Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У камэры палова палітычных». Пра што піша з турмы праваабаронца Марфа Рабкова


Марфа Рабкова
Марфа Рабкова

Палітзьняволеная, праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова сёмы месяц у СІЗА № 1 Менску. Пра што яна піша родным і як сябе адчувае, расказаў яе муж Вадзім Жаромскі.

«У мяне зьявіліся налепкі ад Аховы птушак Бацькаўшчыны — я наклейваю і пра кожную вяду розныя гісторыі. На адзін ліст пра кажаноў Марфа адказала, што спадабалася. Іншыя да СІЗА дайшлі дакладна, аддалі ці не — ня ведаю. Спачатку ад яе пошта даходзіла, а туды — зь цяжкасьцю. Быў момант, калі перапіска зусім спынілася. Апошні месяц стабілізавалася: да мяне амаль усё даходзіць, а да яе — зь перабоямі, бывае, месяц ліст ідзе», — расказаў Вадзім сайту Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Стабілізацыю Вадзім зьвязвае з тым, што Марфа паскардзілася адміністрацыі СІЗА. Аднак гэта палепшыла толькі яго асабістую перапіску — іншым сваякам лісты па-ранейшаму даходзяць дрэнна.

«Бацькам ад Марфы лісты прыходзяць рэдка, ад бацькоў — таксама. Ад сястры ўжо некалькі месяцаў лістоў не аддавалі. На самой справе я, напэўна, адзіны, каму ў апошні час яны рэгулярна прыходзяць. Ад іншых людзей ёй аддаюць 1-2 лісты на дзень. Хоць Марфа ўпэўненая, што пішуць часьцей. Усяго за час знаходжаньня ў СІЗА назьбіралася каля 500 лістоў».

Паводле Вадзіма Жаромскага, жонка шмат чытае, пра што таксама расказвае ў сваіх лістах.

«У суседкі ёсьць раздрукаваны сьпіс кніг, якія мае мясцовая бібліятэка — амаль 700 найменьняў, — напісала яна. — Два дні яго сабе перапісвала, але гэта ня поўны сьпіс. Думаю, мне хопіць на той прамежак часу, пакуль я тут буду знаходзіцца».

Часам атрымліваецца глядзець фільмы — але не заўсёды цалкам. А яшчэ даслала паштоўку — на ёй намаляваны іх кот Марфэй.

«Вядома, што яна памяняла шмат камэр, напэўна, штук восем, — кажа Вадзім Жаромскі. — Але толькі цяпер нармальная — унітаз зьявіўся. Да гэтага проста дзірка ў падлозе. Па восем чалавек, здаецца, у камэры. Палова палітычных. Паміж сабой добрыя зносіны, канфліктаў няма. Скардзіцца, што мала сьвятла праз „расьнічкі“ на вокнах».

Са слоў Вадзіма, жонка спадзяецца, што суд будзе да канца лета. Хоць тэрміны гучалі самыя розныя.

«Абяцаньні сьледчых наогул розныя: і канец 2020-га, і пачатак 2021-га, — згадвае ён. — Але ўсё пастаянна мяняецца, цяжка прадбачыць. Гэта радасьці, вядома, не дадае — ні артыкулы, якія ёй прад’яўляюць, ні месца, у якім яна знаходзіцца. Але цяпер настала вясна, і праз „расьнічкі“ трошкі сонейка прабіваецца — таму настрой у Марфы стаў лепшым».

Марфу Рабкову затрымалі летась 17 верасьня. Прычынай — крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці). Праз два дні яе перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

11 лютага праваабаронцы прад’явілі новыя крымінальныя абвінавачаньні: паводле ч.3 арт.130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай нявысьветленых асобаў) і ч.2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі). Агулам ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Падтрымаць Марфу Рабкову можна лістамі: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG