Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў на масавых акцыях могуць афіцыйна прыраўняць да ўдзельнікаў


Генадзь Давыдзька

Таксама ў праекце прапануюць блякаваць інтэрнэт-рэсурсы за інфармацыю, накіраваную «на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасьці» і матэрыялы, якія могуць «прывесьці да ўзьнікненьня пагроз нацыянальнай бясьпецы».

Рэдакцыя Tut.by атрымала ў распараджэньне праект зьмяненьня «Закону аб СМІ». Згодна зь ім, журналісту могуць забараніць выкарыстоўваць сваё становішча для распаўсюду інфармацыі з мэтай зганьбаваць кагосьці з грамадзян па прыкметах полу, узросту, расавай або нацыянальнай прыналежнасьці, мовы, палітычных перакананьняў, а таксама дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі.

Акрамя гэтага, журналіста могуць пазбавіць акрэдытацыі, калі ён або рэдакцыя парушалі парадак акрэдытацыі, а таксама калі журналіст зьдзейсьніў наўмыснае супрацьпраўнае дзеяньне ў час працы.

Гэтыя пункты прапісаны па аналёгіі з расейскім заканадаўствам аб СМІ.

Забарона на публікацыю вынікаў апытаньняў

Прапануецца ўвесьці абавязак журналіста атрымліваць згоду галоўнага рэдактара на падрыхтоўку інфармацыйных паведамленьняў або матэрыялаў для выкарыстаньня ў іншых СМІ або на інтэрнэт-рэсурсах. Аўтары праекту зьмяненьняў у закон хочуць таксама, каб назва сеткавага выданьня супадала з назвай дамэну інтэрнэт-рэсурсу.

У СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах прапануецца забараніць публікацыю вынікаў апытаньняў грамадзкай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, выбараў прэзыдэнта, дэпутатаў, калі яны праводзіліся без адпаведнай акрэдытацыі.

Да забароненай інфармацыі аднесьлі і гіпэрспасылкі на матэрыялы, якія зьмяшчаюць забароненую да распаўсюду інфармацыю. За перадрук матэрыялаў з парушэньнем умоў распаўсюду, устаноўленых першакрыніцай, нават змогуць выносіць пісьмовае папярэджаньне.

Закрываць СМІ зможа Міністэрства інфармацыі

На дадзены момант канчатковае рашэньне аб закрыцьці мэдыярэсурсу прымае суд. У праекце закону прапануецца дазволіць гэта і Міністэрству інфармацыі. Гэта можа адбыцца за два і болей папярэджаньні СМІ ці яго ўладальніку цягам каляндарнага году.

Падставай для закрыцьця СМІ можа быць і вызначэньне Міжведамаснай камісіі ў бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры пры Радзе бясьпекі Беларусі ў выпадку «пагрозы нацыянальнай бясьпецы».

Пасьля двух і болей патрабаваньняў міністэрства і як найменей двух пісьмовых папярэджаньняў доступ да інтэрнэт-сайту могуць абмежаваць. Таксама на гэта можа паўплываць і Рада бясьпекі.

Таксама прапануецца прадаставіць паўнамоцтвы на ўнясеньне пастаноў аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурса і сеткавага выданьня пастановай Генэральнага пракурора, пракурораў абласьцей і Менску за распаўсюд інфармацыі, «накіраванай на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасьці або заклікі да яе», а таксама інфармацыі, «распаўсюд якой здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».

Абмежаваць доступ могуць на працягу 6 месяцаў пасьля ўзьнікненьня падстаў і ў адносінах да інтэрнэт-рэсурсаў ці сеткавых выданьняў. Раней для сеткавых выданьняў быў тэрмін 3 месяцы.

У праекце закону з 3 да 5 гадоў павялічаны тэрмін забароны на права выступаць у якасьці заснавальніка СМІ фiзычнай асобе пасьля таго, як выпуск выданьня спынілі на ўказаных у законе падставах. Аналягічная забарона і для юрыдычных асоб.

Для інтэрнэт-рэсурсаў, да якіх абмежавалі доступ, прапануюць устанавіць забарону быць заснавальнікам СМІ на працягу 3 гадоў.

Адмяняецца абавязковая ўмова наяўнасьці беларускага грамадзянства для галоўных рэдактараў СМІ.

Адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі ў якасьці СМІ змогуць з-за таго, што назва СМІ супадае або падобная да «ступені зьмяшэньня» з назвай закрытага ўладамі выданьня.

Журналістаў, якія асьвятляюць несанкцыянаваныя акцыі, плянуюць лічыць удзельнікамі акцый

Міністар інфармацыі Ігар Луцкі пакуль адмовіўся камэнтаваць журналістам усё, зьвязанае з праектам зьмяненьняў у «Закон аб СМІ».

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Генадзь Давыдзька ў камэнтары «Смартпресс» заявіў, што ў законе плянуецца аднесьці ўсіх журналістаў, якія асьвятляюць масавую акцыю, да яе ўдзельнікаў. На яго думку, часта акцыі праводзяцца выключна дзеля «карцінкі» ў СМІ. Журналістам, па словах Давыдзькі, «трэба быць ляяльнымі, законапаслухмянымі».

Давыдзька назваў цяперашнюю сытуацыю «вайной» і лічыць, што СМІ — «агнявая кропка, свая або праціўніка».

Варта адзначыць, што журналістаў як у 2020, так і раней нярэдка ўжо адносілі да ўдзельнікаў несанкцыянаваных масавых акцый і прысуджалі ім «суткі». А журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева адбываюць 2-гадовыя турэмныя тэрміны пасьля таго, як іх прызналі вінаватымі ў ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG