Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гучных забойстваў, учыненых школьнікамі і студэнтамі ў Беларусі і іншых краінах былога СССР


Суд у Менску над «хлопцам з бэнзапілой» Уладам Казакевічам, 3 сакавіка 2017. На фота: муж забітай Уладам жанчыны
Суд у Менску над «хлопцам з бэнзапілой» Уладам Казакевічам, 3 сакавіка 2017. На фота: муж забітай Уладам жанчыны

У Казані адбылася страляніна ў школе № 175. Загінулі дзевяць чалавек. Паводле МУС, у нападніка не было памагатых, ён быў адзін. Гэта 19-гадовы Ільназ Галявіеў. Яго затрымалі. Прыгадаем іншыя выпадкі, калі школьнікі і студэнты нападалі на аднагодкаў.

Люты 2019, Стоўпцы. Беларусь

У 2019 годзе, 11 лютага, у стаўпецкай сярэдняй школе № 2 дзесяціклясьнік Вадзім Мілашэўскі напаў з нажом на настаўніцу і дваіх школьнікаў.

50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства памерла ад ран, загінуў таксама 17-гадовы падлетак, два — 15-гадовы і 16-гадовы — трапілі ў рэанімацыю. Псыхіятры патлумачылі напад нэрвовым зрывам Вадзіма Мілашэўскага. Суд даў яму 13 гадоў.

Журналіст Радыё Свабода Дзьмітры Гурневіч напісаў кнігу пра стаўпецкае забойства.

Лістапад-2019 — Благавешчанск, Расея

4 лістапада 2019 году ў Благавешчанску студэнт чацьвёртага курсу Амурскага каледжу будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі пачаў страляць са стрэльбы. Ён забіў аднаго навучэнца, параніў трох і скончыў жыцьцё самагубствам.

Прычынай стаў канфлікт паміж аднагодкамі. Сярод неафіцыйных вэрсій — цкаваньне з боку аднагодкаў і помста за дзяўчыну.

Кастрычнік-2018 — Керч, Украіна

Днём 17 кастрычніка 2018 году ў Політэхнічным інстытуце Керчы ў анэксаваным Крыме адбыўся масавы расстрэл з выбухам унутры аднаго з карпусоў. 21 чалавек загінуў, пацярпелі каля 50. Сьледчы камітэт Расеі спачатку пачаў крымінальную справу за «Тэракт», але пазьней перакваліфікаваў яе на «Забойства».

Паводле афіцыйных дадзеных, напад арганізаваў студэнт тэхнікуму Ўладыслаў Расьлякоў, які заклаў выбухоўку ў будынку тэхнікума, расстраляў людзей унутры, а пазьней зьдзейсьніў самагубства.

Напад на каледж у Керчы стаў самым масавым забойствам у навучальных установах за ўсю гісторыю постсавецкіх краін.

Студзень-2018 — Улан-Удэ, Расея

Раніцай 19 студзеня ўзброены сякерай і «кактэйлем Молатава» школьнік уварваўся ў школу № 5 гораду Улан-Удэ. Ён закінуў гаручую сумесь у клясу на трэцім паверсе, адсек аднаму школьніку палец і параніў яшчэ некалькі чалавек.

Падлетак спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, але яго затрымалі і даставілі ў шпіталь.

Малады чалавек нібыта захапляўся арыштанцкай субкультурай «Ауе». Ён часта публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетках запісы, якія абражаюць паліцэйскіх і ўсхваляюць злачынцаў.

Студзень-2018 — Перм, Расея

15 студзеня былы вучань пермскай школы № 127 Леў і старшаклясьнік Аляксандар (16 і 17 гадоў), узброеныя нажамі, напалі ў школе на настаўніцу чацьвёртай клясы і дзяцей, у якіх яна вяла заняткі. Як расказалі вучні, «яны прыйшлі з нажамі і рэзалі кожнага, хто трапляўся на шляху».

Паводле відавочцаў, больш за ўсё дасталася менавіта настаўніцы. Яе ўдарылі нажом 17 разоў. Усяго пацярпелі 15 чалавек.

Нападнікі, як паведамлялася, магчыма, ужывалі наркотыкі. Адзін зь іх актыўна цікавіўся масавым забойствам дзяцей у школе гораду Калумбайн у ЗША ў 1999 годзе: там двое вучняў забілі 15 чалавек і паранілі больш як 30.

Верасень-2017 — Іванцееўка, Расея

На пачатку верасьня 2017 году ў школе № 1 падмаскоўнага гораду Іванцееўка 15-гадовы падлетак адкрыў страляніну і напаў на настаўніцу зь сякеркай. Большасьць дзяцей зачыніліся ад нападніка ў клясе, але некалькі чалавек выскачылі з акна — яны атрымалі ўдары і пераломы.

Кастрычнік 2016 году. Менск, Беларусь

8 кастрычніка 17-гадовы былы студэнт Міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных адносін (МІПСА) Уладзіслаў Казакевіч прыйшоў у гандлёвы цэнтар «Эўропа» зь сякерай і бэнзапілой. Ён завёў бэнзапілу і забіў 43-гадовую прадаўшчыцу. Потым схапіў сякеру і нанёс два ўдары 46-гадовай наведніцы, паспрабаваў засекчы прыбіральшчыцу, але той удалося ўхіліцца. Абедзьве параненыя выжылі.

На судзе Казакевіч патлумачыў, што спачатку хацеў напасьці на студэнтаў у МІПСА. Ён прыйшоў у ВНУ, пераапрануўся ў прыбіральні, але бэнзапіла заглухла. Пакуль ён спрабаваў яе завесьці, заняткі скончыліся — і 180 чалавек пакінулі аўдыторыю. Казакевіч плянаваў вярнуцца ў МІПСА на наступны дзень, але праспаў.

«Мне было лянота, таму вечарам я пайшоў у ГЦ «Эўропа», — тлумачыў ён на допыце.

Суд прысудзіў яму 15 гадоў калёніі. У турме ён зьдзейсьніў яшчэ адно злачынства: напаў з нажом на двух кантралёраў падчас прагулкі. Да першага тэрміну дадаўся другі: 5 гадоў турмы і 17 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Люты-2014 — Масква, Расея

3 лютага 2014 году дзесяціклясьнік маскоўскай школы № 263 расстраляў выкладчыка геаграфіі і ўзяў у закладнікі сваіх аднаклясьнікаў. Падлетак быў узброены карабінам і вінтоўкай, якія ўзяў з сэйфа свайго бацькі. Усяго ў нападзе загінулі два чалавекі.

Паводле адваката нападніка, падлетак хацеў даказаць сваім аднаклясьнікам праўдзівасьць тэорыі саліпсізму і ілюзорнасьці жыцьця па-за ўласнай сьвядомасьцю, а пазьней зрабіць самагубства.

Красавік 2009 году. Баку, Азэрбайджан

Сын вясковага настаўніка, ураджэнец Грузіі Фарыд Гадыраў прыйшоў у будынак Азэрбайджанскай дзяржаўнай нафтавай акадэміі ў Баку, дастаў пісталет Макарава і пачаў страляць па студэнтах і выкладчыках. Забіў 12 і параніў 13 чалавек, пасьля чаго зрабіў самагубства. Пры ператрусе ў яго знайшлі яшчэ 71 патрон да пісталета Макарава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG