Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валейбалістка з Наваполацку. Гісторыя кар’еры Натальлі Качанавай


Ад дыспэтчаркі «Водаканалу» да намесьніцы прэм’ер-міністра, кіраўніцы Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Савету Рэспублікі.

Натальля Качанава — адна з самых уплывовых жанчын у беларускай вэртыкалі ўлады. Пасьля падзей жніўня 2020 году Качанава не атрымала заўважнага падвышэньня па кар’ернай лесьвіцы. Аднак старшыня Савету Рэспублікі працягвае адыгрываць значную ролю ў атачэньні Лукашэнкі. 21 чэрвеня 2021 году Качанаву ўключылі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

Як звычайная дзяўчына з Наваполацку стала адной з самых уплывовых жанчын краіны?

Марыла стаць выхавацелькай у дзіцячым садку

Натальля Качанава (дзявочае прозьвішча Талкачова) нарадзілася ў Полацку ў 1960 годзе. Яе бацька працаваў кавалём у ліцейным цэху аднаго з полацкіх прадпрыемстваў, маці была швачкай. Акрамя Натальлі, у сям’і было яшчэ двое дзяцей — яе старэйшы і малодшы браты Леанід і Алег. Сям’я жыла ў камунальнай кватэры на вуліцы Камуністычнай у цэнтры гораду. Ужо будучы старшынёй Наваполацкага гарвыканкаму, Качанава ўзгадвала, што зь сям’ёй да 30 гадоў жыла ў камуналцы, дзе не было гарачай вады.

Будучая топ-чыноўніца вучылася ў полацкай школе № 7, там жа пачала займацца спортам. Спачатку захапілася лёгкай атлетыкай, затым перайшла ў валейбол. Нават выступала за зборную школы на рэгіянальных спаборніцтвах. Пры гэтым Качанава прызнавалася, што спорт яе цікавіў выключна на аматарскім узроўні, яна зь дзяцінства марыла быць выхавацелькай у дзіцячым садку. Аднак пасьля школы вучыцца пайшла не ў пэдынстытут, а ў Наваполацкі політэхнічны. Зноў жа дзякуючы захапленьню валейболам. На адну з трэніровак Качанавай прыйшла трэнэрка з інстытуту і завабіла яе абяцаньнямі даць магчымасьць гуляць у валейбол і падчас вучобы ў ВНУ.

«Прыехалі (у політэхнічны інстытут. — РС), чытаем, якія спэцыяльнасьці тут прапануюць абітурыентам, — узгадвала Качанава. — Мяне чамусьці прыцягнула спэцыяльнасьць „водазабесьпячэньне і каналізацыя“. Як цяпер памятаю стэнд з малюнкамі, схемамі ачышчальных збудаваньняў».

Ад дыспэтчара водаканалу да намесьніцы старшыні гарвыканкаму за 12 гадоў

Пасьля інстытуту Натальлю Качанаву разьмеркавалі ў Сьветлагорск на «Хімвалакно», аднак працы ёй там не знайшлося. Будучая намесьніца кіраўніка ўраду расказвала, што яе не ўзялі за вышэйшую адукацыю — у кіраўніка цэху была толькі сярэдняя, таму маладому спэцыялісту ў Сьветлагорску былі ня рады.

Працу пасьля гэтага Качанава знайшла не адразу, уладкавацца ўдалося толькі простым дыспэтчарам на наваполацкім «Водаканале». На першым працоўным месцы яна выпісвала дакумэнты і адказвала на тэлефанаваньні. Але ўжо праз тры месяцы атрымала падвышэньне — стала інжынэрам. На «Водаканале» Натальля Качанава адпрацавала да 1995 году. Неўзабаве пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Лукашэнкі кар’ера Качанавай таксама пайшла ўгару, усяго за 12 гадоў яна з шараговага інжынэра ЖКГ Полацку стала намесьніцай кіраўніка полацкага гарвыканкаму. А за пяць наступных узначаліла гарвыканкам Наваполацку. Тады ж Натальля Качанава пазнаёмілася са сваім будучым непасрэдным начальнікам.

«На пасаду старшыні гарвыканкаму мяне ўзгаднялі ў некалькіх інстанцыях, апошнім быў прэзыдэнт, — расказвала яна ў 2011 годзе. — Спачатку ў мяне ў душы панаваў мандраж, я думала: і куды гэта я, і ці правільна гэта? Але калі пабывала ў Адміністрацыі прэзыдэнта, сустрэлася з кіраўніком дзяржавы, які ставіў перад намі задачы, то адразу супакоілася. Я зразумела, што буду працаваць так, як і працавала. Гэта значыць, буду, як і раней, усё рабіць на карысьць людзей... Выступленьне Аляксандра Лукашэнкі (на Ўсебеларускім сходзе. — РС) мяне сапраўды ўзрушыла! У некаторых момантах у мяне нават сьлёзы выступалі на вачах, таму што я адчувала шчырасьць гэтага чалавека, бачыла яго жаданьне данесьці да кожнага тое, што ў яго на душы».

Самая ўплывовая жанчына часоў кіраваньня Лукашэнкі

Наваполацкім гарвыканкамам Натальля Качанава кіравала да 2014 году. Адтуль, прамінуўшы прыступку ў аблвыканкаме, пераехала адразу ў Менск на пасаду намесьніцы прэм’ер-міністра, курыравала сацыяльную сфэру. Фармальна гэта самая высокая дзяржаўная пасада, якую займала жанчына ў сучаснай гісторыі Беларусі. А ўжо ў 2016 годзе Качанава ўзначаліла Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, дзе працавала да самага канца 2019 году. Такі хуткі кар’ерны рост Качанавай выданьне «Наша Ніва» зьвязвала з пратэкцыяй кіраўніка Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца. Не адмаўляла добрыя адносіны зь ім і сама чыноўніца.

На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць і тое, што менавіта Косінца Качанава замяніла на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

Працуючы ў адміністрацыі, Качанава запомнілася перадусім сустрэчамі зь людзьмі, якія зьвярталіся да Лукашэнкі са сваімі праблемамі. Ні Косінец, ні наступнік Качанавай Ігар Сергеенка такога не практыкавалі. Менавіта Качанава некалькі разоў сустракалася з маці салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў у Печах, — Сьвятланай. Сама Сьвятлана Коржыч сустрэчамі з чыноўніцай была задаволеная і адзначала шчырую зацікаўленасьць Натальлі Качанавай у тым, каб дапамагчы расьсьледаваць гібель яе сына.

Займалася чыноўніца і зусім нязначнымі справамі. У прыватнасьці, прыяжджала размаўляць з жыхарамі менскай Грушаўкі, якія выступалі супраць будаўніцтва новых шматкватэрных дамоў замест парку. Качанава нават асабіста абзвоньвала найбольш актыўных зь іх, каб разабрацца ў сытуацыі. Будоўлю ў выніку спынілі.

5 сьнежня 2019 году Натальлю Качанаву нечакана адправілі ў адстаўку з пасады кіраўніцы Адміністрацыі Лукашэнкі. У той жа дзень яе прызначылі ў Савет Рэспублікі, а яшчэ празь дзень Качанава стала першай жанчынай, якая ўзначаліла гэты орган. Узначаліўшы Савет Рэспублікі, яна не аддалілася ад Лукашэнкі. За некалькі месяцаў да выбараў ён нават назваў яе гатовай будучай прэзыдэнткай краіны, хоць і згадаў пры гэтым, што ў Беларусі Канстытуцыя напісаная «не пад жанчыну».

«Прызначэньне Качанавай — самая вялікая памылка»

Ужо пасьля падзей жніўня 2020 году Натальля Качанава стала адной з тых прыбліжаных да Лукашэнкі асобаў, хто спрабаваў залагодзіць незадаволенасьць ім на месцах. Яна актыўна сустракалася як са студэнтамі ВНУ, так і з рабочымі прадпрыемстваў, аддана баронячы на такіх мерапрыемствах афіцыйную лінію.

«Мы адышлі ад прорвы, але не сышлі ад той сытуацыі, якая можа нас дагнаць, — гаварыла Натальля Качанава на сустрэчы з чыноўнікамі Наваполацкага раёну 18 лістапада 2020 году. — Грамадзянская вайна можа быць немінучая. У гэтым вы можаце не сумнявацца. Я не магу маўчаць, хай мяне заб’юць, але я ніколі ня буду здраднікам тых людзей, якія адстаялі свабоду і незалежнасьць 75 гадоў таму, якія пабудавалі нашу Беларусь. А цяпер усім дрэнна. Ну як так? Мы ўсе, вы ўсе, СМІ павінны гаварыць людзям, павінны сустракацца. У адваротным выпадку разарвуць краіну».

Пры гэтым у Натальлі Качанавай хапае адкрытых крытыкаў нават у асяродзьдзі, якое заўсёды лічылася пралукашэнкаўскім. У канцы жніўня 2020 году былы галоўны рэдактар «СБ» Павал Якубовіч у размове з «Нашай Нівай» назваў прызначэньне Качанавай на пасаду кіраўніцы Адміністрацыі самай вялікай памылкай Лукашэнкі.

«Я асабіста лічу самай вялікай памылкай прызначэньне на асноўны дзяржаўны пост Натальлі Качанавай, — сказаў Якубовіч. — Яе эпоха — гэта эпоха дэкадансу. У галоўнага дзяржаўнага дарадцы набор зь дзесяці фразаў, накшталт „трэба быць бліжэй да людзей“, „людзі — гэта галоўнае“... Пры ёй была разваленая кадравая праца, ня самыя лепшыя кадры замяняліся горшымі. І гэта практычна на ўсіх узроўнях: старшыні аблвыканкамаў, не кажу ўжо пра райвыканкамы... Зладзействам я лічу арганізацыю карцінкі для Лукашэнкі, паказушніцтва. Маўляў, усё выдатна, толькі наперад! Адно на ўзьлёце, іншае на ўздыме! Аляксандра Рыгоравіча гэта заспакоіла, крывое люстэрка стала здавацца рэальнасьцю. СМІ перасталі выконваць нават прапагандысцкую ролю, а пачалі працаваць на шкоду дзяржаве».

У канцы 2020 году Лукашэнка ўзнагародзіў Натальлю Качанаву ордэнам Айчыны ІІ ступені. Яна працягвае займаць пасаду старшыні Савету Рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG