Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек прэзыдэнта». 10 фактаў пра старшыню ЦВК Ярмошыну, за абразу якой судзяць


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

14 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачнецца працэс за абразу ў дваровым чаце старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. Гэта ўжо ня першы раз, калі людзей затрымліваюць і судзяць за абразы Ярмошынай. Вось некаторыя факты пра нязьменную старшыню ЦВК апошніх дзесяцігодзьдзяў.

1. Лідзія Ярмошына ўзначальвае Цэнтральную выбарчую камісію ўжо чвэрць стагодзьдзя — ад 1996 году. За гэты час пад яе кіраўніцтвам у Беларусі адбыўся рэфэрэндум, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў, а таксама прайшлі пяцёра прэзыдэнцкіх выбараў і мноства іншых выбарчых кампаній.

2. Ніводнага разу, калі ў гэты час прыяжджалі назіральнікі ад Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), яны не прызнавалі выбары свабоднымі і справядлівымі.

3. Лукашэнка прызначыў Ярмошыну спачатку выканаўцай абавязкаў, а потым старшынёй ЦВК у 1996 годзе, парушыўшы нават новую Канстытуцыю, прынятую тады на сумнеўным рэфэрэндуме. На яе прызначэньне Лукашэнка мусіў бы атрымаць згоду Савету Рэспублікі.

4. Законна прызначанага старшыню ЦВК Віктара Ганчара перад рэфэрэндумам 1996 году сілай вывелі з кабінэту супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі. Перад гэтым Ганчар заяўляў, што ня зможа прызнаць вынікаў рэфэрэндуму праз шматлікія парушэньні. У 1999 годзе Ганчара разам зь ягоным сябрам Анатолем Красоўскім выкралі. Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што да іх зьнікненьня магло быць датычнае кіраўніцтва краіны.

Віктар Ганчар, які ў 1996 годзе ўзначальваў ЦВК, а праз тры гады зьнік
Віктар Ганчар, які ў 1996 годзе ўзначальваў ЦВК, а праз тры гады зьнік

5. У розных інтэрвію сама Ярмошына называла сябе «чалавекам прэзыдэнта». А перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году яна казала, што параза Аляксандра Лукашэнкі была б для яе «асабістай трагедыяй».

6. Таксама называла сябе «русским человеком»: «Я вырасла ў расейскай сям’і, у расейскамоўным асяродзьдзі вайскоўцаў, і потым атрымала вышэйшую адукацыю ў Расейскай Фэдэрацыі. Я думаю па-расейску, таму і гавару на гэтай мове. Аднак у грамадзян ніколі не ўзьнікала праблем у разуменьні таго, што я ім кажу».

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

7. Ярмошына некалькі разоў падпадала пад санкцыі Эўразьвязу, якія забараняюць уезд у краіны ЭЗ. Апошні раз гэта адбылося пасьля выбараў 2020 году, тая забарона дзейнічае і цяпер. Першы раз Ярмошына трапіла ў «чорны сьпіс» у 2004 годзе пасьля рэфэрэндуму, які Эўразьвяз прызнаў сфальшаваным.

8. У 2008 годзе, калі Ярмошына была пад санкцыямі, яна казала, што ёй ужо надакучылі Турэччына і Эгіпет і што яна зь нецярплівасьцю чакае магчымасьці наведаць Эўропу — асабліва Вэнэцыю і Парыж, дзе хацела б пасядзець у кавярні з кнігай Гэмінгуэя «Рухомае сьвята».

9. Атрымала інтэрнэт-прэмію «Сэксіст году» ад расейскай групы «За фэмінізм». Арганізатарак конкурсу ўразіла яе выказваньне пра жанчын, якія ўдзельнічалі ў пратэсьце ў Менску 19 сьнежня 2010 году супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў: «Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шасталі. Гэта ганьба для жанчыны — удзельнічаць у такіх мерапрыемствах».

10. На саму Ярмошыну ня раз спрабавалі падаваць у суд, але беспасьпяхова. У прыватнасьці, абскардзіць дзеяньні Ярмошынай праз суд спрабаваў у 2010 годзе юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла. Паганяйла тады быў прапанаваў ЦВК не рэгістраваць ініцыятыўную групу Лукашэнкі на прэзыдэнцкія выбары. Ярмошына яму адразу ж адмовіла, хоць, паводле закону, ЦВК мусіла разглядаць ягоны зварот калегіяльна.

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG