Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару


Станіслаў Гусак у часе падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 90-годзьдзя БНР, 2008 год.
Станіслаў Гусак у часе падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 90-годзьдзя БНР, 2008 год.

На 72-м годзе ад інсульту памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару.

Інжынэр-энэргетык Станіслаў Гусак быў адным са стваральнікаў дэмакратычнага руху ў Беларусі на мяжы 80-90 гадоў, зьяўляўся намесьнікам старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі.

З 1993 году ўваходзіў у склад Ценевага кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, быў у камандзе Зянона Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г.

Станіслаў Гусак быў аўтарам праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару, які ў выпадку ягонай рэалізацыі пазбавіў бы Беларусь ад паліўнай залежнасьці ад Расеі.

Зянон Пазьняк, Станіслаў Гусак, Аляксандар Дабравольскі. Менск, пачатак 90-х
Зянон Пазьняк, Станіслаў Гусак, Аляксандар Дабравольскі. Менск, пачатак 90-х

З кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці»:

«... 15 ліпеня 1993 году ў Доме літаратара за паўтара дзесяцігодзьдзя яго існаваньня ці не ўпершыню адбыўся форум, дзе пра літаратуру не было сказана ні слова. Тое, пра што гаварылі, з большай верагоднасьцю можна было ўявіць у якім-небудзь энэргетычным ведамстве ці ў праектным інстытуце.

Некалькі дзясяткаў эканамістаў, інжынэраў, праекціроўшчыкаў, навукоўцаў у энэргетычнай і нафтавай сфэры сабраліся на міжнародную канфэрэнцыю краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну «Шляхі пераадоленьня паліўна-энэргетычнага крызісу».

Станіслаў Гусак на мітынгу, пачатак 90-х
Станіслаў Гусак на мітынгу, пачатак 90-х

... У сваім выступе Станіслаў Гусак абгрунтаваў неабходнасьць стварэньня Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару (БЧНК) найперш энэргетычнай залежнасьцю ад Расеі.

«Аднабаковы арыенцір на пастаўку нафты з Усходу прывёў да таго, што Беларусь цяпер ня мае сродкаў дастаўкі нафты акрамя як зьвязаных з Расеяй», — сказаў ён.

«Аднабаковы арыенцір на пастаўку нафты з Усходу прывёў да таго, што Беларусь цяпер ня мае сродкаў дастаўкі нафты акрамя як зьвязаных з Расеяй», — сказаў ён.

Таксама Гусак прывёў прыклады неадэкватнага, зусім не на карысьць Беларусі, гандлёвага абмену з Расеяй.

«За адну тону расейскай нафты Беларусь пастаўляе ў Расею каля трох тонаў калійных соляў, тады як на сусьветным рынку цана адной тоны нафты эквівалентная цане дзьвюх тонаў калійных соляў. За трактар Менскага трактарнага заводу, рэалізаваны, напрыклад, у Кітаі, можна набыць па сусьветных цэнах 110–120 тонаў нафты, за той самы трактар, пастаўлены ў Расею, Беларусь атрымлівае 72 тоны нафты».

Прыгадаў Станіслаў Гусак і ўнёсак Беларусі ў нафтавую сыстэму Расеі: «Акрамя таго, штогадовыя ўнёскі Беларусі ў разьвіцьцё інфраструктуры Заходняй Сібіры складаюць дзясяткі мільярдаў рублёў. Беларусь штогод у месцах здабычы нафты пракладае 70 кілямэтраў дарог, узводзіць 6 000 квадратных мэтраў жыльля, будуе дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, вядзе буравыя работы і гэтак далей. Агульны аб’ём штогадовых выкананых работ бяз кошту матэрыялаў складае 11 мільярдаў рублёў, а з улікам матэрыялаў і іншых расходаў — 65–75 мільярдаў рублёў. Гэта каля 70 мільёнаў даляраў».

Выснова Гусака была сэнсацыйнай: Беларусь набывае расейскую нафту па цэнах удвая вышэйшых за сусьветныя. Мушу сказаць, што такія лічбы (а 70 мільёнаў у 1993 годзе былі вялізнай сумай) Кебіч дэпутатам не называў, калі казаў, што «без Расеі не пражыць».

А ў якасьці выйсьця прапаноўвалася стварэньне краінамі ўласных інжынэрных камунікацый, якія б дазвалялі набываць і транспартаваць нафту па сваіх тэрыторыях зь іншых нафтаздабываючых краінаў.

Існавала некалькі варыянтаў агульнага нафтавага комплексу, найлепшым выглядаў той, пры якім можна было абмінуць расейскую Ўнечу, злучыўшы ўмоўны «паўднёвы» і «паўночны» ўчасткі нафтаправодаў перамычкай. Па тэрыторыі Ўкраіны яна б пралягала на 482 кілямэтры, па Беларусі — на 145 кілямэтраў. Што да Ўкраіны, дык пры такім варыянце патрабавалася б будаўніцтва на яе тэрыторыі дадатковых чатырох памповачных станцыяў.

Агулам, стварэньне комплексу, у залежнасьці ад варыянтаў, каштавала б ад 113 да 182 мільёнаў даляраў.

Заўважу, што ў 1993 годзе гэтая лічба ўяўлялася астранамічнай. У параўнаньні з памерамі запазычанасьцяў Расеі, якія Беларусь і Ўкраіна назапасяць за наступныя дзесяцігодзьдзі — гэта хіба што толькі працэнты ад гэтых крэдытаў. Аднак ужо тады, у ліпені 1993-га, агульны настрой удзельнікаў канфэрэнцыі быў такі: трэба ісьці на гэтыя страты, бо яны дазволяць у будучыні зэканоміць значна большыя сродкі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG