Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караеў, Луцкі і «красаўцы». Як Лукашэнка аддзячыў тым, хто ратаваў яго ў жніўні 2020-га


Хтосьці пайшоў на павышэньне альбо атрымаў 400 рублёў прэміі. А хтосьці застаецца на сваіх ранейшых пасадах.

Сілавікі і ідэолягі адыгрывалі сваю ролю ва ўсіх выбарчых кампаніях у найноўшай гісторыі Беларусі. Кампанія 2020 году ня стала выключэньнем. У жніўні і на пачатку восені мінулага году прозьвішчы кіраўнікоў сілавых структураў і некаторых іншых чыноўнікаў на старонках СМІ зьяўляліся вельмі часта. Свабода прасачыла, як леташнія выбары і задушэньне пратэстаў зьмянілі жыцьцё гэтых людзей.

Мікалай Карпянкоў

  • Да жніўня 2020 году — палкоўнік, камандзір ГУБАЗіК.
  • Цяпер — генэрал-маёр, камандуючы ўнутранымі войскамі МУС, намесьнік міністра.

Імя кіраўніка ГУБАЗіКу стала шырока вядомае ў СМІ пасьля таго, як ён уласнаручна выбіў гумовай дубінкай шкло ў менскай кавярні «O’Petit», дзе ў той момант знаходзіліся некалькі ўдзельнікаў ужо фактычна скончанага нядзельнага маршу. Адбылося гэта амаль празь месяц пасьля дня выбараў — 6 верасьня 2020 году. Карпянкова сфатаграфавалі з дубінкай у руках, генэрал-маёр нават не хаваў твар пад мэдычнай маскай ці балаклавай.

15 студзеня 2021 году ў інтэрнэт трапіў аўдыёзапіс, зроблены на сходзе сілавікоў. На ім голас, падобны да голасу Мікалая Карпянкова, сьцьвярджае, што Аляксандар Лукашэнка дазволіў душыць пратэсты самым жорсткім чынам, уключна з прымяненьнем агнястрэльнай зброі. На тым жа запісе гэты голас прызнае, што Аляксандар Тарайкоўскі загінуў не ад выбуху самаробнай гранаты (як гэта сьцьвярджалася ў прэс-рэлізе МУС), а быў забіты ля мэтро «Пушкінская» сілавікамі.

Падвышэньне па службе Мікалай Карпянкоў атрымаў яшчэ да публікацыі аўдыёзапісу. Намесьнікам міністра ўнутраных спраў і камандуючым унутранымі войскамі яго зрабілі ў лістападзе 2020 году. У сакавіку 2021-га Карпянкову далі званьне генэрал-маёра. Падвышэньня па службе Карпянкоў чакаў 17 гадоў.

Юры Караеў

  • З 11 чэрвеня 2019 году — міністар унутраных спраў Беларусі.
  • Цяпер — памочнік Аляксандра Лукашэнкі, інспэктар па Горадзенскай вобласьці.

Юры Караеў узначаліў Міністэрства ўнутраных спраў пасьля нечаканай адстаўкі Ігара Шуневіча ў чэрвені 2019 году. Да прызначэньня на пасаду міністра Караеў 7 гадоў камандаваў унутранымі войскамі. Былыя падначаленыя Караева з таго пэрыяду, у тым ліку ў інтэрвію са Свабодай, адзначалі яго прынцыповасьць і станоўчую рэпутацыю сярод афіцэраў.

У сьнежні 2019 году Юры Караеў гаварыў, што беларуская міліцыя мае намер пазбавіцца ад «караючага вобразу» і «палачнай сыстэмы», а ў красавіку 2020-га адкрыта расказваў журналістам, у тым ліку недзяржаўных СМІ, пра сытуацыю з каранавірусам у сваім ведамстве.

Празь некалькі дзён пасьля выбараў Юры Караеў прызнаў, што падчас разгонаў пратэстаў маглі пацярпець мірныя грамадзяне.

«За гэтых людзей, тых, каму дасталася, за гэты, як цяпер кажуць, гвалт — я як камандзір, як начальнік павінен узяць гэтую адказнасьць на сябе, — сказаў Караеў. — І папрасіць прабачэньня чыста па-чалавечы перад гэтымі людзьмі». Празь месяц пасьля гэтай заявы міністар унутраных спраў прапанаваў Палаце прадстаўнікоў заканадаўча дазволіць супрацоўнікам міліцыі сьведчыць супраць пратэстоўцаў ананімна, са схаванымі тварамі і пад фальшывымі імёнамі.

4 сакавіка 2021 году ініцыятыва ByPol апублікавала аўдыёзапіс, на якім чалавек з падобным да Юрыя Караева голасам гаворыць пра магчымасьць пазасудовых расправаў над актыўнымі ўдзельнікамі пратэстаў, а таксама прызнае, што ініцыяваў незаконны арышт Сяргея Ціханоўскага.

Новае месца службы Юры Караеў атрымаў яшчэ да гэтага — 29 лістапада 2020 году Лукашэнка прызначыў былога міністра ўнутраных спраў сваім памочнікам і інспэктарам па Горадзенскай вобласьці. А ў сакавіку 2021 году ўвогуле назваў Юрыя Караева магчымай кандыдатурай на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Уладзімер Каранік

  • З 11 чэрвеня 2019 году — міністар аховы здароўя.
  • Цяпер — кіраўнік Горадзенскага аблвыканкаму.

Да прызначэньня на пасаду міністра аховы здароўя Ўладзімер Каранік загадваў анкалягічным дыспансэрам на працягу васьмі гадоў. На пасадзе міністра пратрымаўся год і два месяцы. Ужо 22 жніўня 2020-га Аляксандар Лукашэнка прызначыў Караніка кіраваць Горадзенскай вобласьцю замест Уладзімера Краўцова, які пасьля 9 жніўня 2020 году фактычна дазволіў праводзіць у Горадні шматтысячныя акцыі пратэсту, а горадзенскае тэлебачаньне нават трансьлявала іх у жывым эфіры.

Зь імем Уладзімера Караніка зьвязваюць нераскрыцьцё сапраўдных маштабаў эпідэміі каранавірусу ў Беларусі вясной 2020 году. Будучы міністрам аховы здароўя, ён пазьбягаў удзелу ў брыфінгах і прэс-канфэрэнцыях, якія арганізоўвала ведамствам у першыя месяцы эпідэміі.

26 жніўня, ужо пасьля свайго прызначэньня на пасаду кіраўніка Горадзенскага аблвыканкаму, Уладзімер Каранік расказваў рабочым «Гродна Азоту» пра 16-гадовага падлетка, які «атрымаў у морду» ад сілавікоў, бо ўдзельнічаў у пратэстах пад узьдзеяньнем псыхатропаў. Гэтыя словы Караніка абверг адвакат падлетка з дапамогай афіцыйных мэдычных дакумэнтаў.

У сакавіку 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Каранік, як і Караеў, можа стаць прэзыдэнтам Беларусі ў будучыні.

Дзьмітры Баскаў

  • Да 2020-га — дырэктар хакейнага клюбу «Дынама Менск», хакеіст каманды Аляксандра Лукашэнкі.
  • Цяпер — кіраўнік Фэдэрацыі хакею Беларусі, саўладальнік акумулятарнага заводу каля Берасьця.

Кар’еру прафэсійнага хакеіста Дзьмітры Баскаў скончыў у 2010 годзе, да гэтага ён выступаў выключна ў камандах чэмпіянату Беларусі на пазыцыі брамніка. «Дынама Менск» узначаліў у 2018 годзе, таксама працаваў у фэдэрацыі хакею.

22 чэрвеня Баскаў напісаў адкрыты ліст спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, а з другой паловы жніўня быў неаднаразова заўважаны ў складзе груп асобаў, якія пад аховай сілавікоў зьнішчалі пратэставую сымболіку ў розных раёнах Менску. Дзьмітрыя Баскава таксама заўважалі на аўтапрабегах у падтрымку Лукашэнкі пад чырвона-зялёнымі сьцягамі ўвосень 2020 году.

11 лістапада 2020 году чалавек, падобны да Дзьмітрыя Баскава, быў заўважаны на «плошчы Перамен» у Менску. У той жа час там узьнік канфлікт, у выніку якога загінуў Раман Бандарэнка. Неўзабаве пасьля гэтага ў інтэрнэт трапілі запісы тэлефонных размоваў, на якіх людзі з галасамі, падобнымі да галасоў Дзьмітрыя Баскава, вядомага байца Дзьмітрыя Шакуты і прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, абмяркоўваюць здарэньне на «плошчы Перамен» і сьмерць Рамана.

Беларускую фэдэрацыю хакею Дзьмітры Баскаў узначаліў 9 верасьня 2020 году.

На пачатку 2021 году ля Берасьця пачаў працаваць акумулятарны завод, саўладальнікам якога ён зьяўляецца. Дазвол на працу заводу мясцовыя ўлады не давалі на працягу некалькіх гадоў на фоне пратэсту мясцовых жыхароў. Абяцаны Лукашэнкам мясцовы рэфэрэндум у справе ўвядзеньня заводу ў эксплюатацыю так і не адбыўся.

Ігар Луцкі

  • Да 2020 году — намесьнік дырэктара агенцтва БелТА, кіраўнік тэлеканалу СТВ.
  • Цяпер — намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

Ігара Луцкага прызначылі на пасаду міністра інфармацыі 4 чэрвеня 2020 году. Да яго Мінінфарм на працягу амаль трох гадоў узначальваў Алесь Карлюкевіч (пайшоў у адстаўку разам з урадам Сяргея Румаса).

За няпоўны год працы Луцкага на пасадзе міністра інфармацыі большасьць сайтаў недзяржаўных СМІ Беларусі былі заблякаваныя, партал Tut.by страціў статус сродку масавай інфармацыі, шэраг недзяржаўных газэт, у тым ліку «Народная Воля», перасталі друкавацца ў краіне. Акрамя гэтага, дзясяткі журналістаў трапілі пад адміністрацыйны перасьлед і на «суткі», больш за дзесяць супрацоўнікаў недзяржаўных СМІ дагэтуль знаходзяцца за кратамі па крымінальных абвінавачаньнях.

У адстаўку Луцкага Лукашэнка адправіў сваім указам ад 5 красавіка 2021 году. Ужо на наступны дзень былога міністра прызначылі намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, адказным за ідэалёгію.

Іван Тэртэль

  • Да лета 2020 году — намесьнік старшыні КДБ.
  • Цяпер — старшыня КДБ.

Непасрэдна на працу ў КДБ Іван Тэртэль трапіў у 2008 годзе, калі яго прызначылі намесьнікам кіраўніка гэтай структуры. Раней, з 1993 году, Тэртэль працаваў на розных пасадах у органах памежнай службы. Пад санкцыі ЭЗ ураджэнец памежнай вёскі Прывалка Горадзенскага раёну трапіў яшчэ ў 2011 годзе. У 2012 Рада Эўропы прызнала Івана Тэртэля адказным за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці.

4 чэрвеня 2020 году Тэртэль быў звольнены ў запас па ўласным жаданьні і прызначаны на пасаду кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю. А ўжо праз тры месяцы, 3 верасьня, вярнуўся ў КДБ, узначаліўшы яго. Валер Вакульчык, які кіраваў КДБ з 2012 году і перад выбарамі заяўляў аб «сотнях грамадзян суседняй краіны», якія «бегаюць па лясах і рыхтуюць дывэрсіі», накіраваўся на пасаду сакратара Савету Бясьпекі. Аднак ужо празь некалькі месяцаў Вакульчыка зьнялі і адтуль — цяпер ён інспэктар па Берасьцейскай вобласьці.

На пасадзе кіраўніка Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль запомніўся найперш сваім выступам перад амбасадарамі краін Эўразьвязу і кіраўніцтвам дыпмісіі ЗША, на якім прадставіў афіцыйны погляд на справу Віктара Бабарыкі. Ужо пасьля выбараў, 17 жніўня, Іван Тэртэль паспрабаваў супакоіць рабочых «Нафтана», аднак яго выступ сустрэлі крыкамі «Сыходзь».

Падчас выступу 11 лютага на Ўсебеларускім сходзе Іван Тэртэль паабяцаў, што КДБ будзе «знаходзіць здраднікаў, падзельнікаў фашыстаў празь дзесяцігодзьдзі, дзе б яны ні знаходзіліся».

Уладзімер Макей, Лідзія Ярмошына, Натальля Эйсмант і Натальля Качанава

  • Захавалі свае пасады.

Усе гэтыя людзі актыўна выступілі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Уладзімер Макей быў адным з тых, хто захаваў сваю пасаду міністра пасьля адстаўкі ўраду Сяргея Румаса. Ён працягвае выступаць з асуджэньнямі масавых пратэстаў і прагназуе новыя рэпрэсіі ў адказ на магчымыя санкцыі Захаду ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Натальля Эйсмант застаецца прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на публікацыі запісаў тэлефонных перамоваў з падобным да ейнага голасам, а таксама сьведчаньнямі пра яе прысутнасьць на «плошчы Перамен» у лістападзе 2020 году.

Натальля Качанава страціла пасаду кіраўніцы Адміністрацыі Лукашэнкі за паўгода да пачатку выбарчай кампаніі. Яна застаецца старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу. У жніўні і верасьня 2020 году Качанава актыўна выступала перад рабочымі і студэнтамі ВНУ, заклікаючы іх вярнуцца да працы і вучобы.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пасьля выбараў зьявілася на публіцы ўсяго некалькі разоў. Яе пасьлявыбарчая прэс-канфэрэнцыя заняла менш за 10 хвілін, журналістам дазволілі задаць Ярмошынай усяго два пытаньні. Вядома, што яна, прынамсі падчас восеньскіх пратэстаў, адмовілася ад пражываньня ў сваім катэджы ў Драздах.

Перад выбарамі 2020 году Лідзія Ярмошына неаднаразова заяўляла, што гэтая кампанія стане для яе апошняй на пасадзе кіраўніцы ЦВК. Пакуль застаецца незразумелым, хто будзе кіраваць выбарчай камісіяй падчас анансаванага Лукашэнкам на пачатку 2021 году рэфэрэндуму па новай Канстытуцыі краіны.

«Красаўцы»

Колькі дакладна сілавікоў і зь якіх структур прымалі ўдзел у разгоне пратэстаў у жніўні і восеньню 2020 году, дакладна невядома. Як і тое, якім чынам была адзначаная іх праца. Неўзабаве пасьля жніўня 2020 году зьяўляліся паведамленьні аб узнагароджваньні АМАПаўцаў прэміямі ў памеры некалькіх тысяч рублёў, аднак яны не былі пацьверджаныя. Былыя служачыя ўнутраных войскаў, якія таксама ўдзельнічалі ў разгоне пратэстаў, расказваюць пра значна больш сьціплыя прэміі — памерам ад 300 да 800 рублёў, а таксама пра падвышэньні па службе для тых, хто паводзіў сябе з дэманстрантамі асабліва жорстка.

Дакладна вядома, што дагэтуль сьледчымі органамі краіны не было заведзена ніводнай крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых структур. Вайскоўцы Мар’інагорскага спэцназу Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын, якія публічна прызналіся ў забойстве берасьцейца Генадзя Шутава, на судовым працэсе праходзілі ў якасьці пацярпелых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG