Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтру «Вясна» ўручылі прэмію АБСЭ «Абаронца дэмакратыі». Бяляцкі заявіў пра гуманітарную катастрофу ў Беларусі. ВІДЭА


28 красавіка прайшла цырымонія ўручэньня праваабаронцам «Вясны» прэміі АБСЭ «Абаронца дэмакратыі». Прэмію прысудзілі больш за год таму, але праз каранавірус цырымонію ўзнагароджваньня адклалі.

Сёньня трансьляцыя цырымоніі ідзе ў жывым эфіры. Перад узнагароджваньнем мае выступіць пасол Швэцыі ў АБСЭ Ульрыка Фунэрэд, а таксама заплянаваны сэмінар на тэму «Гендэрная дэзынфармацыя і што можна зрабіць, каб супрацьстаяць ёй».

«Гэта вельмі небясьпечная праца, — быць праваабаронцам у Беларусі», — адзначыў падчас цырымоніі армянскі праваабаронца, кіраўнік НДА «Саюз інфармаваных грамадзянаў» Даніэль Іянісян.

«Дэмакратыя — гэта тое, што мы павінны абараняць кожны дзень», — падкрэсьліла пасол Швэцыі ў АБСЭ Ульрыка Фунэрэд.

«Вясна» не спыніла працу, нягледзячы на рэпрэсіі. Ад 1996 году яны пачалі выхоўваць будучых праваабаронцаў у Беларусі«, — нагадаў амбасадар Даніі ў Аўстрыі Рэнэ Дынэсэн.

Алесь Бяляцкі ўдзельнічаў у цырымоніі з амбасады Швэцыі ў Беларусі. Швэдзкі амбасадар уручыў яму памятную ўзнагароду.

Бяляцкі нагадаў гісторыю ўзьнікненьня «Вясны» пасьля разгону Чарнобыльскага шляху-1996:

«Мы і думаць не маглі, што праз 25 гадоў усё яшчэ будзем мусіць працягваць барацьбу за правы чалавека. Ніхто не чакаў таго маштабу рэпрэсіяў, якія абрынуліся на беларускую грамадзянскую супольнасьць. У краіне фактычна існуе неабвешчанае ваеннае становішча. Улады пакрываюць злачынствы сілавікоў. Забароненая любая грамадзянская актыўнасьць. Год таму ў Беларусі было трое палітвязьняў, сёньня — больш як 350. Чацьвёра калег зь „Вясны“ за кратамі. Існуе пагроза, што многія з нас бліжэйшым часам апынуцца ў турме.

У Беларусі адбываецца цывілізацыйная гуманітарная катастрофа. Мы заклікаем дэмакратычныя краіны дапамагчы беларускаму народу, прымусіць беларускі рэжым пачаць дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю», — сказаў Бяляцкі ў сваёй прамове і завяршыў свой выступ словамі: «Жыве Беларусь!»

Што трэба ведаць аб прэміі

Прэмію «Абаронца дэмакратыі» прысуджаюць з 2016 году за выключны ўнёсак у справу дэмакратыі і абароны правоў чалавека.

Летась старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі казаў, што прэмія АБСЭ «Абаронца дэмакратыі» надзвычай важная як для сяброў «Вясны», так і для ўсіх беларускіх праваабаронцаў:

«Вось ужо на працягу 24 гадоў „Вясна“ мужна і стойка бароніць правы беларускіх грамадзянаў у складаных і неспрыяльных умовах. Беларускія ўлады пазбавілі нас дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе, такім чынам ігнаруючы нас, не зважаючы на тыя калясальныя праблемы з правамі чалавека, якія існуюць у Беларусі. Але гэта не замінае нам дапамагаць і абараняць правы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, людзей у месцах несвабоды, прадстаўнікоў уразьлівых групаў, актыўна выступаць супраць сьмяротнага пакараньня, змагацца за права на чыстую зямлю і паветра, за правядзеньне справядлівых і празрыстых выбараў».

На думку Бяляцкага, гэтая прэмія — ясны сыгнал беларускім уладам пра тое, што трэба правесьці сурʼёзныя рэформы ў галіне абароны правоў чалавека і істотна палепшыць сытуацыю з правамі і свабодамі беларускіх грамадзянаў.

«Пакуль мы не дасягнулі нашых мэтаў, мы не зьбіраемся складаць рукі. Рэпрэсіі супраць беларускіх праваабаронцаў ня спыняць нашую працу на карысьць дэмакратыі і правоў чалавека ў нашай краіне.

Мы ўдзячныя краінам АБСЭ, якія намінавалі „Вясну“ на прэмію „Абаронца дэмакратыі“. Мы верым, што бясстрашныя і ўпартыя намаганьні праваабаронцаў у рэгіёне АБСЭ, нягледзячы на перашкоды, здолеюць зрабіць наш сьвет крыху лепшым», — казаў Алесь Бяляцкі летась.

Раней прэмію «Абаронца дэмакратыі» атрымлівалі расейскі рух «Голас», сэрбская няўрадавая арганізацыя «Цэнтар дасьледаваньняў, празрыстасьці і справаздачнасьці» (CRTA), украінская актывістка Аляксандра Матвійчук.

У сакавіку ўлады Беларусі пачалі супраць «Вясны» крымінальную справу за «арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У кватэрах і офісах праваабаронцаў прайшлі ператрусы, іх саміх выклікалі на допыты.

Якія яшчэ ўзнагароды атрымалі праваабаронцы «Вясны»

  • Прэмію Homo Homini ад чэскай грамадзкай арганізацыі «Чалавек у бядзе». Яе прысудзілі чатыром праваабаронцам «Вясны», якім пагражае крымінальны прысуд за праваабарончую дзейнасьць: Тацяне Ласіцы, Марфе Рабковай, Леаніду Судаленку і Андрэю Чапюку.
  • Прэмію імя бразыльскага дыплямата Сэржу Віейра дзі Мэлу за «дапамогу ахвярам рэжыму».
  • Прэмію «За годны лад жыцьця» — за вялікую ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.
  • Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі быў сярод ляўрэатаў прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі 2020».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG