Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамадзянская вайна можа быць непазьбежнай». Качанава сустрэлася з чыноўнікамі Полаччыны


Натальля Качанава (у цэнтры), сьнежань 2020 году

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава 18 лістапада сустрэлася з чыноўнікамі Наваполацку і Полацкага раёну. На сустрэчы былі таксама дэпутаты зь іншых гарадоў-суседзяў. Цытаты з прамовы Качанавай (аўдыё) апублікаваў партал Tut.by.

Пра Рамана Бандарэнку

«Гэты выпадак з гэтым Бандарэнкам. Сам жа выскачыў [у двор]. Тое, што ён быў пʼяны — сто адсоткаў. Зараз разьбіраюцца, і ўжо ўсталявалі, што ў інтэрнэт выкінулі хлусьлівую інфармацыю, што ён быў цьвярозы. Але сьледзтва далей разьбярэцца. Але вы бачылі, як яго [Бандарэнку] паднялі? Мэмарыял! А колькі пʼяных [у цэлым па краіне] бʼюцца? Кожны дзень такія гінуць. А яны [пратэстуючыя] ладзяць паніхіды. Правільна прэзыдэнт (маецца на ўвазе Лукашэнка. — РС) сказаў: зачысьціць горад».

«Каб вы разумелі, цягам гадзіны там [15 лістапада ў двары «плошчы Пераменаў»] ужо было каля тысячы чалавек. І ўсе ўжо з кветкамі і лямпадкамі! Як такое можа быць? Вось памёр чалавек, думаеш, дзе кветачку набыць — для гэтага патрэбны час. А тут — вельмі хутка [у двары сабраліся]. Сцэнары распрацоўваюцца цудоўныя».

Пра сытуацыю ў краіне цяпер

«Мы адышлі ад прорвы, але не адышлі ад той сытуацыі, якая можа нас нагнаць. Грамадзянская вайна можа быць непазьбежнай. У гэтым вы можаце не сумнявацца».

«Сытуацыя няпростая, але кіраваная. Таму што, паверце, нас большасьць. А гэтая кучка [пратэстоўцаў] — мы ня можам зь імі неяк дамовіцца. Сталі адлічваць студэнтаў. І правільна, што сталі адлічваць. Хтосьці [на акцыі пратэсту] па дурасьці трапіў. Але іншы ж пачынае ўзьдзейнічаць на першакурсьнікаў».

Парады чыноўнікам, як працаваць далей

«Будзьце ўважлівымі, асьцярожнымі, працуйце зь людзьмі — і перамога будзе за намі! Мы ў гэтым ніколькі не сумняваемся, таму што нам ня сорамна перад людзьмі. Улада нічога не зрабіла, каб ёй саромецца і баяцца народу».

«Натуральна, яны [пратэстоўцы] разьлічвалі на бліцкрыг — і ўсё, адразу правалілася. Не атрымалася, таму зараз яны радыкалізаваліся. Яны пачынаюць лезьці, і лезьці сурʼёзна. Іх засталося ня так шмат, але яны ёсьць. Таму што трэба быць вельмі ўважлівымі. Трэба працаваць на сваіх прадпрыемствах, установах і арганізацыях і рабіць усё, каб не даваць ім нагоды дыскрэдытаваць нашую ўладу. Абавязкова працаваць і на тэлебачаньні, і ў газэтах. Трэба, каб новыя твары зьявіліся, каб людзі бачылі [працу ўлады]».

Пра «каляровыя рэвалюцыі»

«Натуральна, зараз усё сканцэнтравалася ў Менску. Але не было ніякіх падставаў для таго, каб зруйнаваць нашую краіну».

«Як складаецца сытуацыя на месцах, залежыць ад нас — ад кожнага начальніка. І што сёньня было кепскага ў нашай краіне, што мы рабілі ня так. Мы ўсё рабілі так. Але гэта не задавальняла шмат каго, хто бачыў, што сёньня трэба паспрабаваць „каляровыя рэвалюцыі“. Вы бачыце, якая пайшла хваля гэтых „каляровых рэвалюцый“ [у іншых краінах]. І яна прыйшла да нас, у Беларусь».

Пра выбары і вечар 9 жніўня

Качанава лічыць, што на выбарах «не было іншай нармальнай кандыдатуры, якая магла б канкураваць» з Лукашэнкам.

Яна заявіла, што ўвечары каля паловы на дзявятую сама ехала па праспэкце Пераможцаў і бачыла разьюшаны натоўп маладзёнаў, які крычаў «Жыве Беларусь».

«Ні вынікаў выбараў яшчэ не было, ні інфармацыі, хто перамог, ні лічбаў. Нікому гэтыя вынікі не былі патрэбныя, бо разьюшаны натоўп ужо быў у Менску з заточкамі і арматурай. Яны ўжо прыйшлі ладзіць пераварот».

«І калі б у тую ноч крыху адступіла ўлада, то невядома, што сёньня было б у краіне».

Пра ахвяраў гвалту

«Пасьля [людзі] пачалі выходзіць на мірныя акцыі. [Зьявіліся] пабітыя, зьбітыя, пачалі прыдумляць фэйкі. У гэты пэрыяд усе асалапелі. Я часам заплюшчвала вочы і не магла зразумець, што я — у Беларусі, у сваёй краіне. Я не магла гэта ўявіць! Я сустракалася зь людзьмі, але мне ніхто не сказаў: трэба мяняць уладу».

Пасьля зьяўленьня інфармацыі пра зьбітых і згвалтаваных людзей Качанава сказала, што патэлефанавала тагачаснаму міністру аховы здароўя Ўладзімеру Караніку, які нібыта заявіў, што не было ніводнага згвалтаванага чалавека.

«Няма гэтых фактаў, няма! Ну, вядома, па азадку хтосьці атрымаў, гэта зразумела. Але пасьля, калі Сьледчы камітэт пачаў разьбірацца — там фэйкаў больш, чым трэба. Там прыдумалі проста. Гэта ўсё робяць інтэрнэт-рэсурсы, тэлеграм-каналы. Такая хлусьня, проста адкрытая хлусьня льецца».

Пра мірныя маршы

«Здаецца, мірная акцыя. Але ў гэтай іх мірнай акцыі заўжды знойдзецца правакатар. Выходзіць моладзь. Усе такія пасьпяховыя, добрыя. Але ім нешта не падабаецца ў нашай краіне. Пасьля [сталі выходзіць] пэнсіянэры, пасьля — вэтэраны. Усякую лухту прыдумлялі. А нармальныя законапаслухмяныя людзі сядзелі і сядзяць дома і думаюць: „Божухна, што адбываецца“».

Паводле назіраньняў Качанавай, пратэставыя настроі ў менскіх мікрараёнах найбольш моцныя там, «дзе самае элітнае жытло, дзе вельмі вялікі камэрцыйны кошт».

«Там ні я, ні вы тым больш ніколі не пабудуеце сабе кватэру», — сказала Качанава чыноўнікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG