Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як законы падганяюць пад злачынствы


10 жніўня карэспандэнтку «Нашай нівы» Натальлю Лубнеўскую параніў у нагу, стрэліўшы гумавай куляй, адзін зь сілавікоў
10 жніўня карэспандэнтку «Нашай нівы» Натальлю Лубнеўскую параніў у нагу, стрэліўшы гумавай куляй, адзін зь сілавікоў

Ня хочаш парушаць закон, але і вяртаньне да этыкі і гуманнасьці — таксама не тваё? Тады проста зьмяні закон.

Такім правілам часам карыстаюцца ўлады ў Беларусі, і цяпер яны зноў прыйшлі па журналістак і журналістаў. Кіраўнік праўладнага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Генадзь Давыдзька заявіў, што журналістаў, якія асьвятляюць несанкцыяваныя акцыі, плянуюць афіцыйна прыраўняць да ўдзельнікаў гэтых акцый.

Добрая навіна, бадай, у тым, што для саміх журналістаў сытуацыя наўрад ці пагоршыцца. Бо нас і раней затрымлівалі на акцыях і абвінавачвалі ва ўдзеле ў іх, калі мы іх толькі асьвятлялі. Кепская — у тым, што маразм узмацняецца. Зрэшты, гэтую навіну таксама можна ўспрымаць як добрую: чым больш у сыстэме абсурду, тым большай колькасьці людзей становіцца відавочнай яе нежыцьцяздольнасьць.

Уладам стала нязручна фабрыкаваць справы супраць журналістак і журналістаў, і яны вырашылі падагнаць закон пад «правапрымяняльную» практыку. Так ужо было з блякаваньнем сайтаў, якое зьявілася на практыцы раней, чым у законах.

Цяпер мы таксама назіраем, як антыэкстрэмісцкае заканадаўства зьмяняюць так, каб штрафы і адміністрацыйныя арышты за бела-чырвоныя сьцягі сталі законнымі. А ў сьвятле апошняга абвастрэньня афіцыйнай варожасьці да Польшчы нам, пэўна, варта чакаць закону аб забароне наведваньня гэтай краіны і вывучэньня польскай мовы.

Я не бяруся прадказваць, які практычны эфэкт на журналісцкую працу будзе мець абноўлены закон аб СМІ, але сам факт а) распрацоўкі закону, які супярэчыць Канстытуцыі і б) узаконьваньня беззаконьня — падаецца мне вельмі цікавым.

Лукашэнку стаў нязручны прававы дэфолт, і ён вырашыў падагнаць заканадаўчую базу пад бясконцыя затрыманьні? Але ж наіўна было б разьлічваць, што новая антыжурналісцкая норма палепшыць ягоны міжнародны імідж і неяк спрасьціць ягоную сытуацыю. Калі перасьлед журналістак і журналістаў за простае выкананьне сваіх абавязкаў стане законным, гэта толькі падвысіць узровень абсурду ў цяперашнім палітычным крызісе.

Відаць, Лукашэнка разважае так: «Яны кажуць, што ў нас парушаюцца законы, дык давайце перапішам гэтыя законы». Тут ён наблізіўся да ідэі Гегеля, што, калі факты не адпавядаюць тэорыі, гэта праблема фактаў.

Але я маю для Лукашэнкі кепскую навіну: яно так не працуе. Міжнародныя арганізацыі і замежныя палітыкі ня стануць ігнараваць перасьлед беларускіх журналістак і журналістаў проста таму, што ў Беларусі выйдзе закон, які супярэчыць Канстытуцыі і Крымінальнаму кодэксу.

На ўсялякі выпадак я нагадаю, што 33-и артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь забараняе цэнзуру і манапалізацыю СМІ, а 198-ы артыкул Крымінальнага кодэксу гучыць наступным чынам: «Перашкода ў якой бы там ні было форме законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста альбо прымус яго да распаўсюджваньня або адмовы ад распаўсюджваньня інфармацыі, учыненыя з прымяненьнем гвалту або з пагрозай яго прымяненьня, зьнішчэньнем або пашкоджаньнем маёмасьці, ушчамленьнем правоў і законных інтарэсаў журналіста, караюцца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін».

І не, абноўлены закон аб СМІ не адменіць канстытуцыйную забарону цэнзуры. І Лукашэнку ён таксама не дапаможа.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG