Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды, выракі і допыты 3 траўня: 1 год 9 месяцаў калёніі за блякаваньне дротам рэек, 2 гады «хіміі» за выхад на вуліцу з рупарам


Ператрус у гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, архіўнае фота
Ператрус у гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, архіўнае фота

Па ўсёй Беларусі працягваюцца судовыя працэсы ў адносінах да ўдзельнікаў мірных акцый, а таксама выклікаюць на допыты праваабаронцаў. Абнаўляецца.

Дваіх маладэчанцаў адправяць у калёнію за блякаваньне рэек

3 траўня ў судзе Маладэчанскага раёну вынесьлі прысуды Сяргею Шабуню і Паўлу Федукевічу. Іх прызналі вінаватымі ў злачынстве паводле арт. 14 і арт. 309 Крымінальнага кодэксу і асудзілі кожнага да 1 году і 9 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Справу разгледзела судзьдзя Вольга Дубовік, дзяржабвінавачаньне падтрымаў пракурор Сьвятаслаў Цітовіч.

Абодва абвінавачаныя прызналі віну. Паводле 38-гадовага Сяргея Шабуні, проста хацелі паглядзець, «як гэта дзейнічае». Мужчыны ўсьведамлялі, што замыканьня ня будзе, бо тросік значна пашкодзіла карозія.

37-гадовы Павал Федукевіч пацьвердзіў сьведчаньні сябра і таксама раскаяўся. Адзначыў, што не зьяўляецца прыхільнікам дзейнай улады, але пры гэтым матыў палітычнай варожасьці ва ўчынку адвяргаў. Маўляў, усё з глупства і цікаўнасьці.

Пачалі судзіць палітычнага вязьня Аляксандра Раентава

Суд Фрунзэнскага раёну Менска пачаў разглядаць крымінальную справу палітвязьня Аляксандра Раентава. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 342. і ч.2 арт. 363.

Справу разглядае судзьдзя Андрэй Млечка. Бок абвінавачання падтрымлівае пракурор Валерыя Таратынка.

Аляксандра Раентава абвінавачваюць у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, якія ў ягоным выпалку пацягнулі парушэньне працы транспарту. Меркаваныя дзеяньні ён арганізаваў летась ад ліпеня па сьнежань. Акрамя таго, стварыў тэлеграм-канал «Палігон», дзе навучаў, як парушаць грамадзкі парадак і сысьці ад адказнасьці.

У дадатак да ўсяго 29 жніўня мінулага году ўчыніў правапарушэньне ў тралейбусе, аказаўшы непадпарадкаваньне міліцыянтам Хомічу, Агіевічу і Сьвядышу. Тады яго схапілі разам зь сястрой, якая нібыта пакусала праваахоўнікаў.

Аляксандар Раентаў не прызнаў віну, адзначыўшы, што ў горшым выпадку яны цягнуць на адміністрацыйнае правапарушэньне. Ён адмовіўся ад дачы паказаньняў і заявіў, што будзе сьведчыць толькі пасьля апытаньня пацярпелых і сьведкаў.

Аляксандр Раентаў першы раз быў жорстка затрыманы 29 жніўня ў тралейбусе разам са сваёй сястрой Натальляй. Тады ён атрымаў адміністрацыйны арышт, а на жанчыну завялі крымінальную справу і асудзілі на 8 месяцаў калёніі.

У крымінальнай справе Аляксандра Раентава затрымалі ў ягонай кватэры напачатку сьнежня.

СК выклікае на допыт маці незалежнай журналісткі

Маці гомельскай журналісткі Юліі Сівец атрымала позву на допыт у мясцовае аддзяленьне Сьледчага камітэту.

Што стала падставай для выкліку — не ўдакладняецца. Аднак у якасьці сьведкі жанчыну запрашае сьледчы Аляксандар Шчаглоў, які ў абласным цэнтры займаецца справамі супраць мясцовых актывістаў, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Юлія Сівец — гомельская журналістка-фрылянсэрка, супрацоўнічае з многімі мэдыямі, у тым ліку «Радыё Рацыя».

18-гадовага хлопца з рупарам пакаралі 2 гадамі «хіміі»

Суд Першамайскага раёну Менска асудзіў на 2 гады «хіміі» 18-гадовага навучэнца каледжа, які падчас адной з акцый «дзейнічаў з выкарыстаньнем рупара».

Мацьвея Будніцкага абвінавацілі ў тым, што летась 4 кастрычніка ён браў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, «дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяньнях з выкарыстаннем рупара — гэта пацягнула парушэньне працы транспарту і прадпрыемстваў», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя Анастасія Кулік прызнала маладога чалавека вінаватым і асудзіла яго на 2 гады абмежаваньня волі.

Допыты сяброў Праваабарончага цэнтру «Вясна»

3 траўня на допыт у крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) зноў выклікалі кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага.

Акрамя яго, выклікалі на допыт у Cьледчы камітэт актывіста «Вясны» Андруся Крэчку.

У Магілёве экаактывіст Леанід Платоненка мусіць зьявіцца ў міжраённы аддзел СК — сьледчы маецца яго дапытваць у крымінальнай справе аб арганізацыі і фінансаваньні масавых беспарадкаў, у дачыненьні да якіх разглядаецца правававая дапамога грамадзянам з боку праваабаронцаў.

Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах праваабаронцы і валантэры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Менск), Леанід Судаленка (Гомля) і Тацяна Ласіца (Рэчыца).

Рада «Вясны» выказала пратэст у сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненьні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ня спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасьці на карысьць беларускага грамадзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG