягор Дуднікаў
Ягор Дуднікаў

Паводле праваабаронцаў, 20-гадовага грамадзяніна Расеі Ягора Дуднікава затрымалі ў Менску 5 траўня, але сам ён кажа — што 4-га. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Трымалі спачатку ў СІЗА КДБ, а з 31 траўня — у СІЗА № 1 на Валадарскага.

Адвакат Антон Гашынскі са слоў Ягора Дуднікава расказаў падрабязнасьці яго затрыманьня і далейшага лёсу «Новой газете».

...Працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманьні. Крычалі: «Поскудзь, дабегаўся?» У мяне ўсё ў вачах пацямнела...

[Cупрацоўнікі КДБ] сказалі, што я — Злойбэт (гэта імя карыстальніка ў тэлеграм-канале «Отряды гражданской самообороны Беларуси» — РС).

Наступствамі затрыманьня сталі сінякі і расколаты зуб.

Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ... што я агучваў відэаролікі, якія потым разьмяшчаліся на ютуб-канале Ботогсб /партизанскийбот" (такога каналу ў YouTube не існуе. У тэлеграм-канале ОГСБ ёсьць боты з падобнымі назвамі, магчыма, гаворка пра іх — РС).

Мяне два разы ўдарылі нагой у вобласьць грудзі і пасьля гэтага завялі панятых. Пачаўся вобшук.

Пасьля вобшуку ... у машыне закінулі на задняе сядзеньне, рукі ўвесь час былі ў кайданках.

Сказалі, што паедуць закопваць мяне. «Саджаць бульбу», — так пажартаваў адзін зь іх.

Мяне білі, бо я віну не прызнаваў. Білі жорстка.

[У КДБ] сказалі, што калі я буду вырабляцца, то павязуць у аддзяленьне АМАПу, і тады мне прыпомняць усе мае словы (у агучаных роліках). Я моцна спалохаўся, бо ведаю, што рабіў АМАП у жніўні 2020 году.

А гадзіне ночы пачаўся відэадопыт без адваката, дзе мне далі тэкст, які я зачытаў. ...Я баяўся і казаў тое, што ім трэба.

Яны прынесьлі гіру 32 кг і паставілі каля мяне.

Яны запатрабавалі даць доступ да тэлефонаў, да сваіх акаўнтаў у сацсетках і тэлеграме. Я падпарадкаваўся, згадваючы важкія ўдары нагамі ў грудзі за адмову.

Потым мне дазволілі паспаць на крэсьле. Я прыхіліўся да халоднага сэйфа і падрамаў.

Каля 11 гадзіны мне прынесьлі аркушы паперы, асадку і сказалі пісаць яўку з павіннай.

Сказалі, што калі не напішу, то мяне прызнаюць тэрарыстам і згнояць у турме, я ня ўбачу маму, сваю дзяўчыну. А калі напішу, то дэпартуюць у Расею, і я ўсё забуду, як страшны сон.

Яны казалі, што калі я ня буду ісьці на кантакт, прыедуць да маёй дзяўчыны, і мала ёй не падасца.

[У СІЗА КДБ] допыты здымалі на відэа, дзе я ўжо паўтараў завучаны тэкст.

25 траўня ... далі загадзя падрыхтаваныя адказы на пытаньні тэлевізійнікаў з АНТ. Далі час вывучыць адказы — і 28 траўня прыехалі людзі з тэлеканала АНТ і зрабілі запіс. Прасілі сказаць так: «Я, Дуднікаў Ягор, вядомы як Злойбэт. Вы лохі, балаболы, я расчараваны ў вас і я супрацоўнічаю са сьледзтвам».

У СІЗА КДБ я сядзеў зь Віктарам Бабарыкам і Рыгорам Кастусёвым... Адносіны з сукамэрнікамі добрыя, сталі яны мне ледзьве не дзядулямі, падвучыў беларускую мову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG