Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: «Сталінская рэакцыя правіць баль. Але беларускае грамадзтва гатовае ахвяравацца за каштоўнасьці»


Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі ў судзе. Архіўнае фота.
Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі ў судзе. Архіўнае фота.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» сёньня сьвяткуе 25-годзьдзе. Кіраўнік цэнтру Алесь Бяляцкі выказаў веру ў дэмакратычныя зьмены ў Беларусі.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі лічыць, што існаваньне арганізацыі ва ўмовах рэпрэсій, гвалту і татальнай непавагі да правоў чалавека цягам чвэрці стагодзьдзя — унікальны выпадак. Вясноўцы ня думалі, што, уваходзячы ў другую чвэрць, будуць зноў гаварыць пра крызіс дэмакратыі і самых базавых правоў грамадзян, але рэчаіснасьць менавіта такая.

І ўсё ж Бяляцкі мае аптымізм адносна будучыні. Ён мяркуе, што адсутнасьць рэформаў, да якіх рэжыму Лукашэнкі заклікалі шмат гадоў, стане адным з чыньнікаў. Акрамя таго, народ у Беларусі ўжо жыве іншымі каштоўнасьцямі.

«Улады не заўважылі, што за апошнія гады ў Беларусі вырасла новае пакаленьне, для якога правы чалавека не пусты гук».

Паводле старшыні Праваабарончага цэнтру, Беларусь знаходзіцца яшчэ не ў ваенным, але ўсё адно ў надта складаным становішчы, а людзі ня маюць элемэнтарных правоў. Аднак яны ўсьведамляюць неабходнасьць барацьбы за іх.

«Няхай тыя людзі, якія гвалтоўна парушаюць правы чалавека цяпер, не спадзяюцца, што ім удасца дамагчыся сваіх мэтаў. Махровая, фактычна сталінская рэакцыя сёньня правіць баль. Новае беларускае грамадзтва мае каштоўнасьці і гатовае ў той ці іншай ступені за іх ахвяравацца».

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка расказаў некаторыя падрабязнасьці новага дакладу праваабаронцаў «Крымінальны перасьлед з палітычных матываў. Беларусь 2020-2021 гг.» У прыватнасьці, ён зьвярнуў увагу на тое, што 70% фігурантаў крымінальных справаў, зьвязаных з пратэстамі пасьля выбараў, зьмяшчаліся пад варту. І гэта сьведчыць пра перадузятасьць уладаў, паколькі ў справах за карупцыю пад варту бралі толькі 3% падазраваных.

Чацьвёра сяброў ПЦ «Вясна» знаходзяцца ў зьняволеньні. Гэта Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк зь Менску, а таксама Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца з Гомлю. Акрамя таго, заведзена крымінальная справа аб фінансаваньні пратэстаў, у якой праходзяць дзясяткі праваабаронцаў ня толькі зь «Вясны», але і зь Беларускага Хэльсынскага камітэту, іншых арганізацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG