Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта вяртаньне ў савецкія часы»: Праваабаронцы пра новыя папраўкі ў законы


Мастак Алесь Пушкін, якога арыштавалі за карціну якая нібыта рэабілітуе нацызм, яшчэ да прыняцьця рэпрэсіўных паправак у законы.
Мастак Алесь Пушкін, якога арыштавалі за карціну якая нібыта рэабілітуе нацызм, яшчэ да прыняцьця рэпрэсіўных паправак у законы.

2 красавіка Палата прадстаўнікоў разгледзела цэлы шэраг зьменаў у заканадаўства: ад законапраекту аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму да законапраекту аб масавых мерапрыемствах.

Разьбіраемся, што можа зьмяніцца.

Што разглядала Палата прадстаўнікоў

2 красавіка Палата прадстаўнікоў разгледзела шэраг законапраектаў і прыняла іх у першым чытаньні. Што гэта за законапраекты?

У законапраекце «Аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму» тлумачацца тэрміны «нацысцкія злачынцы», «пасобнікі нацысцкіх злачынцаў», а таксама вызначаюцца суб’екты супрацьдзеяньня рэабілітацыі нацызму.

Адзіны варыянт законапраекту «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», пра які вядома грамадзкасьці, — гэта варыянт, прапанаваны Генпракуратурай. У гэтым варыянце прапануюцца, сярод іншага, сьпісы, трапіўшы ў якія, чалавек пазбаўляецца права займацца пэдагагічнай, выдавецкай дзейнасьцю, а ягоныя рахункі трапляюць пад асаблівую ўвагу.

Таксама законапраект накладае забарону на палітычныя патрабаваньні падчас забастоўкі, уводзіцца адказнасьць за публічную абразу сваякоў прадстаўніка ўлады, а таксама крымінальная адказнасьць за неаднаразовае парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах.

У законапраекце «Аб масавых мерапрыемствах» уводзіцца поўная забарона такіх мерапрыемстваў без дазволу мясцовых уладаў, таксама ўводзіцца поўная забарона на публічныя заклікі да масавага мерапрыемства — у сацсетках, СМІ і інтэрнэце.

Што выклікае ў экспэртаў заклапочанасьць у гэтых папраўках?

«Законапраект аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму закране навукоўцаў»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч заўважае, што фармулёўкі законапраекту аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму ўлада зможа выкарыстоўваць і супраць саміх навукоўцаў.

Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч.

«Могуць быць скарыстаныя шырокія трактоўкі гістарычных падзеяў. Вось гэтыя справы супраць польскіх актывістаў і мастака Алеся Пушкіна — з такога рэчышча. Выказваньне ці трактаваньне гістарычных падзеяў ня можа быць скарыстанае для перасьледу. Пры чым тут Армія Краёва да нацызму, тым больш гісторыя антысавецкага супраціву? Гэта ўжо недапушчальныя меркаваньні пра нейкія гістарычныя падзеі», — мяркуе праваабаронца.

Мастака Алеся Пушкіна арыштавалі як падазраванага ў крымінальнай справе аб рэабілітацыі нацызму. Паводле паведамленьня пракуратуры, 19 сакавіка на выставе дэманстравалі напісаны Пушкіным партрэт Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы.

Таксама пракуратура завяла крымінальную справу супраць кіраўніцы Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс і гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута. Гэта справа аб распальваньні нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы.

«Законапраект аб масавых мерапрыемствах — гэта адкат назад»

Паводле Валянціна Стэфановіча, новыя папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах — адкат назад на некалькі гадоў.

«Нават нязначныя зьмены ў законе, прынятыя раней, цяпер прыбралі і пакінулі ўсе акцыі толькі з дазволу выканаўчай улады. Гэта адыход на некалькі гадоў таму. І гэта ў сукупнасьці з узмацненьнем адказнасьці за несанкцыянаваныя акцыі», — кажа праваабаронца.

Раней у законе аб масавых мерапрыемствах прапісваўся заяўны прынцып, калі акцыю заяўнікі маглі правесьці на вызначаных пляцоўках, аплаціўшы паслугі міліцыі і мэдыкам.

«Законапраект пра экстрэмізм не адпавядае сусьветнай практыцы»

У законапраекце аб супрацьдзеяньні экстрэмізму Валянцін Стэфановіч зважае на нормы, якія дазволяць прыцягваць чалавека да крымінальнай адказнасьці проста за выказваньні.

«Найперш у сьвеце перасьледуецца гвалтоўны экстрэмізм, калі гаворка ідзе пра сапраўднае распальваньне варажнечы. А тут — фармулёўкі дазваляюць прыцягваць грамадзян да адказнасьці за іх выказваньні. Напрыклад, фармулёўка „за дыскрэдытацыю Беларусі“. Гэта нас вяртае ў савецкія часы, калі любая крытыка ўспрымалася як паклёп, які ганіць савецкі лад», — выказваецца праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч прыводзіць прыклад, калі заяўляецца пра гвалт і катаваньні супраць грамадзянаў, а сілавікі і ўлада гэтага не прызнаюць. Дык таго, хто пра гэта заяўляе, ужо могуць прыцягнуць да адказнасьці па гэтым законе.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зьвяртае ўвагу, што нічога падобнага да такіх законаў няма ў Эўропе, хоць дэпутаты якраз з Эўропай параўноўваюць такія нормы.

Алег Гулак.
Алег Гулак.

«Гэта пагаршэньне, гэта шкодная ініцыятыва. У законах закладаецца адвольнае прымяненьне. Нічога падобнага да такіх законаў у Эўропе няма і блізка. Гэта трэнд на закручваньне гаек. Пакуль сыстэма ня зьменіцца ў цэлым, няма ніякіх магчымасьцяў гэты працэс затармазіць», — кажа праваабаронца.

Пакуль гэтыя законапраекты дэпутаты прынялі ў першым чытаньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG