Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратэг. Памяці Станіслава Гусака


Станіслаў Гусак
Станіслаў Гусак

На 72-м годзе жыцьця памёр Станіслаў Гусак, адзін з пачынальнікаў дэмакратычнага руху ў Беларусі, аўтар праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару.

Прычынай сьмерці быў інсульт. «Ён здарыўся 3 сакавіка. Бацька быў у коме, а на 25 сакавіка адкрыў вочы і прыйшоў у сябе. Ён змагаўся за жыцьцё, як у 90-я», — напісала мне ягоная дачка Алена.

Станіслаў Гусак бачыцца сымбалічнай фігурай якраз у кантэксьце першай паловы 90-х, калі Беларусь аднавіла незалежнасьць, калі ўзьнялося нацыянальнае Адраджэньне, калі мы верылі ў перамогу. Толькі ў тыя часы і толькі такія людзі, як Станіслаў, маглі прапанаваць нагэтулькі сьмелы і грандыёзны праект, якім быў Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар.

Станіслаў Гусак нарадзіўся 29 траўня 1949 году ў Курахаве Данецкай вобласьці ва Ўкраіне, у 17 гадоў паступіў на энэргетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту, потым працаваў інжынэрам, майстрам, начальнікам цэху на энэргетычных прадпрыемствах Беларусі. Але пра радзіму, пра Ўкраіну, не забываўся.

Станіслаў Гусак ва Ўкраіне
Станіслаў Гусак ва Ўкраіне

«Станіслаў адчуваў эмацыйную повязь з малой радзімай, а родам ён з Данбасу, але карэннага, украінамоўнага, — прыгадвае Вінцук Вячорка. — Любіў успамінаць, як яго малога выхоўвала сям’я і сельская грамада, як прышчаплялі павагу да іншых, і як шмат зьмянілася, калі традыцыйную культуру рэгіёну выціснуў прышлы люмпэн. Станіслаў Гусак моцна перажываў за ўсе падзеі ва Ўкраіне, часта там бываў і быў надзейным прадстаўніком дэмакратычнай Беларусі.

Ён быў адважным чалавекам: і захапленьне ягонае — марское падводнае плаваньне — пра гэта сьведчыць, і — галоўнае — ён заўсёды ставіў чало палітычным выклікам, ішоў у першым шэрагу дэманстрантаў.

Жыцьцёвы досьвед натхніў Станіслава ўзяцца за аўтабіяграфічную кнігу, прычым задумваў ён пісаць яе па-беларуску, абмяркоўваў са мной плян... На жаль, падступная хвароба ўдар за ўдарам перашкодзіла плянам гэтага неардынарнага, моцнага, адданага праўдзе і беларускай справе чалавека».

Калі б Станіславу ўсё ж удалося зьдзейсьніць задуму з кнігай — тое была б гісторыя беларускай дэмакратыі ад часоў утварэньня Беларускага Народнага Фронту.

Зянон Пазьняк, Станіслаў Гусак, Аляксандар Дабравольскі. Менск, пачатак 90-х
Зянон Пазьняк, Станіслаў Гусак, Аляксандар Дабравольскі. Менск, пачатак 90-х

«Бываюць у гісторыі краін і народаў часы, калі адбываюцца вялікія зьмены, і ў такія часы заўсёды патрэбныя людзі, якія разумеюць неабходнасьць зьменаў і здольныя прапанаваць альтэрнатыву, — кажа Аляксандар Дабравольскі, народны дэпутат СССР і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. — У канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя стала відавочна, што Савецкі Саюз, у складзе якога тады была Беларусь, увайшоў у глыбокі крызіс, і патрэбныя зьмены. Тады існавала толькі адна партыя, якая праводзіла выбары бяз выбару — у кожнай выбарчай акрузе вылучаўся толькі адзін кандыдат.

Каб стварыць альтэрнатыву, мусілі зьявіцца сьмелыя, разумныя і адказныя людзі. І яны зьявіліся. Адным з такіх людзей быў Станіслаў Гусак — інжынэр-энэргетык і неабыякавы чалавек. Ён стаў чальцом Беларускага народнага фронту — першай апазыцыйнай палітычнай арганізацыі ў Беларусі — і адным з заснавальнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, першай зарэгістраванай партыі Беларусі. Станіслаў распрацаваў стратэгічную ініцыятыву для энэргетычнай бясьпекі Беларусі. Ён прапанаваў стварыць Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар, каб была магчымасьць атрымліваць нафту і з Балтыйскага, і з Чорнага мора. Гэтая ініцыятыва сур’ёзна прапрацоўвалася ў розных краінах, аднак не рэалізаваная да гэтай пары. Станіслаў прыклаў шмат намаганьняў, каб Беларусь стала незалежнай і дэмакратычнай краінай».

Станіслаў Гусак на зьезьдзе АДПБ, пачатак 90-х гадоў.
Станіслаў Гусак на зьезьдзе АДПБ, пачатак 90-х гадоў.

Бясспрэчна, Станіслаў Гусак, пры ўсіх ягоных іншых заслугах, увойдзе (ужо ўвайшоў) у гісторыю Беларусі як аўтар ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара (БЧНК), які павінен быў злучыць чарнаморскі і балтыйскі тэрміналы па лініі Адэса-Броды-Вэнтсьпілс. Гэта пазбавіла б Беларусь, Украіну і краіны Балтыі ад энэргетычнай залежнасьці ад Масквы.

Праект Гусака быў часткай канцэпцыі стварэньня Балта-Чарнаморскай садружнасьці, якую вылучылі Зянон Пазьняк і Вячаслаў Чарнавол. Гэтая садружнасьць магла б аб’яднаць Украіну, Беларусь, Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію (натуральна, пры захаваньні поўнай незалежнасьці кожнай з краінаў) — у тым ліку і ў абароне ад палітычнага і эканамічнага ціску з боку Расеі. Але некаторым кіраўнікам заходніх суседніх краінаў здавалася, што Расея ўжо ніколі ня выявіць імпэрскіх амбіцый, бо ў Крамлі дэмакрат Барыс Ельцын, што яны ўжо амаль дзьвюма нагамі ў ЭЗ і NATO, ну а Беларусь і Ўкраіна... Што ж, у кожнай краіны, як і ў кожнага чалавека, свой лёс.

Час паказаў, чаго вартыя такія ацэнкі.

У ліпені 1993 году БНФ правёў канфэрэнцыю з удзелам прадстаўнікоў Латвіі, Літвы, Украіны, Польшчы. Прадстаўлены Гусакам праект БЧНК быў ухвалены, і дэпутаты БНФ пазнаёмілі зь ім тагачаснага старшыню Саўміну Беларусі Вячаслава Кебіча.

Інтарэс, які спачатку, як нам падавалася, прамільгнуў у Кебіча, імгненна зьнік. Праект каштаваў ад 113 да 183 мільёнаў даляраў. Сума па тых часах вялізная, хаця Беларусі давялося б унесьці толькі частку. Рэалізацыя праекту БЧНК прыносіла б у бюджэт Беларусі да 250 мільёнаў даляраў у год. Як бачыце, гэта ў два разы перакрывае першапачатковыя расходы на пабудову калектара. Але Кебіч баяўся пасварыцца з Масквой. Да таго ж і ён, і ягонае атачэньне думалі адным днём і вельмі часта ацэньвалі ідэі з інтарэсаў зусім не нацыянальных.

Тагачаснае кіраўніцтва Беларусі было, на маё перакананьне, цалкам пазбаўленае стратэгічнага мысьленьня ў нацыянальных інтарэсах, калі рашэньні прымаюцца з разьліку ня сёньняшняга дня, а з пэрспэктывай на 10, 20, нават 50 гадоў.

І вось на гэтым фоне стратэгічнае мысьленьне Станіслава Гусака ўражвае. Спэцыяліст, прычым найвышэйшай кваліфікацыі, у энэргетыцы, сфэру гэтую ён бачыў у кантэксьце пабудовы і ўмацаваньня адноўленай беларускай дзяржаўнасьці. Глядзеў у будучыню на дзесяцігодзьдзі.

Але час у Беларусі рушыў назад.

«Незадоўга да выбараў прэзыдэнта ў 1994 годзе ў газэце Менгарсавету «Добры вечар» ён напісаў прарочы артыкул «Востребованной лжи всегда найдётся лжец», — прыгадвае дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Павал Знавец. — Напрыканцы артыкула, памятаю, быў ягоны зварот да Бога, каб Усявышні паслаў нашаму народу, далей цытую блізка да тэксту: «...прозрение, а то ведь выберем себе в главные начальники либо спившегося инженера, либо, что ещё страшнее — самовлюблённого неуча». Як па мне, хай бы выбралі «спившегося инженера».

На выбарах 1994 году член Ценевага кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Станіслаў Гусак быў у камандзе Зянона Пазьняка. У многіх у памяці засталіся ўражаньні ад прамога эфіру з удзелам гэтай каманды прафэсіяналаў — у тым ліку і ад словаў Станіслава Гусака, што «мы пераплочвалі Расеі за адну тону нафты пяць сусьветных коштаў», і ад ягонага тлумачэньня, чаму так адбываецца. І што трэба зрабіць, каб не марнаваць народныя грошы.

Пасьля 94-га пачалася іншая гісторыя, у якой Станіслаў выявіў сябе сапраўдным барацьбітом за ідэалы дэмакратыі.

«Стас быў надзвычайным чалавекам. Вялікім сябрам Руху і сябрам многіх рухаўцаў. Маім таксама. Разам зь Міхаілам Байчышыным распрацоўваў вялікі праект — Балта-Чарнаморскага калектара. Ён быў сапраўдным патрыётам і годным, прыстойным чалавекам» — кажа Алена Бандарэнка, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны чатырох скліканьняў, намесьніца старшыні РУХу Вячаслава Чарнавола ў 90-я гады.

Станіслаў Гусак на мітынгу
Станіслаў Гусак на мітынгу

«Станіслаў Гусак увасабляў сабой многія каштоўнасьці — надзейнасьць, кампэтэнтнасьць, перакананасьць, — кажа Вінцук Вячорка. — Сьветлая памяць».

Разьвітальная паніхіда пройдзе 19 траўня з 13 да 14 гадзіны ў Цырыманіяльнай залі па адрасе: зав. Кабушкіна, 49 (насупраць Куляшова, 12).

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG