Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць рэчы, якіх ніхто ў мяне не забярэ», — выкладчыца Натальля Дуліна пра крэатыўныя фарматы пратэсту і сьпісы ГУБАЗІКа


Натальля Дуліна (справа) на маршы ў Менску.

Пра беларускую вясну, новыя фарматы мірнага супраціву, сачэньне ГУБАЗІКа і ўнутраную свабоду разважае выкладчыца італьянскай мовы Натальля Дуліна, якую ўвосень 2020-га звольнілі зь Лінгвістычнага ўнівэрсытэту празь яе грамадзянскую пазыцыю.

Глядзіце размову на відэа цалкам.


Асноўныя тэзісы Натальлі Дулінай:


Пра марш трыюмфаваньня і выхад на плято

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

— Пандэмія стала апошняй кропляй у чашы цярпеньня беларусаў. Многія цягнулі ярмо — абы не было вайны, каб толькі горш не было. Тады ўсе зразумелі: колькі ж можна, хопіць, гэта перайшло ўсе межы. А ўлада зрабіла ўсё, каб падвесьці нас да таго, да чаго мы прыйшлі.

16 жніўня першы марш ня быў нават маршам пратэсту, гэта быў марш трыюмфаваньня, адчуваньня свабоды, эўфарыі. Раптам нам падалося, што ўсё магчыма. Мы ўпіваліся салідарнасьцю, адчуваньнем, што побач з намі аднадумцы. Рэчы сталі мяняцца, калі ўлады сталі рабіць больш жорсткія захады, тады нашы выхады зьмяніліся дваровымі акцыямі. Мы па-ранейшаму адчувалі плячо адзін аднаго, нягледзячы на тое, што мы не зьбіраліся ўсе разам. А цяпер наступіла такое плято, калі ўсё працягваецца, але на больш-менш аднолькавым узроўні, без успышак і ўсплёскаў.

Пра маратон, а ня спрынт

— Яшчэ Марыя Калесьнікава папярэджвала, што будуць моманты пэўнага спуску, што некаторы час мы будзем запавольвацца і выказваць калі не адчай, то скептычнае стаўленьне. Нам будзе падавацца, што ўсё не працуе. І гэта нармальна і зразумела з улікам цяперашніх умоваў. Мы павінны быць да гэтага гатовыя.

Калі мы выходзілі ў першыя тыдні, падавалася, што гэта спрынт, у выніку аказалася, што маратон. І мы павінны берагчы сілы. І мы па-ранейшаму праходзім гэты маратон і разумеем, што ў любы момант кожны з нас можа сысьці з дыстанцыі, бо ўлада робіць усё, каб выявіць і нэўтралізаваць актыўных людзей, хто здольны павесьці за сабой, і каб тым самым запалохаць усіх астатніх. І я не магу сказаць, што ўладзе не ўдалося гэта зрабіць. Мы бачым, што адбываецца штодня.

Пра фарматы, якія працуюць


— Трэба ўмець прызнаваць паразу. Калі Сьвятлана Ціханоўская сказала ў адным з інтэрвію, што мы страцілі вуліцу, гэта выклікала зьбянтэжанасьць, але яна слушна сказала. На гэтым прамежку разумеем, што тактычна ўсе мы цяпер ня ў самай лепшай пазыцыі. Тэхнічна мы ня можам сабрацца ўсе разам, як раней... Я па-ранейшаму перакананая, што мы павінны выступаць мірна. Няма ніякіх намераў ужыць агрэсію, і ўсе гэта цудоўна разумеюць. Нам усім хочацца, каб хутчэй усё зьмянілася, але гэта ў нас у крыві, і ў гэтым наша сіла — выступаць мірна.

Двойчы ў адну раку ня ўвойдзеш

— Нават калі б нас пакінулі ў спакоі і мы маглі б зьбірацца на маршы, гэта ўжо было б ня тое, што раней, таму што двойчы ў адну раку ня ўвойдзеш. Мы па-ранейшаму глядзім адзін аднаму ў вочы і чытаем тое, што мы думаем, у вачах тых, хто побач. Але прайшоў момант, калі гэта было пунктам кіпеньня. Цяпер трэба інакш. Немагчыма заставацца ў адным пункце з адным фарматам. Напэўна, мы самі адчулі рутыну ў гэтым. Трэба разьвівацца. Калі я яшчэ працавала і мы, выкладчыкі, падтрымлівалі студэнтаў, я назірала ў студэнтаў патрэбу ўвесь час знаходзіць новыя фарматы і новыя шляхі. І гэта робіць разьвіцьцё нашага пратэсту жывым і сьвежым.

Аб працы пасьля звальненьня

— Да звальненьня я працавала на курсах італьянскай мовы і працягваю там працаваць. Цяпер я, як кажуць, самазанятая, займаюся рэпэтытарствам. У мяне вельмі шмат працы, шмат вучняў. Калі ўсё гэта адбылося, зьявілася думка, што нарэшце я маю шчасьлівую магчымасьць усё радыкальна зьмяніць і зьвярнуцца да нечага зусім новага. Я пра гэта думала і раней, але ў мяне не хапала сьмеласьці... У выніку пасьля звальненьня праца мяне вельмі хутка знайшла.

Аб «пратэставых» сьпісах ГУБАЗІКа

— Я не зьдзівілася, што маё імя было ў сьпісах асобаў, якія знаходзяцца ў апэратыўнай распрацоўцы ГУБАЗіКа ў сувязі з удзелам у пратэстах. Я дапускаю, што мы ўсе пад каўпаком, нехта болей, нехта меней. Калі баяцца ўсяго гэтага, дрыжаць, спрабаваць не наўпрост гаварыць зь людзьмі, вітаць таварыша маёра праз тэлефон, спрабаваць усё рабіць падпольна...

Я, напэўна, падрыхтавалася да таго, што ў любы момант нешта можа адбыцца, і мне стала лягчэй. Я перажыла гэта. У гэты сьпіс я ня вельмі веру. У ім людзі, якія даўно за межамі Беларусі. Мне падалося, што гэта стары сьпіс, складзены яшчэ да майго затрыманьня. Што з таго, што за намі сочаць? Усе ж ведаюць, дзе мы жывём і як да нас прыйсьці. Ад таго, што я буду сядзець і баяцца, нічога ня зьменіцца.

Пра ўнутраную свабоду

— Ёсьць рэчы, важнейшыя нават за свабоду. Гэта ўнутраная свабода. Яна заканчваецца там, дзе пачынаецца страх. Важна прааналізаваць усё і зрабіць такім чынам, каб гэты страх сышоў. Не заганяць яго ўнутр і рабіць выгляд, што ты пра яго ня думаеш. Ёсьць рэчы, якіх ніхто ў мяне не забярэ — маё разуменьне, што такое добра, што такое дрэнна, маё сумленьне, маё стаўленьне да людзей, мая сыстэма каштоўнасьцяў.

Пра страх

— Гвалт і хлусьня — дзьве рэчы, якія мяне абураюць найбольш. Але страху няма. 30 жніўня мы выйшлі на праспэкт каля ГУМу, нас ачапілі з аднаго боку АМАП, з другога войскі са шчытамі. У нейкі момант мы садзіліся на асфальт, стаялі каля ГУМУ натоўпам. Наперадзе жанчыны, бо мы разумелі, што ў той дзень было ўказаньне жанчын ня браць. Я стаяла з плякатам «Страх забівае свабоду, мы не баімся», і на мяне пайшоў натоўп амапаўцаў.

На цябе ідуць узброеныя людзі, а я стаю з плякатам, на якім напісана, што я не баюся. Унутры я адчуваю сябе вельмі некамфортна. Мы ўсе жывыя людзі, і бываюць моманты, калі сэрца сьціскаецца. Але галоўнае — ня страціць сябе.

Баяцца трэба, калі давядзецца разьвітацца з унутранай свабодай. Спадзяюся, што, пакуль мы жывыя, ніхто ў нас яе не забярэ. Я бачу ў людзях адчуваньне зьяднанасьці, радасьці ад таго, што ты не адзін, што нарэшце мы ўзьнялі галовы. Гаворачы зь людзьмі, з аднадумцамі, я адчуваю гонар людзей, бо яны зрабілі слушны выбар. Ім ёсьць чым ганарыцца, яны шчасьлівыя праз тое, што яны частка гэтага руху. Ніякі гвалт гэтага ня можа перамагчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG