Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар: чаму праект БНФ мог пазбавіць залежнасьці ад Расеі


Ілюстрацыйнае фота. Аўтар малюнку Ігар Тышкевіч

У 1993 годзе Беларускі Народны Фронт выступіў зь ідэяй пабудовы Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара, які павінен быў пазбавіць Беларусь ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі.

БЧНК — частка геапалітычнага праекту

Канфэрэнцыя ў справе Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару (БЧНК) была рэалізацыяй эканамічнага накірунку больш глябальнай ідэі — стварэньня Балта-Чарнаморскай садружнасьці, зь якой лідэры БНФ і ўкраінскага «Руху» Зянон Пазьняк і Вячаслаў Чарнавіл выступілі яшчэ ў 1990 годзе. Канфэрэнцыя па БЧНК адбылася 15 ліпеня 1993 года ў Менску, палітычная частка прайшла ў штаб-кватэры БНФ па Варвашэні, 8, эканамічна-тэхнічная — ў Доме літаратара.

Высокае прадстаўніцтва на канфэрэнцыі ў Менску

Прадстаўніцтва на канфэрэнцыі было досыць высокім. Удзельнічалі дарадца прэм’ер-міністра Літвы, намесьнік міністра энэргетыкі Ўкраіны, генэральны дырэктар «Латвіянафты». Афіцыйны Менск быў прадстаўлены супрацоўнікам Міністэрства энэргетыкі.

Станіслаў Гусак быў перакананы, што Беларусь набывае расейскую нафту па коштах, вышэйшых за расейскія

З палітычным дакладам на канфэрэнцыі выступіў старшыня БНФ Зянон Пазьняк, з эканамічным — сябра Ценявога Кабінэту БНФ Станіслаў Гусак. Цытата з выступу Гусака:

«За адну тону расейскай нафты Беларусь пастаўляе ў Расею каля трох тонаў калійных соляў, тады як на сусьветным рынку цана адной тоны нафты эквівалентная цане дзьвюх тонаў калійных соляў. За трактар Менскага трактарнага заводу, рэалізаваны, напрыклад, у Кітаі, можна набыць па сусьветных цэнах 110–120 тонаў нафты, за той самы трактар, пастаўлены ў Расею, Беларусь атрымлівае 72 тоны нафты... Акрамя таго, штогадовыя ўнёскі Беларусі ў разьвіцьцё інфраструктуры Заходняй Сыбіры складаюць дзясяткі мільярдаў рублёў. Беларусь штогод у месцах здабычы нафты пракладае 70 кілямэтраў дарог, узводзіць 6 000 квадратных мэтраў жыльля, будуе дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, вядзе буравыя работы і гэтак далей. Агульны аб’ём штогадовых выкананых работ бяз кошту матэрыялаў складае 11 мільярдаў рублёў, а з улікам матэрыялаў і іншых расходаў — 65–75 мільярдаў рублёў. Гэта каля 70 мільёнаў даляраў».

Гусак зрабіў выснову, што з улікам вышэйсказанага, Беларусь набывае расейскую нафту па коштах, удвая вышэйшых за сусьветныя.

Галоўная мэта БЧНК

Мэтай БЧНК было злучэньне існуючых нафтаправодаў па лініі Адэса-Броды-Вэнтсьпілс, што дазволіла б цалкам пазбавіць Украіну, Беларусі і краіны Балтыі ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі, паколькі нафта дастаўлялася б зь іншых нафтаздабываючых тэрыторый.

Некалькі варыянтаў калектару

Існавала некалькі варыянтаў пабудовы калектару, але найлепшым (з палітычных меркаваньняў) палічылі той, які дазваляў цалкам абмінаць тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Пры ім паўднёвы і паўночны ўчасткі нафтаправодаў былі б зьвязаныя перамычкай. Па Ўкраіне яна складала б 482 кілямэтры, па Беларусі — 145 кілямэтраў

Колькі б гэта каштавала

Кошт пабудовы сыстэмы БЧНК залежаў ад абранага варыянту, мінімальны складаў 113, максымальны — 182 мільёны даляраў. Кіраўніцтва беларускага Саўміну на чале з Кебічам адмовілася разглядаць праект, паколькі палічыла яго надзвычай затратным, аднак сапраўднай прычынай быў ціск Масквы, для якой энэргетычная залежнасьць былых савецкіх рэспублік ад Расеі была істотным складнікам геапалітыкі.

У параўнаньні з памерамі крэдытаў, якія Беларусь і Ўкраіна возьмуць у наступныя дзесяцігодзьдзі ў Расеі, лічба ў 182 мільёны даляраў выглядае досыць сьціплай.

Кебіч паддаўся ціску Масквы

Нягледзячы на адмоўнае стаўленьне Кебіча, прадстаўнікі Ўкраіны, Латвіі і Літвы ідэю БЧНК падтрымалі, спадзяючыся, што ці стаўленьне беларускага ўраду зьменіцца, ці зьменіцца сам урад. Было падрыхтаванае тэхнічна-эканамічнае абгрунтаваньне і праектыроўшчыкі прыступілі да распрацоўкі праекту. Былі праведзеныя і перамовы з Міжнародным валютным фондам, які станоўча паставіўся да БЧНК.

Загадкавае зьнікненьне Байчышына

Чарговая канфэрэнцыя ў справе БЧНК павінна была адбыцца ў Кіеве, яе падрыхтоўкай займаўся кіраўнік Сакратарыяту Народнага Руху Ўкраіны Міхайла Байчышын. У яго ж знаходзіўся і асноўны корпус дакумэнтаў. Але 15 студзеня 1994 года на офіс НРУ быў зьдзейсьнены напад, нападнікі шукалі Байчышына, якога, аднак у той момант там не было. У той жа дзень Міхайла Байчышын зьнік. Зьніклі і дапкумэнты, якія тычыліся пабудовы БЧНК.

Паводле тагачаснага Генпракурора Ўкраіны, у межах сьледчых дзеяньняў у справе зьнікненьня Байчышына было апытана больш як 30 тысячаў чалавек, агледжана некалькі тысячаў будынкаў, аднак гэта не дапамагло сьледчым.

Прыкметна, што ў тыя студзеньскія дні спэцслужбы і міліцыя Украіны былі занятыя пытаньнямі бясьпекі ў сувязі з візытам у Кіеў прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG