Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сохра», «Брэміна Груп», «БелАЗ», «МАЗ». Што за кампаніі падпалі пад санкцыі Эўразьвязу


Вытворца буйной кар’ернай тэхнікі «БелАЗ» цяпер таксама пад эўрапейскімі санкцыямі
Вытворца буйной кар’ернай тэхнікі «БелАЗ» цяпер таксама пад эўрапейскімі санкцыямі

Эўразьвяз увёў забарону на ўезд і прыняў рашэньне замарозіць актывы 78 беларускіх афіцыйных асобаў і 8 прадпрыемстваў. Хто трапіў у сьпіс і што пра іх вядома.

Кампаніі

ТАА «Сохра»

Кампанія Аляксандра Зайцава, якога зьвязваюць зь Віктарам Лукашэнкам. Афіцыйна асноўны від дзейнасьці «Сохра» — пасярэдніцтва ў пастаўках беларускай тэхнікі ў краіны Азіі і Афрыкі. Сярод іншага «Сохра» гандлюе прадукцыяй МТЗ, БелАЗу, МАЗу, «Амкадору» ды іншых вытворцаў. Кампанія мае ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах свае даччыныя арганізацыі, празь якія, напрыклад, пастаўляе самазвалы БелАЗ у Афрыку.

Акрамя гандлю беларускай тэхнікай, «Сохры» таксама прыпісваюць здабычу карысных выкапняў у некалькіх афрыканскіх краінах. У тым ліку золата на тэрыторыі Судану і Ганы.

Уладальніка «Сохры» Аляксандра Зайцава зьвязваюць зь Віктарам Лукашэнкам. Сам Зайцаў, які рэдка расказваў публічна пра свой бізнэс, у інтэрвію згадваў працу шараговым супрацоўнікам апарату Савету міністраў. Вядома таксама, што ён быў асабістым памочнікам былога прэм’ера Сяргея Сідорскага. Некалькі гадоў таму Зайцаў выкупіў футбольны клюб «Дынама Брэст», які зьбіраўся разьвіваць сумесна з партнэрамі з ААЭ. Асноўным спонсарам «Дынама» была акурат група кампаній «Сохра». На матчах у Берасьці разам з Зайцавым неаднаразова бачылі Віктара Лукашэнку, які нават заходзіў у разьдзявальню да футбалістаў. Цяпер Аляксандар Зайцаў валодае іншым берасьцейскім клюбам — «Рух».

ТАА «Брэміна Груп»

Лягістычны апэратар. Саўладальнікі «Брэміна» — Аляксандар Зайцаў, Мікалай Варабей і Аляксей Алексін.

Кампанія мае тэрміналы ля памежнага пераходу «Брузгі» і «Бераставіца» на беларуска-польскай мяжы і шэраг іншых аб’ектаў. Адным з самых буйных зь іх павінен стаць транспартны тэрмінал «Брэміна-Ворша», у які, акрамя чыгуначнага і аўтамабільнага лягістычных тэрміналаў, павінен увайсьці таксама аэрапорт «Балбасава» ля Воршы. Пры гэтым новы аб’ект ужо атрымаў статус асаблівай эканамічнай зоны, адмысловы ўказ аб гэтым падпісваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Аб’ём інвэстыцый у «Брэміна-Ворша» ацэньваецца ў 200 мільёнаў даляраў, завяршыць будаўніцтва плянавалася ў 2024 годзе.

У 2017 годзе «Брэміна Груп» узначаліў былы высокапастаўлены супрацоўнік КДБ Васіль Дземянцей.

ТАА «Глобалкастам-мэнэджмэнт»

Паводле інфармацыі з санкцыйнага сьпісу, кампанія «Глобалкастам-мэнэджмэнт» зьвязаная з асобай Віктара Шэймана, які ўзначальваў Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. Кампанія таксама зьяўляецца адзінай уладальніцай створанай некалькі гадоў таму фірмы «ГардСэрвіс» — адзінай у Беларусі прыватнай кампаніі, супрацоўнікі якой могуць выкарыстоўваць зброю на законных падставах.

Зь дзейнасьцю «Глобалкастам-мэнэджмэнт», паводле санкцыйнага сьпісу ЭЗ, таксама можа быць зьвязаная арганізацыя кантрабанды з тэрыторыі Эўразьвязу ў Расею. У тым ліку кветак і «санкцыйных» прадуктаў.

ААТ «БелАЗ»

Вытворца буйной кар’ернай тэхнікі, базуецца ў Жодзіне. Пасьля жнівеньскіх пратэстаў 2020 году кіраўніцтва БелАЗу абвінавачвалі ў рэпрэсіях супраць супрацоўнікаў, якія далучыліся да пратэстаў і адкрыта выказвалі сваю нязгоду з падзеямі ў краіне. У прыватнасьці, зьяўляліся паведамленьні аб тым, што кіраўніцтва прадпрыемства ўтрымлівае рабочых у памяшканьнях цэхаў, не дазваляючы людзям зьбірацца разам на тэрыторыі заводу.

На БелАЗе працуе звыш 10 тысяч чалавек, гэта асноўнае прадпрыемства Жодзіна. У 2020 годзе на прадпрыемстве вырабілі каля 350 самазвалаў, гэта ўтрая менш, чым у 2018-м. Чысты прыбытак у 2020 годзе склаў каля 30 мільёнаў рублёў. У даковідным 2019 годзе прадпрыемства мела 265 мільёнаў «чыстымі».

ААТ «МАЗ»

Разам зь БелАЗам і МТЗ уваходзіць у тройку самых буйных беларускіх дзяржаўных вытворцаў тэхнікі. Па стане на 2020 год на МАЗе працавала каля 15 тысяч чалавек. У канцы лета і ўвосень 2020 году тыя з рабочых, якія адкрыта выказаліся ў падтрымку пратэстаў, зазналі рэпрэсіі, частка зь іх вымушана выехала з краіны.

МАЗ падтрымлівае актыўныя гаспадарчыя зносіны з краінамі Эўразьвязу. У прыватнасьці, там закупляецца частка рухавікоў і іншага абсталяваньня, якое выкарыстоўваецца ў новых мадэлях аўтобусаў і грузавікоў. Гадавы таваразварот МАЗу складае каля 1,5 мільярда рублёў. Пры гэтым прадпрыемства мае зусім невялікі прыбытак. У 2019 годзе ён склаў толькі каля 150 тысяч рублёў, а ў 2020 годзе МАЗ увогуле панёс амаль паўмільённыя страты.

ТАА «Логекс»

Паводле інфармацыі са сьпісу Эўразьвязу, «Логекс» зьвязаны з асобай Аляксандра Шакуціна. Там жа ўказана, што кампанія займаецца перапродажам вырашчаных у Эўропе кветак на тэрыторыі Расеі па заніжаных цэнах, што «немагчыма без супрацоўніцтва з уладнымі структурамі».

Паводле афіцыйнага сайта кампаніі, яна займаецца «мытным афармленьнем і ачысткай тавараў». А таксама арганізацыяй умоваў для вядзеньня бізнэсу і дастаўкай грузаў. Паводле расейскіх адкрытых бізнэс-базаў, кампанія «Логекс» мае даччыныя структуры на тэрыторыі Нямеччыны і Расеі.

ЗАТ «Новая нафтавая кампанія»

З «Новай нафтавай кампаніяй» зьвязваюць імёны бізнэсоўцаў Мікалая Вараб’я, Аляксея Алексіна і Міхаіла Гуцэрыева. Сярод акцыянэраў — таксама дзяржаўны «Банк разьвіцьця» і «Беларуская чыгунка».

ННК была заснаваная ў сакавіку 2020 году, гэта адзіная прыватная кампанія ў Беларусі, якая мае права на гандаль нафтапрадуктамі. Паводле інфармацыі з санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу, ННК была створаная беларускімі ўладамі, каб абыходзіць магчымыя санкцыі ў дачыненьні да дзяржаўных нафтаперапрацоўчых заводаў.

Асобы

Міхаіл Гуцэрыеў

Міхаіл Гуцэрыеў (у цэнтры) і Аляксандар Лукашэнка
Міхаіл Гуцэрыеў (у цэнтры) і Аляксандар Лукашэнка

Расейскі алігарх, старшыня рады дырэктараў групы «Сафмар» і нафтагазавай кампаніі «РуссНефть», ягоны асабісты капітал ацэньваюць у 2 мільярды даляраў. Сяброўства Лукашэнкі і Гуцэрыева пачалося ў 2000-х гадах, калі алігарх стаў прэзыдэнтам кампаніі «Славнефть»; тады ён заняўся будаўніцтвам нафтабазаў і бэнзастанцыяў у Беларусі.

Падчас эпідэміі першай хвалі каранавірусу летась менавіта Гуцэрыеву паказальна тэлефанаваў Лукашэнка і прасіў дапамагчы з мэдычнай тэхнікай.

У Гуцэрыева ёсьць бізнэс-інтарэсы і ў Беларусі, ён адзін з інвэстараў кампаніі VP Capital, якой валодае Віктар Пракапеня. У Менску Гуцэрыеў пабудаваў гатэль «Рэнэсанс» і базу адпачынку ў Краснасельскім. Апроч таго, Гуцэрыеў — інвэстар рудніку ў Любані, які цяпер будуецца.

Аляксей Алексін

Кіёск «Табакерка» на скрыжаваньні вуліц Шаранговіча і Гарэцкага ў Менску
Кіёск «Табакерка» на скрыжаваньні вуліц Шаранговіча і Гарэцкага ў Менску

Адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў у Беларусі, які атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сфэры гандлю тытунём. Гэта ягоныя «Табакеркі» зьяўляюцца цяпер па ўсёй Беларусі.

Саўладальнік кампаніі «Брэміна Груп» — буйнога лягістычнага апэратара.

Аляксандар Зайцаў

Буйны бізнэсовец, ягоныя інтарэсы — гандаль з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і краінамі Афрыкі. Ягоная кампанія Sohra Overseas пазыцыянуе сябе як асноўны пастаўшчык цывільнай прадукцыі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў у краіны Пэрсыдзкай затокі і Афрыку.

Лілія Лукашэнка

Жонка старэйшага сына Лукашэнкі Віктара, зьвязаная з шэрагам кампаній, якія маюць бонусы ад Аляксандра Лукашэнкі, а менавіта Dana Holdings/Dana Astra. Лілія Лукашэнка доўгі час працавала намесьніцай дырэктара гэтай кампаніі, якою валодаюць дзьве кіпрскія фірмы. Галоўнымі ж уладальнікамі «Дана Астра» лічацца сэрбскія прадпрымальнікі браты Карычы.

Аляксандар Шатроў

Аляксандар Шатроў
Аляксандар Шатроў

Уладальнік кампаніі «Сінэзіс», якая распрацоўвала сыстэму відэаназіраньня Kipod. Кампанію вінавацілі, што яна дапамагае сілавікам шукаць пратэстоўцаў праз сыстэму відэаназіраньня. Аляксандар Шатроў гэта адмаўляў.

Сяргей Цяцерын

Сяргей Цяцерын (справа ад Аляксандра Лукашэнкі) падчас тэніснага матча на Кубак Фэдэрацыі. Лістапад 2017 году
Сяргей Цяцерын (справа ад Аляксандра Лукашэнкі) падчас тэніснага матча на Кубак Фэдэрацыі. Лістапад 2017 году

Кіраўнік кампаніі «Белглобалстарт», асноўны напрамак кампаніі — продаж алькаголю. Сяргея Цяцерына называюць блізкім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, іх неаднойчы заўважалі разам на спартовых турнірах. Цяпер Сяргей Цяцерын таксама ўзначальвае Беларускую фэдэрацыю тэнісу.

Валер Іванковіч

Дырэктар заводу МАЗ, займаўся звальненьнямі рабочых заводу з палітычных матываў, таксама ён сябра камісіі, якой даручана распрацоўваць папраўкі да Канстытуцыі. Працаваў гендырэктарам «Амкадор», у 2019 годзе стаў гендырэктарам МАЗу.

Раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні, Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзяць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG