Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баксэр, які абяцаў зьмяніць імідж міліцыі. Як разьвівалася кар’ера Юрыя Караева


Юры Караеў кіраваў Міністэрствам унутраных спраў усяго год, але стаў адным з самых пазнавальных кіраўнікоў гэтага сілавога ведамства за ўсю яго гісторыю.

Юры Караеў жыве ў Беларусі 34 гады і за гэты час змог з шараговага міліцыянта-спэцназаўца стаць міністрам унутраных спраў, а затым асабістым памочнікам Лукашэнкі ў Горадзенскай вобласьці.

Баксэр

Караеў нарадзіўся ў сталіцы Паўночнай Асэтыі Ўладзікаўказе ў 1966 годзе (тады горад называўся Арджанікідзэ) у сям’і электрыка Хаджымурата Караева. Маці будучага кіраўніка МУС Беларусі Раіса была інжынэрам, а вось дзядзька Саламгірэй Царахаў служыў ва Ўнутраных войсках СССР, меў званьне палкоўніка. Ён спачатку адвёў пляменьніка ў сэкцыю боксу, а пасьля спрыяў паступленьню Юрыя ў Саратаўскую вышэйшую вайсковую вучэльню.

У Асэтыі ў Караева жыве яшчэ сястра Тамара. Яго сын Герман нарадзіўся ўжо ў Беларусі. Скончыў БДЭУ, працуе трэнэрам каратэ ў Менску. Актыўны ў сацсетках, аднак здымкаў, дзе ён разам з бацькам, не публікуе.

Караеў-старэйшы захоўвае цікавасьць да боксу, цяпер ён кіруе Беларускай фэдэрацыяй кікбоксінгу і тайляндзкага боксу.

Знаёмства з будучым кіраўніком службы аховы Лукашэнкі

У Саратаве малады Юры Караеў вучыўся прыкладна ў адзін час з будучым кіраўніком службы бясьпекі Лукашэнкі Андрэем Уцюрыным. Летам 2020 году Ўцюрына асудзілі за карупцыю на 12 гадоў калёніі. Караеў на той момант ужо ўзначальваў МУС, але справы былога саслужыўца ніяк не камэнтаваў. Ці кантактавалі яны падчас вучобы ў Саратаве, дакладна невядома. Аднак ужо ў Менску Караеў і Ўцюрын разам служылі ва Ўруччы ў вайсковай частцы 3214, будучы міністар узначальваў батальён унутраных войскаў. А камандаваў часткай у той час яшчэ адзін вядомы сілавік — Дзьмітры Паўлічэнка.

Удзел у ваенных дзеяньнях у Карабаху

У Беларусь Юры Караеў трапіў па разьмеркаваньні пасьля Саратаўскай вучэльні ў 1987 годзе. Служыў спачатку ў Магілёве, потым 21-гадовага перавялі ў Менск, у полк апэратыўнага прызначэньня МУС СССР — своеасаблівы савецкі міліцэйскі спэцназ, правобраз сучаснага беларускага АМАПу.

З гэтым пэрыядам кар’еры Караева зьвязаны эпізод з удзелам у ваенным канфлікце ў Нагорным Карабаху, дзе ў канцы 80-х пачалася сапраўдная вайна паміж армянскім і азэрбайджанскім насельніцтвам. Спыніць канфлікт цэнтральная маскоўская ўлада старалася з дапамогай унутраных войскаў, таму ў Карабах накіроўвалі падразьдзяленьні з усяго СССР, у тым ліку зь Менску. З развалам СССР гэтая практыка спынілася, а вайна паміж армянамі і азэрбайджанцамі разгарэлася з новай сілай.

Камандзір АМАПу і ўнутраных войскаў

Пасьля развалу СССР Юры Караеў застаецца служыць у Беларусі. У першай палове 90-х ён камандаваў «вучэбкай» часткі ўнутраных войскаў 3214 ва Ўруччы, рыхтаваў навабранцаў да далейшай службы. Паралельна атрымліваў вышэйшую адукацыю, але рабіў гэта не ў Беларускай вайсковай акадэміі, а ў Акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве. Скончыў яе ўжо пры Лукашэнку, у 1996 годзе. Кароткі час камандаваў падразьдзяленьнямі міліцэйскага спэцназу ў Бабруйску і Гомлі, а пасьля вярнуўся ва Ўручча, дзе ўзначаліў батальён унутраных войскаў.

У ліпені 2008 году Юры Караеў, якому тады споўнілася 32 гады, быў прызначаны на пасаду камандзіра палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня ГУУС Менгарвыканкаму. Цяпер гэтае падразьдзяленьне больш вядомае як АМАП, а колішнюю пасаду Караева заняў Дзьмітры Балаба.

У тым жа 2008 годзе Караева зноў пераводзяць ва ўнутраныя войскі, гэтым разам надоўга. Спачатку ён прызначаны камандзірам часткі 3214 (замест Дзьмітрыя Паўлічэнкі), пасьля куратарам баявой падрыхтоўкі байцоў унутраных войскаў МУС. З 2012 па чэрвень 2019 году быў намесьнікам міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, камандаваў унутранымі войскамі Беларусі.

Адзін з былых афіцэраў унутраных войскаў, час службы якога прыпаў на камандаваньне Караева, летам 2020 году ў размове са Свабодай называў яго справядлівым кіраўніком і «сапраўдным афіцэрам».

«Караеў адрозьніваўся ад большасьці камандзіраў у лепшы бок, — казаў суразмоўца. — Ён сачыў за парадкам, мог запраста на вачах у шарагоўцаў і сяржантаў жорстка пакараць іх камандзіра, калі той у нечым насамрэч быў вінаваты. Яго нельга назваць „тупым выканаўцам“. Караеў заўсёды трымаўся статуту, унутранага распарадку, не стараўся неяк выслужыцца і схітрыць. Тое, што адбываецца цяпер, для яго не характэрна. Я мяркую, ён таксама стаў закладнікам сытуацыі».

«Абаронца» журналістаў

Міністэрства ўнутраных справаў Юры Караеў узначаліў 11 чэрвеня 2019 году пасьля нечаканай адстаўкі Ігара Шуневіча. У першыя месяцы на новай пасадзе Караеў адзначыўся нечакана лібэральнымі заявамі. У прыватнасьці, паабяцаў пазбавіць беларускую міліцыю іміджу «карнага органа», а таксама заявіў пра будучую адмену так званай «палачнай сыстэмы», існаваньне якой катэгарычна адмаўляў яго папярэднік Шуневіч.

У адрозьненьне ад таго ж Шуневіча, Караеў даволі адкрыта размаўляў з журналістамі. У тым ліку зь недзяржаўных СМІ. У прыватнасьці, падчас выхаду да прэсы ў Палаце прадстаўнікоў ён з уласнай ініцыятывы агучыў сытуацыю з каранавірусам сярод супрацоўнікаў МУС вясной 2020 году і адказаў амаль на ўсе пытаньні журналістаў, нягледзячы нават на спробы кіраўніцы прэс-службы МУС Вольгі Чамаданавай спыніць размову. Яму ж належыць выказваньне: «Прэса — гэта сьвятое», зробленае ў адказ на скаргі аб дзеяньнях сілавікоў у дачыненьні да супрацоўнікаў СМІ летам 2020 году. А галоўны рэдактар выданьня «Наша ніва» Ягор Марціновіч, расказваючы пра сваё нечаканае вызваленьне са сьледчай турмы № 8 Жодзіна ў жніўні 2020-га, згадваў, што вызвалялі яго на асабісты загад Караева.

У той жа час менавіта пры Караеву супрацоўнікаў недзяржаўных і замежных СМІ зноў пачалі затрымліваць падчас выкананьня службовых абавязкаў. Некаторыя зь іх падчас гэтага моцна пацярпелі і нават, як журналістка «Нашай нівы» Натальля Лубнеўская, атрымалі агнястрэльныя раненьні. Ніводзін такі выпадак расьсьледаваны так і ня быў.

Запісы з выказваньнямі пра Ціханоўскага

Міністэрствам унутраных справаў Юры Караеў кіраваў да канца кастрычніка 2020 году, калі нечакана быў адпраўлены ў адстаўку і прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці. На той момант у Беларусі яшчэ трывалі актыўныя пратэсты. МУС замест Караева ўзначаліў Іван Кубракоў, які раней кіраваў ГУУС Менгарвыканкаму.

Праз два месяцы пасьля адстаўкі Караева ініцыятыва ByPol апублікавала аўдыёзапіс, зроблены, меркавана, на адным са сходаў супрацоўнікаў МУС. На ім голас, падобны да голасу былога кіраўніка ведамства, называе Сяргея Ціханоўскага «быдлаганам», які спрабуе «разгайдаць дзяржаўную ўладу», а таксама заклікае ініцыяваць крымінальную справу супраць яго нават у тым выпадку, калі Ціханоўскі не парушаў дзейнага заканадаўства.

Для правакацыі супраць блогера, па інфармацыі ByPol, выкарысталі жанчыну, якая супрацоўнічала зь міліцыяй. Такую ж вэрсію ў размове са Свабодай у чэрвені 2020 году выказвала знаёмая той самай жанчыны, якая ўступіла зь Ціханоўскім у канфлікт незадоўга да затрыманьня блогера ў Горадні. Апублікаваны Bypol аўдыёзапіс быў зроблены, меркавана, у першай палове траўня 2020 году, за некалькі тыдняў да горадзенскіх падзей.

4 сакавіка Bypol апублікаваў яшчэ адзін аўдыёзапіс. На ім чалавек з голасам, падобным да голасу Юрыя Караева, выступае перад супрацоўнікамі ГУБАЗіК. На запісе прысутнічаюць зьнявагі ў адрас беларусаў як народу, а таксама заклікі ўчыняць пазасудовыя расправы над удзельнікамі пратэстаў.

Памочнік Лукашэнкі

У Горадню Юры Караеў прыехаў адначасова з новым кіраўніком аблвыканкаму, былым міністрам аховы здароўя Ўладзімерам Каранікам. Пасьля гэтага былы кіраўнік МУС стаў значна радзей трапляць на старонкі СМІ. Вядома, што ў Горадзенскай вобласьці ён курыруе кадравыя пытаньні і сочыць за выкананьнем асабістых распараджэньняў Лукашэнкі.

«Кантроль за дзейнасьцю кадраў. Цалкам. Усіх кадраў у галіне, — так вызначыў сам Лукашэнка сфэру адказнасьці Юрыя Караева на новым месцы. — Ад старшыні сельскага савету, кіраўніка прадпрыемства — да губэрнатара».

Фактычна галоўная задача асабістага памочніка прэзыдэнта — кантраляваць самога Караніка.

Караева пэрыядычна бачаць на вуліцах гораду. У Горадні Юры Караеў жыве на службовай кватэры, на выходныя прыяжджае ў Менск.

«Я ніколі не абмяркоўваў рашэньні галоўнакамандуючага і прэзыдэнта — яму лепш відаць, дзе мяне выкарыстаць, — гаварыў Караеў ужо як памочнік Лукашэнкі ў Горадзенскай вобласьці ў размове з журналісткай „Народнай Волі“ Марынай Коктыш. — Ён ацэньвае мае прафэсійныя магчымасьці і гэтак далей. Ні на якія пэрсаналіі я ніколі не пераходжу. Вэрсію, пра якую вы кажаце, чую ўпершыню (па адной з вэрсій, адстаўка Караева з пасады кіраўніка МУС была зьвязаная зь яго канфліктам зь Дзьмітрыем Паўлічэнкам. — РС). Інтэрнэт стараюся адкрываць рэдка, каб псыхічнае здароўе зьберагчы, і толькі па справе. Там, дзе ёсьць нейкая пагроза дзяржаўнасьці. А чуткі — хто да каго падабраўся — не чытаю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG