Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Журналісты працаваць не перастануць». Журналістка і кіраўнік БАЖ — пра новыя правілы працы на масавых акцыях


Пратэст у Менску 2 сакавіка 2021

Яны могуць быць уведзеныя пасьля прыняцьця закону «Аб масавых мерапрыемствах у Беларусі».

Пра падрыхтоўку новага закону, які можа прыраўнаць журналістаў да ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый, а таксама фактычна забароніць весьці адтуль жывыя трансьляцыі, стала вядома 2 красавіка. У гэты дзень новы законапраект у першым чытаньні прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Да прыняцьця новага закону, пра падрыхтоўку якога раней нічога не было вядома, застаецца яшчэ адно галасаваньне і зацьвярджэньне Аляксандрам Лукашэнкам.

«Улада прасоўвае сваю пазыцыю»

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец мяркуе, што перашкодзіць прыняцьцю закону шанцаў мала. Бастунец таксама кажа, што раней падобныя законапраекты хаця б абмяркоўвалі ў больш-менш адкрытым доступе.

«На жаль, сёньня магчымасьці нейкім чынам узьдзейнічаць на заканатворчыя памкненьні ўладаў мінімальныя, — сказаў старшыня БАЖ у размове са Свабодай. — Калі раней была магчымасьць хаця б абмеркаваць, хаця б падрыхтаваць нейкія свае прапановы, заўвагі, і хоць нешта зь іх успрымалася, — то сёньня мы бачым, што пра новыя акты, якія прымаюцца, нават не паведамляюць. Таму, хутчэй за ўсё, тое, што прапануецца, ужо будзе і прынятае. Таму што гаворка зараз ідзе не пра ўрэгуляваньне адносінаў у грамадзтве, а пра тое, што ўлада прасоўвае сваю пазыцыю мэтанакіравана і спрабуе заканадаўча замацаваць тыя нормы, якія хоча замацаваць».

Бастунец зьвяртае ўвагу на тое, што гэта толькі адзін з актаў, якія абмяжоўваюць працу журналістаў у Беларусі. Паводле кіраўніка БАЖ, такіх актаў будзе прынята бліжэйшым часам некалькі.

Пракамэнтаваў Андрэй Бастунец таксама і прызначэньне новага міністра інфармацыі. Ігара Луцкага на гэтай пасадзе 5 красавіка замяніў экс-кіраўнік беларускага прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мір» Уладзімер Пярцоў.

«Тут галоўнае ня тое, хто выконвае абавязкі міністра, а галоўнае пытаньне — чаму гэта робіцца. А галоўнае зараз — пацьвердзіць лінію дзяржавы, улады, замацаваць новыя абмежавальныя нормы для СМІ. Магчыма, ёсьць нейкія прычыны і нагоды, зьвязаныя з тым, што новы міністар інфармацыі доўгі час працаваў у структурах, зьвязаных з Расейскай Фэдэрацыяй. Але я магу толькі выказваць нейкія вэрсіі, бо мы не валодаем дакладнай інфармацыяй».

Андрэй Бастунец падкрэсьлівае, што, на яго думку, асоба міністра інфармацыі ня можа самастойна штосьці вырашаць. Усё будзе залежаць ад таго, якія пытаньні перад новым міністрам будуць ставіцца.

«Улады спрабуюць супакоіць простых міліцыянтаў»

Супрацоўніца інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова ўсё лета і восень працавала на масавых акцыях. Яе на іх двойчы затрымлівалі — у жніўні (тое затрыманьне скончылася паездкай у шпіталь на «хуткай») і ў кастрычніку. Тацяна кажа, што на практыцы прапанаваныя на пачатку красавіка 2021 году зьмены ў заканадаўства аб СМІ пачалі дзейнічаць яшчэ летам 2020-га.

«Прыраўноўваць журналістаў да грамадзянаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, — гэта няправільна. Журналісты там працуюць. Дазволеная акцыя, недазволеная — гэта праца журналіста: расказваць і паказваць, што адбываецца ў краіне і ў сьвеце. Таму прыраўноўваць журналіста да ўдзельніка акцыі — гэта зусім няправільна. Але такую практыку выкарыстоўвалі і ўвосень, калі журналістаў затрымлівалі на акцыях, а потым судзілі нібыта за ўдзел у іх».

Тацяна кажа, што такімі правіламі ўлады могуць паспрабаваць падагнаць свае дзеяньні да прававога поля, зрабіць затрыманьні і суды над журналістамі законнымі. А зьменамі ў заканадаўстве ўлада спрабуе ня столькі напалохаць журналістаў, колькі супакоіць саміх міліцыянтаў.

«Мне падаецца, што простыя выканаўцы ў праваахоўных органах неяк турбуюцца, бо разумеюць, што не заўсёды дзейнічаюць у рамках закону, — кажа Тацяна. — Такім чынам улады спрабуюць іх супакоіць. Маўляў, вось вам законы, і рабіце, як там напісана. Ім так будзе спакайней самім».

Па словах Каравянковай, зьмены ня змусяць журналістаў цалкам адмовіцца ад працы на масавых акцыях, нават калі гэта будзе пагражаць ім арыштам альбо вялікімі штрафамі.

«Канечне, журналісты працаваць не перастануць, — перакананая Тацяна. — Будзем працаваць хаваючыся, назіраючы за падзеямі з аўтамабіля, з кватэры. Як гэта рабілі ў апошнія месяцы. Прыдумаем нешта. Цяжэй будзе фатографам, апэратарам. Журналістам, якія пішуць, будзе ня так складана ў любым выпадку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG